Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ВІНАВАЦЯЦЬ БЕЛАРУСЬ У ПРОДАЖЫ ЗБРОІ ІРАКУ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Злучаныя Штаты вінавацяць Беларусь у продажы зброі Іраку — амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак нядаўна адкрыта выступіў з такімі абвінавачваньнямі на канфэрэнцыі ў Вашынгтоне. Газэта “Іternational Herald Tribune” сёньня цытуе словы амбасадара пра тое, што Аляксандар Лукашэнка прадаваў зброю Іраку і тым самым стаў на няправільны бок у вайне супраць тэрарызму. ЗША таксама сьцьвярджаюць, што ірацкіх вайскоўцаў у Беларусі вучылі карыстацца сыстэмамі супрацьпаветранай абароны. Газэта, аднак, цытуе словы Козака, што падрабязнасьці продажу беларускай зброі ў Багадад мусяць заставацца ў сакрэце, каб абараніць крыніцы і мэтады збору інфармацыі.

Паводле “Іternational Herald Tribune” ранейшыя інспэкцыі ААН паказалі, што Беларусь прадавала Іраку абсталяваньне, якое можна скарыстаць для вырабу кампанэнтаў ракет і высокахуткасных цэнтрыфугаў. Цэнтрыфугі патрэбныя для напрацоўкі ўзбагачанага ўрану, які выкарыстоўваецца ў ядравай зброі. Інспэктары ААН знайшлі такое абсталяваньне ў Іраку ў 1998 годзе. Тады паведамлялася, што ірацкія ўлады карысталіся ім, каб вырабляць лінзы для артылерыйскіх снарадаў.

На сустрэчы ў Багдадзе ў мінулую нядзелю з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Мікалаем Іванчанкам ірацкі лідэр Садам Хусэйн заявіў, што хацеў бы зьняцьця эмбарга ААН на пастаўкі такога абсталяваньня. Ірацкія ўлады кажуць, што не вырабляюць зброю масавага зьнішчэньня, і таму эмбарга ня мае сэнсу. Інспэкцыя ААН, якая працуе ў Іраку цяпер, мае зрабіць свае высновы на гэты конт у наступным месяцы.

Тым часам ірацкая прэсавая служба INA паведаміла, што падчас сустрэчы ў нядзелю Садам Хусэйн паабяцаў Сяргею Іванчанку “вялізнае ўзаемнае супрацоўніцтва” паміж Беларусьсю і Іракам. Беларускія ўлады ўвесь час сьцьвярджаюць, што такое супрацоўніцтва адбываецца толькі ў межах рэзалюцыяў ААН. Аднак Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія з асаблівай заклапочанасьцю назіраюць за ірацкімі кантактамі цяпер, калі яны рыхтуюцца да магчымай вайны супраць Іраку,— піша “Іternational Herald Tribune”.
XS
SM
MD
LG