Лінкі ўнівэрсальнага доступу

'Крок да свабоды" Зянона Пазьняка


Віталь Тарас, Прага

Напачатку – слова Зянону Пазьняку:

“Праявы несвабоды я назіраў з самага раньняга дзяцінства – тады, калі пачалася савецкая калектывізацыя. Беларус быў бяспраўны. Расейцы зьдзекваліся з нашых сялянаў, як хацелі. Гэтыя карціны зьдзеку бальшавікоў над людзьмі мне й цяпер стаяць у вачах”.

Заходняя Беларусь была далучаная да БССР увосень 39-га, адразу пасьля нападу гітлераўцаў на Польшчу і пачатку 2-й усясьветнай вайны. Таму поўнамаштабная калектывізацыя ў заходніх раёнах Беларусі прыпала акурат на першыя пасьляваенныя гады.

Бацька Зянона Пазьняка Станіслаў загінуў у шэрагах Чырвонай Арміі ў 44-м.

(на тле песьні “Магутны Божа”)

“Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944-га году ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Кандыдат мастацтвазнаўства.

У 1975-м звольнены з працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру Акадэміі навук. Ад 76-га году працаваў у Інстытуце гісторыі, дзе займаўся архэалёгіяй.

Адкрыў і прымаў непасрэдны ўдзел у дасьледваньні ўрочышча Курапаты – месца масавых расстрэлаў савецкімі ўладамі мірнага насельніцтва ў 30-я – пачатку 40-х гадоў. Адзін зь ініцыятараў стварэньня таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў “Мартыралёг Беларусі”.

Ад 1989-году Пазьняк – старшыня сойму Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”. У 1990-м – 95-м гадах лідэр апазыцыі ў беларускім парлямэнце.

У 1994-м – кандыдат у прэзыдэнты Беларусі. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі і перасьледу з боку ўладаў быў вымушаны пакінуць краіну. У 1996-м годзе атрымаў палітычнае прыстанішча ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Жыве на эміграцыі”.

Адзін з улюбёных заняткаў Зянона Пазьняка ў вольны час – фатаграфія. Але быў пэрыяд за савецкім часам, калі яна станавілася для яго ледзь не адзіным сродкам заробку. У розныя гады яму даводзілася працаваць рабочым сцэны опэрнага тэатру, фатографам, мастаком-афарміцелем. Такой была плата за любоў і цікавасьць Пазьняка да беларушчыны.

“Я непасрэдна сутыкнуўся зь несвабодай ужо тады, калі асэнсоўваў свабоду як сваё і наша агульнае беларускае права, а не як нейкае маё хаценьне. Памятаю, калі я яшчэ вучыўся ў 9-м клясе ў школе, прыйшоў да нас у керзавых ботах дырэктар-расеец і сказаў, што з наступнага дня ён будзе выкладаць гісіторыю па-руску. Дык каб мы яму і адказвалі па-руску.

Тады мы цэлым клясам пастанавілі, што па-руску яму адказваць ня будзем. “Керзач” ставіў нам за гэта ўсім “калы” і “двойкі”. Празь нейкі час я ад імя кляса запатрабаваў, каб ён спыніў свой “экспэрымэнт” і стаў нам выкладаць на нармальнай мове. Ён спасылаўся на Леніна: маўляў, Ленін гаварыў па-руску. Але вы ня Ленін, Аляксей Рыгоравіч! – казалі мы дырэктару. Вось калі да нас прыйдзе Ленін, тады мы й пагаворым.

Празь нейкі час у нас зьявіўся новы настаўнік. І як ні ў чым ні было пачаў весьці заняткі па-беларуску. Гэта была наша інтэлігентная перамога – бяз крыку і шпурляньня “чарнілак” у непрыяцеля.

Мяне гэта ўмацавала тады ў думцы, што толькі той несвабодны, хто не змагаецца за свабоду. Свабода сама не зьяўляецца. За яе трэба змагацца, а потым абараняць”.

У 1969-м годзе Зянон Пазьняк разам з мастаком Лявонам Баразной выступілі на старонках газэты “Правда” ў абарону гістарычнай забудовы вуліцы Няміга ў Менску. Уратаваць старую Нямігу тады не ўдалося, аднак Пазьняк працягваў пасьлядоўна выступаць у абарону помнікаў дойлідзтва і гісторыі Беларусі.

Парадокс, але кандыдацкую дысэртацыю на тэму станаўленьня беларускага нацыянальнага тэатру яму давялося абараняць у 81-м годзе ў Ленінградзе, бо ў Менску такая магчымасьць для Пазьняка была адрэзаная…

(музычная адбіўка)

Пра Зянона Пазьняка – палітыка й чалавека гаворыць Васіль Быкаў:

“Цяпер ужо відавочна, што Зянон Пазьняк валодае якасьцямі, якія ў іншых умовах маглі б скласьці выдатны грунт асобы, у нашых умовах схільны разглядацца бы недахоп. Сучаснае грамадзтва патрабуе ад уласнага лідэра такой маральнасьці, якая мяжуе з амаралізмам: замест празрыстасьці палітыкі аддае перавагу таемнаму махлярству, што апраўдваецца крызысным становішчам эканомікі дый маралі таксама. Дэмагогія зрабілася найпершай вартасьцю палітыка, крытэрыем посьпеху перад электаратам.

Вось таму Зянон Пазьняк не прэзыдэнт і не дэпутат нават. Не зважаючы на яго несумненны трыбунны талент, ён не апусьціўся да дэмагагічнага ўзроўню, ня стаў “чалавекам масы”. Ён, па сутнасьці, занадта высокі для мас. Праблема Пазьняка ў гэтым сэнсе – праблема адэкватнасьці палітыка й грамадзтва.

Так, выдатна разумеючы ўвесь цяжар палітыкі люстрацыі, Пазьняк ня мог адмовіцца ад яе, бо ведаў, што толькі такая палітыка магла паправіць маральнае здароўе амаральнага, згвалтаванага карнікамі грамадзтва. Пазьняк не папуліст – у тым яго хіба, але й вартасьць. Гэта як паглядзець. Нават у адпаведнасьці з нормамі хрысьціянскай маралі тое, несумненна, амбівалентна. Але, па вялкім рахунку, тое можа быць і безадноснай чалавечай каштоўнасьцю.

Зноў жа, шмат тут залежыць ня толькі ад асобы лідэра, якім несумненна застаецца Пазьняк, не зважаючы на ягоную сучасную грамадзкую ролю, але й ад маральнага ўзроўню грамадзтва. А грамадзтва, як вядома, – стыхія зьменлівая. Тое, што сёньня адмаўляецца – заўтра можа быць прынятым, і наадварот.

Мабыць, трэба ўмець ня толькі змагацца, але й чакаць. Пасьпешлівасьць – не рацыянальная якасьць, як і прамаруджваньне. Падобна, час Пазьняка яшчэ не настаў, хоць можа падацца, што ён мінуўся.

Гістарычным гадзіньнікам у гэтай справе ёсьць электарат. Звычайна электарат рэагуе на прымітыўныя ісьціны і практычныя мэты. Нацыянальная ж ідэя для яго, электарату, апынулася празьмерна экзатычнай, малазразумелай. А галоўнае, яна – зрэшты, як і заўжды – запатрабавала пэўных, і немалых, ахвяраў, да якіх электарат, калі не сказаць нацыя, не былі падрыхтаваныя, не зважаючы на тое, што да тых ахвяраў ва ўсёй поўнасьці быў гатовы Зянон Пазьняк. І гэта давала надзею.

Ня кожная нацыя мае такіх лідэраў, хоць, як вядома, лёс іх заўсёды трагічны. Што ж да Беларусі, дык увесь яе гістарычны лёс трагічны. І ў гэтым сэнсе мне бачыцца пэўная адэкватнасьць лёсаў краіны і Зянона Пазьняка”.

На думку Васіля Быкава, гісторыя, аднак, не сказала свайго апошняга слова – у тым ліку і наконт ролі ў ёй Зянона Пазьняка.

У 1993-м артыкул Зянона Пазьняка ў “Народнай газэце” на расейскай мове “О русском империализме и его опасности” ускалыхнуў тагачасную дэмакратычную грамадзкасьць. Публікацыя выклікала яшчэ больш рэзкае, чым дагэтуль, разьмежаваньне паміж прыхільнікамі й праціўнікамі Пазьняка.

Палітыку тагачаснага маскоўскага кіраўніцтва аўтар характарызаваў так:

“Ідэалёгія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, перанятая ў Гітлера: абараняць у сумежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расеі і правы рускіх (успомніце “правы немцаў”, гітлераўскія “аншлюсы” і іншыя зьявы, асуджаныя міжнародным супольніцтвам). Больш за тое, яны зьбіраюцца абараняць правы нават не расейцаў, “а рускамоўных”, гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах. Гэта азначае, што ня будуць прызнаныя ніякае нацыянальна-культурнае адраджэньне і дэмакратыя ў гэтых краінах (бо нацыянальна-культурнае адраджэньне, выхад зь імпэрыі ёсьць працэсы дэмакратычныя). Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сумежных краінаў”.

Нагадаем, гэтыя словы былі напісаныя да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, за два гады да падпісаньня дамовы з Крамлём аб стварэньні супольнасьці Беларусі й Расеі.

Свабоду Зянон Пазьняк вызначае для сябе так:

“Дэфініцыя свабоды ўмяшчаецца ў трох словах: свабода – гэта ёсьць магчымасьць тварыць дабро. Пра свабоду мы гаворым толькі тады, калі існуе такая магчымасьць. Калі такой магчымасьці няма, мы кажам, што няма свабоды.

Калі ж свабода выкарыстоўваецца на зло, яна ператвараецца ў несвабоду. Тады чалавек альбо робіцца нявольнікам сваіх страсьцяў, злых думак і паводзінаў, альбо ў выпадку антысацыяльных дзеяньняў трапляе ў турму і траціць свабоду ў літаральным, фізычным сэнсе. Пры тым нікому не прыходзіць у галаву змагацца за свабоду крымінальнікаў, гвалтаўнікоў ды забойцаў. Наадварот – патрабуюць абмежаваць іхную свабоду.

Істотна зазначыць, што свабода ёсьць маральная катэгорыя. Яе адлюстраваньне ў канкрэтных каштоўнасьцях залежыць ад маралі і ўзроўню культуры грамадзтва. Тым часам, гэта ёсьць катэгорыя аб’ектыўная. Рэлятывісцкі падыход тут памылковы і прыводзіць да зьнішчэньня свабоды. Дадам яшчэ, што ў філязоўскім сэнсе свабода – гэта магчымасць вечнага разьвіцьця да ідэалу”.

Зянон Пазьняк застаецца верны прынцыпам і ідэалам, выкладзеным у згаданым ужо артыкуле “Аб расейскім імпэрыялізме і ягонай небясьпецы.” Што трэба, каб беларускі народ стаў свабодным?

(Пазьняк: ) “Дзеля гэтага трэба ажыцьцявіць тры неабходныя ўмовы.

Першае: ліквідаваць каляніяльную прамаскоўскую ўладу.

Другое: ліквідаваць палітычную і эканамічную залежнасьць ад Расеі.

І трэцяе: стварыць нацыянальнае кіраўніцтва краінай. Беларусяй павінны кіраваць беларускі нацыянальны ўрад, беларускі парлямэнт і беларускі прэзыдэнт. Беларусяй павінны кіраваць беларусы, а не расейцы і не расейская каляніяльная адміністрацыя”.
XS
SM
MD
LG