Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя беларускія аб’яднаньні ў Эўропе


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Віталь Воранаў, Зьміцер Піменаў, Вадзім Кабанчук (Бэльгія), Андрэй Рубцоў (Гішпанія).

Сучасная хваля палітычнай і эканамічнай эміграцыі зь Беларусі ня толькі папаўняе ўжо дзейныя беларускія асяродкі ў замежжы, але і стварае новыя структуры ў пошуках свайго месца ў беларускім грамадзкім жыцьці на чужыне. Сёньня мы пазнаёмім вас з новымі беларускімі аб’яднаньнямі ў Эўропе.

У Польшчы сёньня дзейнічае бадай што найбольшая колькасьць беларускіх суполак у беларускім замежжы. Нядаўна іх шэрагі папоўніліся яшчэ адной арганізацыяй, якая створаная ў адным з буйнейшых гарадоў краіны – гэта Беларускі культурна-асьветны цэнтар у Познані.

Адзін з арганізатараў Цэнтру Віталь Воранаў нарадзіўся ў Менску, праз паўгоду пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады разам з бацькамі зьехаў у Польшчу.

(Воранаў: ) “Я тут вучуся, скончыў агульна-адукацыйны ліцэй з міжнароднай матурай, буду вывучаць права і псыхалёгію адначасова ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча”.

Гэты ўнівэрсытэт прывабіў шмат моладзі з Беларусі, таму і ўзьнікла патрэба ў аб’яднаньні.

(Воранаў: ) “Дзесьці год таму паўстала думка аб стварэньні арганізацыі. Аўтарам думкі былі я і мой сябра Яўген Сень з Баранавічаў, студэнт паліталёгіі і ўсходазнаўства. Мы сустрэліся і пачалі размаўляць аб тым, што было б вельмі добра зрабіць такую арганізацыю, каб інфармаваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, паказваць культуру, навучаць беларускай мове. Пачалі дзейнічаць адразу ж пасьля гэтай сустрэчы. Афіцыйную рэгістрацыю атрымалі ў лютым 2003 году”.

Сп. Віталь, акрамя студэнтаў, хто яшчэ ўваходзіць у склад сяброў Цэнтру?

(Воранаў: ) “Палова сяброў – палякі, якія цікавяцца беларускай тэматыкай і хочуць вывучаць мову, хочуць пазнаваць культуру. Бывае, што гэта іх прафэсія, вывучаюць тое, што іх цікавіць”.

Да сяброў Цэнтру далучаюцца і старэйшыя беларусы, якія раней трапілі ў гэты польскі горад, як, напрыклад, сп. Анатоль Маўчун, якога вывезьлі сюды зь Беларусі 40 гадоў таму.

Як ідзе праца Цэнтру, чым канкрэтна займаюцца ягоныя сябры? Кіраўнік Цэнтру сп. Віталь Воранаў распавядае:

(Воранаў: ) “Першае, што мы зладзілі, гэта была вечарына, на якой мы паспрабавалі азнаёміць з фактам паўстаньня нашай арганізацыі, прадстаўлялі там беларускія гурты, музыку “Басовішча”. Арганізацыю сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці мы зладзілі ў Познані. У гэтым годзе мы плянуем рэйд па Беларусі, хочам ехаць на Басовішча”.

Сп. Воранаў згадаў толькі пра некаторыя справы Цэнтру, але зроблена ўжо шмат больш, і пра гэта можна даведацца з інтэрнэт-старонкі Цэнтру, якая пачала дзейнічаць з 13 траўня. Там можна пазнаёміцца са статутам арганізацыі, гісторыяй яе стварэньня, а таксама даведацца пра новыя праекты і пра падзеі з жыцьця беларусаў у Познані, якое выглядае даволі актыўным.

Новая беларуская суполка ў Бэльгіі мае назву Беларуска–Эўрапейскае Задзіночаньне, яна закладзеная ў г. Антвэрпэне. Гісторыя яе стварэньня нечым падобная на тое, што распавядалі нашыя папярэднія суразмоўцы. Ініцыятыва зыходзіла таксама ад двух актыўных беларусаў – але, гэтым разам, палітычных уцекачоў, якія знайшлі адзін аднаго, каб працаваць разам дзеля грамадзкіх патрэбаў.

Паслухаем старшыню Задзіночаньня Зьміцера Піменава:

(Піменаў: ) “Вельмі цяжка мне было знайсьці чалавека, які мог бы са мною пачаць гэту агульную справу. Выпадкова мы сустрэліся ў камісарыяце з Кабанчуком. Кабанчук – добры арганізатар. Мы за гэту справу ўзяліся. Я для гэтага знарок зьмяніў месца пражываньня. Раней я жыў у Бруге. Даведаўся, што ў Антвэрпэне значная колькасьць беларусаў”.

Зьміцер Піменаў і Вадзім Кабанчук мелі вопыт грамадзкай працы ў Беларусі, і на эміграцыі даволі хутка зьдзейсьнілі свой намер. Гаворыць Вадзім Кабанчук.

(Кабанчук: ) “26.05.2003 мы атрымалі дакумэнты аб тым, што зарэгістраваная арганізацыя. Дзякуй бэльгійскаму заканадаўству, тут гэта робіцца проста. Тут такой бюракратыі, як у Беларусі, няма”.

Бэльгія – гэта краіна, дзе традыцыйна пражывае беларуская эміграцыя. Там вучыліся ў Лювэне шмат хто з паваеннай эміграцыі. Гэтае пакаленьне эмігрантаў стварыла Згуртаваньне беларусаў Бэльгіі, якое дзейнічае да сёньня.

Менавіта ў Бэльгію скіравалася і значная частка сучаснай палітычнай эміграцыі з Беларусі. Яны адчынілі ў Антвэрпене “Беларускі цэнтар”, які працуе вельмі актыўна пад кіраўніцтвам Ігара Лазарчука.

У такой сытуацыі якая была патрэба ў стварэньні новай арганізацыі, у чым яе адрозьненьне ад ужо існуючых, ці няма нейкіх супярэчнасьцяў паміж беларускімі суполкамі? На нашыя пытаньні адказвае Вадзім Кабанчук.

(Кабанчук: ) “Мы увесь час падтрымліваем шчыльныя кантакты з Ігарам і ягонай арганізацыяй. “Беларускі цэнтар” – гэта больш такая арганізацыя ўнутрыбэльгійская, нават – антвэрпэнская, большасьць яе сяброў жывуць у Антвэрпэне ці навакольлі. А ў нас ідэя – выйсьці па-за межы Бэльгіі, наладзіць шчыльныя кантакты з дыяспарамі ў іншых краінах Эўропы для каардынацыі сваіх нейкіх агульных дзеяньняў, правядзеньня агульных палітычных акцый. Мы ні ў якім разе не канкурэнты. Усе вечарыны і мерапрыемствы, якія праводзіць “Беларускі цэнтар” мы наведвалі і будзем далей наведваць”.

Зьміцер Піменаў дадаў, што яны вырашылі ўзяць на сябе ролю каардынатараў зь беларусамі ў іншых краінах Эўропы таму, што жывуць менавіта ў Бэльгіі – палітычным цэнтры Эўразьвязу. Ён распавёў таксама і пра іншыя мэты арганізацыі.

(Піменаў: ) “Мы хочам аб’яднаць беларусаў, неабыякавых да становішча ў Беларусі. Таксама, каб дапамагаць беларусам інтэгравацца ў эўрапейскае грамадзтва, магчыма, парадамі, магчыма, маральнай падтрымкай. Але мы б не хацелі гэта рабіць проста дзеля жыцьця ў Бэльгіі, мы хацелі б людзям унесьці надзею на тое, што прыйдзе час і мы павінны вярнуцца ў Беларусь ужо новымі людзьмі, з новым мэнталітэтам, з новымі ведамі. У нас такой мэты няма – застацца ў Бэльгіі і сваю краіну пакінуць сам на сам з такой бядой, якая ў нас там ёсьць. Мы б хацелі, каб нашы дзеці ці мы атрымалі больш-менш эўрапейскую адукацыю і дапамаглі б нашаму народу жыць самастойна, без дыктатара”.

Сп. Піменаў кажа, што на іх арганізацыю ўжо зьвярнулі ўвагу бэльгійскія грамадзкія структуры.

(Піменаў: ) “Шмат прапановаў мы атрымалі па электроннай пошце, таксама праз звычайную пошту. Бэльгійскія аб’яднаньні хацелі б з намі супрацоўнічаць. Пасьля таго, як даведаліся, што мы зарэгістраваныя, нам прапануюць як бы дапамогу”.

У якіх накірунках працуе зараз Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне? Гаворыць Вадзім Кабанчук.

(Кабанчук: ) “Зараз мы праводзім выключна інфармацыйную працу, зь некаторымі беларускімі арганізацыямі ў Эўропе дамовіліся аб інфармацыйным абмене. На сёньняшні дзень мы ўсталявалі кантакты праз Інтэрнэт і па тэлефоне, напэўна, з усімі краінамі Эўропы, дзе аселі беларусы, так што геаграфія самая шырокая. Уся Эўропа, сёньня, пэўна, ужо няма краіны, дзе не было б беларусаў. Апошнім часам пачынаецца шлях да больш шчыльнага згуртаваньня, узьнікненьня нейкіх суполак”.

Падаем кантактны тэлефон Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня ў Бэльгіі: +32 485 326 170.

Новыя беларускія суполкі ў Польшчы і Бэльгіі, пра якія ішла гаворка, істотна дапаўняюць спэктар беларускай прысутнасьці ў гэтых краінах.

А вось у Гішпаніі арганізаванае беларускае жыцьцё толькі пачынаецца. Дакладней было б сказаць – аднаўляецца. У пасьляваены час ў гэтай краіне апынулася частка выгнанцаў з Беларусі. Там у 50-я гады дзейнічала нават Беларускае Радыё, дзе працавала сёньняшняя старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла разам са сваім мужам Янкам Сурвіллам. Менавіта яе прыезд у Гішпанію для сустрэчы з беларусамі ўвосень мінулага году стаўся нагодаю для таго, каб правесьці арганізацыйны сход для стварэньню суполкі. Паслухаем галоўнага ініцыятара гэтай справы Андрэя Рубцова:

(Рубцоў: ) “Ідэя стварыць арганізацыю лунала тут даўно. Мы паспрабавалі сабраць як мага больш беларусаў, каб сустрэцца. Сп. Івонка зьявілася як бы каталізатарам гэтай ідэі.

Сабраліся тут у Мадрыдзе прадстаўнікі з розных правінцый Гішпаніі. Зараз ужо ёсьць таксама кантакты і зь беларусамі ў Партугаліі. Ёсьць зацікаўленасьць, каб быць разам, і гэта ўжо вельмі адметна.

Сярод тых, хто быў на сходзе, былі ня толькі беларусы, але былі і кубінцы, французы, украінцы. Трох чалавек мы ўжо назвалі ганаровымі сябрамі. Гэта людзі, якім Беларусь неабыякавая. Гэтыя людзі вельмі зацікаўленыя, каб справы ў нас пайшлі добра”.

Зараз актывісты суполкі заклапочаныя пашырэньнем колькасьці сяброў.

(Рубцоў: ) “Зараз шукаем больш беларусаў. Яны тут ёсьць, асабліва на ўзьбярэжжы. Гэта людзі, якія прыехалі працаваць. Нейкая частка зь іх калісьці вывучала гішпанскую мову, выпускнікі Інстытуту замежных моваў. Напрыклад, ёсьць частка тых, хто працаваў у радыётэхнічным інстытуце, усякія розныя, жанчыны, якія ў большасьці сваёй тут на нейкіх сэзонных працах. Ёсьць і палітычныя ўцекачы”.

Зацікаўленым слухачам падаем электронны адрас сп. Андрэя Рубцова: roubtsov@yahoo.es

Як зазначыў адзін з нашых сёньняшніх суразмоўцаў – Вадзім Кабанчук з Бэльгіі, у Эўропе амаль ужо няма краінаў, дзе не было б беларусаў. Але ня ўсюды беларуская эміграцыя здолела згуртавацца. Няма беларускіх арганізацыяў у Італіі, Аўстрыі, Грэцыі, Баўгарыі і інш. Калі беларусы, якія жывуць у гэтых краінах, будуць аб’ядноўвацца, мы абавязкова раскажам пра іх дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG