Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАК МОЖА СТВАРЫЦЬ АТАМНУЮ БОМБУ ЦЯГАМ НЕКАЛЬКІХ МЕСЯЦАЎ


Віталь Тарас, Прага

Азыз сказаў, што ён цалкам абвергне абвінавачаньні Буша пры першай магчымасьці, як толькі яна прадставіцца, у арабскіх і заходніх мэдыях.

Сёньня арабская газэта “Аль Халідж” прыводзіць таксама словы міністра транспарту Іраку Магамада Махдзі Салеха, які гаворыць, што Ірак заатакуе Ізраіль ў выпадку якой-небудзь акцыі пад кіраўніцтвам ЗША супраць Садама Гусэйна. Салех заявіў, што народ Іраку “гатовыя прынесьці сябе ў ахвяру”, абараняючы рэжым Гусэйна.

Між тым, раней на гэтым тыдні Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў у Лёндане выпусьціў справаздачу, зь якой вынікае, што Багдад – у выпадку, калі ён мае дастаковую колькасьць узбагачонага ўрану – можа стварыць атамную бомбу цягам некалькіх месяцаў.

Справаздача абапіраецца на зьвесткі як ваеннай інпэкцыі ААН, гэтак і Міжнароднай агенцыі атамнай энэргіі (МАГАТЭ).

Паводле спэцыялістаў Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, Ірак ужо зараз мае 26 фунтаў (каля 10 кіляграмаў) высокаўзбагачонага ўрану і каля 400 грамаў збройнага плютонію. 10 кіляграмаў – гэта амаль палова тае колькасьці, што патрэбная дзеля вырабу ядзернай бомбы.

Аднак, калі Ірак назапасіць неабходную колькасьць ядзерных матэрыялаў, ён апынецца ўсяго за крок да прамысловага стварэньня ядзернай зброі – таксама, як і Іран ды іншыя краіны рэгіёну.

Супрацоўнік ІСС Дэніс Кормлі сказаў у інтэрвію Радыё Свабода: “Я адчуваю, што Ірак прасунуўся наперад. Прычына, чаму мы вырашылі, што ім засталося некалькі месяцаў, у тым, што канструктарскія работы, зьязаныя з вырабам ядзернай зброі першага пакаленьня, у цэлым завершаныя. Прыблізна пачынаючы з вайны ў Пэрсідзкай затоцы, яны стварылі цягам аднаго-трох гадоў некалькі маленькіх ядзерных прыладаў. І можна дапусьціць, што пры канцы 1990-х яны маглі мець каля 12 ці болей ядзерных зарадаў”.

Паводле ІСС, Ірак мае 12 ракет аль-Нусэйн з радыюсам дзеяньня 650 кілямэтраў, якія могуць паражаць цэлі ў Ізраілі, Турэччыне, Савудаўскай Аравіі, Іране і Кувэйце. Гэтыя ракеты маюць 80 сантымэтраў у дыямэтры і здольныя несьці зарад вагой 500 кіляграмаў.

Дэніс Кормлі паведаміў Радыё Свабода, што адміністрацыя ЗША і ўрад Вялікай Брытаніі выпусьцяць сумесны даклад аб ірацкай ядзернай зброі цягам найбліжэйшых двух месяцаў.

Нагадаем, што прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, выступаючы на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН па праблеме Іраку, галоўны акцэнт зрабіў менавіта на неабходнасьці выключыць саму магчымасьць таго, каб рэжым Садама Гусэйна ўжыў зброю масавага зьнішчэньня: “Па першае, мы можам быць цалкам упэўненыя, што калі Садам Гусэйн – крый Божа ! – мае ядзерную зброю, ён выкарыстае яе. Мы павінны зрабіць для нашых грамадзянаў усё, што ў нашай моцы, каб папярэдзіць такую магчымасьць”.
XS
SM
MD
LG