Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаленства кароваў: наступствы ды ўрокі для чалавецтва.


Віталь Тарас, Прага

Паводле старажытнага міту, Зэўс выкраў прыгажуню Эўропу і пераплыў зь ёй праз мора, на Крыт. Там Эўропа распачала новае жыцьцё. Старадаўнія філёзафы трактавалі гэты сюжэт як пераход чалавецтва ад першабытнага стану да сучаснай эпохі.

Адносна нядаўна ў далёкіх ад цывілізацыі кутках нашай плянэты буяла людажэрства. А ці ёсьць нешта агульнае паміж канібалізмам і шаленствам кароваў, сьмяротна небясьпечным для чалавека? Ці пагражае гэтая хвароба Беларусі? Што такое прыёны? І чым мы рызыкуем, калі ямо біфштэксы?

На гэтыя і іншыя пытаньні – адказ у сёньняшнім выпуску перадачы, падрыхтаванай паводле публікацыяў у замежным друку. У перадачы ўдзельнічае журналіст зь Менску Анатоль Гуляеў.

Сёлета, у Дзень сьвятога Патрыка, які адзначаецца ірляндцамі ва ўсім сьвеце, у самой Ірляндыі ня будзе традыцыйных ўрачыстых парадаў з аркестрамі. Як і ў суседняй Англіі, там зараз не да сьвятаў. Эпідэмія яшчуру паразіла тысячы галоваў буйной рагатай жывёлы ды авечак. Славутая авечка Долі, народжаная шляхам клянаваньня, можа стаць ахвярай эпідэміі таксама, як і яе звычайныя суродзічы.

Прэмьер-міністар Англіі Тоні Блэр заявіў:

“Гэта вельмі непрыемны момант, бо мы проста ня ведаем, якіх маштабаў можа дасягнуць эпідэмія. Мы адсочваем сытуацыю штодня”.

Францыя зьнішчыла 50 тысяч авечак толькі з апасеньня, што яны маглі заразіцца яшчурам.

У праскім аэрапорце ўсе пасажыры з Брытанскіх выспаў дагэтуль мусяць праходзіць адмысловую дэзінфекцыю. Усе гэтыя захады цалкам зразумелыя, улічваючы горркі досьвед распаўсюджаньня шаленства кароваў зь Вялікай Брытаніі ў іншыя краіны.

Мабыць, для Англіі, якая мусіла зьнішчыць увесь статак кароваў ва ўзросьце больш 30-месяцаў, гэта сапраўды нацыянальная трагедыя.

Брытанская газэта Guardian назвала ялавічыну, ня больш ня менш, галоўным сымболем ангельскай культуры, а рамштэкс – свайго роду фецішам старой Англіі.

Словы біфштэкс, а таксама бэкон перайшлі з ангельскай ў іншыя мовы, у тым ліку – беларускую, амаль бязь зьменаў. І вось гэты самы біфштэкс, зь якога мільёны людзей пачынаюць сьнеданьне, вячэру або нават і сьняданак, раптам стаўся сымболем небясьпекі.

“16 гадоў таму на адной з фэрмаў паўднёвай Англіі ў кароваў зьявіліся дзіўныя сымптомы. Яны пачалі хутка губляць вагу, страцілі каардынацыю рухаў і круціліся на адным мейсцы – як тыя каты ў пагоні за ўласным хвастом. Усе жывёлы здохлі праз шэсьць тыдняў.

Праз дзесяць гадоў у Англіі быў зафіксаваны першы выпадак сьмерці чалавека ад шаленства кароваў. Усяго, паводле часопісу Newsweek у Эўропе ад яго памерлі 92 чалавекі. Ахвярамі сталі таксама 200 000 жывёлаў у Брытаніі ды іншых эўрапейскіх краінах”.

А ці пагражае сёньня шаленства кароваў Беларусі, дзе мяса-малочны накірунак сельскай гаспадаркі найбольш добра разьвіты? Вось меркаваньне беларускага журналіста-аграрніка Анатоля Гуляева.

(Гуляеў: ) “Існуе такое меркаваньне, што большую частку мяса й малака ў Беларусі дае дзяржаўны сэктар, буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. На самой справе, гэта ня так. Прыкладна палову мяса й малака ў Беларусі дае прыватны сэктар – тыя самыя прысядзібныя гаспадаркі, на якія шмат часу ніхто не зьвяртаў увагі. І гэта ня гледзячы на тое, што даволі шмат, усё ж, буйных жывёлагадоўчых комплексаў, на якіх утрымліваецца ад 5-і да 108-і тысячаў галоваў буйной рагатай жывёлы.

І тут, дзе ёсьць прамысловая вытворчасьць мяса й малака, зразумела, пагроза існуе. Тым больш, што ўсе кармы для жывёлы на гэтых комплексах не абыходзяцца без дабавак кансэрвантаў. Напрыклад, на комплексах для буйной рагатай жывёлы корм – гэта пераважна сенаж, г. зн., сена, аздобленае кансэрвантамі.

А на комплексах для сьвіньняў у асноўным – камбінаваныя кармы з дабаўкамі, так званымі прэміксамі. Дарэчы, дабавак ня шмат. І не таму, што існуе імкненьне, скажам, атрымліваць экалягічна чыстую прадукцыю, а ў першую чаргу таму, што проста няма грошай. Гэта вельмі дарагая рэч. Прэміксы ў Беларусі амаль не вырабляюць. Іх трэба купляць за мяжой, за валюту. А валюты няма, валюты не хапае нават на тое, каб закупіць збожжа на корм жывёле – на фураж, якога катастрафічна не хапае.

Што тычыцца другой паловы вытворчасьці мяса й малака – прыватнай жывёлы калгасьнікаў, дык тут шаленства кароваў наогул не пагражае і пагражаць ня можа, бо буйную рагатую жывёлу кормяць выключна сенам”.

Кажа Анаталь Гуляеў. Так бы мовіць, не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло.

Дарэчы, хаця ў самой Англіі корм з выкарыстаньнем ялавічыны быў забаронены прыканцы 80-х гадоў, пастаўкі такога корму зь Вялікай Брытаніі ў многія азіяцкія краіны, а таксама ў Расею працягваліся яшчэ амаль дзесяць гадоў.

У ЗША адразу былі прынятыя больш строгія папераджальныя захады, таму там было адзначана ўсяго некалькі выпадкаў захворваньня.

Авечкаводы Англіі яшчэ ў 18-м стагодзьді пачалі заўважаць дзіўную хваробу, якую яны назвалі “скрэпі”. Хворыя авечкі пачынаюць паводзіць сябе запаволена й кульгаць. Праз тры – шэсьць месяцаў іх разьбівае паралік, яны сьлепнуць і гінуць. Аднак, ніколі гэтае захворваньне не перадавалася людзям, нават калі яны ўжывалі ў ежу бараніну.

Амэрыканскі лекар і вірусоляг Карлтан Гайдусек нічога ня ведаў, пра хваробу ангельскіх авечак, калі прыехаў у Новую Гвінею паўвека таму. Аднак, ён выявіў хваробу з падобнымі сымптомамі ў прадстоўнікоў гвінейскага племені Форэ – пераважна сярод жанчынаў і дзяцей. Называлася гэтая хвароба “куру”. Для яе характэрныя трэмар і няпэўнасьць паходкі, страта выразнага маўленьня, шалёны сьмех, і ўрэшце – поўны паралік і сьмерць.

“Гайдусек зьвязаў гэтую хваробу з асаблівасьцямі харчаваньня племені. Калі мужчыны харчаваліся выключна бабамі і пататам (салодкай бульбай), дык жанчынам і дзецям патрэбна больш пратэінаў. З-за гэтага жанчыны пачалі ўжываць у ежу целы памерлых супляменьніц. Як высьветліў лекар, гэта ня тычылася загіблых ад праказы, ці іншых хваробаў, а толькі тых жанчынаў, якія памерлі ад “куру”.

Сувязь паміж “куру” і канібалізмам стала відочнай. Пазьней клінічныя дасьледваньні ахвяраў “куру”, хваробы Кройцвальда-Якабса і авечай хваробы “скрэпі” паказалі, што яны маюць аналягічныя вынікі для мозгу.

Хваробу куру ў Гвінеі ўдалося перамагчы. Гайдусек, які даказаў, што ўсе тры хваробы распаўсюджваюцца і забіваюць падобным чынам, атрымаў Нобелеўскую прэмію”.

У Беларусі, зразумела, праблемы канібалізму няма. Праўда нядаўні выпадак людажэрства ў Менску, пра які паведамляла і радыё Свабода, усхваляваў усё грамадства. Але ж гэтае дзікае здарэньне адбылося ў асяродку цалкам маральна здэградаваных людзей, калі іх так можна назваць.

Для нармальнага беларуса мяса, а тым больш біфштэкс з крывёй ня самая звыклая ежа. Больш традыцыйныя для паўсядзённага беларускага стала – сала ды агурок.

Гаворыць Анатоль Гуляеў:

“Як селянін, так і гараджанін ня так часта бачыць на сваім стале добра прыгатаваную сьвініну ці ялавічыну. Але ж калі казаць – чаму сёньняшні беларус аддае перавагу, дык і розныя дасьледваньні й практыка паказваюць, што беларус аддае перавагу сьвініне. Што тычыцца мяне, то я таксама да пэўнага часу аддаваў перавагу добра прыгатаванай, добра падсмажанай сьвініне і калі магчыма – дык яшчэ і з чаркай. Але зараз мне лекары забараняюць, і таму я вымушаны пераходзіць на ялавічыну, што таксама добра, але, на мой погляд, ня так смачна”.

У Беларусі сапраўды пакуль яшчэ можна сьмела купляць ялавічыну на рынку. Ветэрынарная служба ў Беларусі, якія па ацэнках спецыялістаў, працуе досыць надзейна, дагэтуль ня выявілі выпадкаў шаленства кароваў (ня блытаць са звычайным шаленствам, якое можа перадавацца праз дзікіх жывёлаў).

Але ж нельга і недаацэньваць каварства шаленства кароваў.

“Паводле сучаснай тэорыі, прычынай хваробы зьяўлюцца так званыя прыёны – звычайныя малекулы бялку, якія становяцца небясьпечнымі ў выпадку іх дэфармацыі. Прыёны ўзломваюць імунную сыстэму арганізму, выклікаючы рэзкі скачок тэмпэратуры. Можна замарожваць прыёны, награваць іх, раствараць у фармальдэгідзе ці хляраформе, але ніводная з гэтых мераў не гарантуе іх зьнішчэньня”.

Санітарныя службы краінаў Заходняй Эўропы папярэджваюць:

“Найбольшую небясьпеку нясуць гамбургеры, каўбаса і асабліва – біфштэксы, засмажаныя разам з косткай. Паколькі гэтыя прадукты могуць утрымліваць нэрвовыя валокны, яны могуць утрымліваць і прыёны, што ўтвараюцца пры захворваньні каровіным шаленствам. Філе значна больш бясьпечнае для здароўя.

З касьцей кароваў вырабляюць жэлятын. Аднак, дагэтуль прыёны не былі знойдзеныя ў такога роду прадукцыі.

Не была выяўленая іх прысутнасьць таксама ў сьвініне і ў птушак”.

Эпідэмія выклікала рэзкі рост прыхільнікаў вегетарынства ў Эўропе – напрыклад, у Польшчы. Ідэйныя” вегетарыянцы і абаронцы жывёлаў лічаць, што “шаленства кароваў” ёсьць хваробай сучаснай цывілізацыі, расплатай за ўтылітарны падыход да жывых істотаў, абжорства, пагоню за нажывай. У кожным выпадку, на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя чалавецтва атрымала яшчэ адзін урок: прырода не даруе памылак і высакамернага стаўленьня да яе законаў.

XS
SM
MD
LG