Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Малышава



Людміле Малышавай 15 гадоў. Яна ёсьць навучэнкай другога курсу Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Людміла – жыхарка пасёлку Мачулішчы Менскага раёну, дзе ў асноўным жывуць сем’і вайскоўцаў. Да Менску на вучобу яна мусіць даяжджаць за некалькі дзясяткаў кілямэтраў штодня. Аднак дзяўчына перакананая, што гэты клопат ёсьць мізэрным ў параўнаньні з тым, які маюць цяпер ліцэісты пасьля закрыцьця іхнай навучальнай установы.

(Малышава: ) “Я прыехала сюды вучыцца таму, што ў нашай адзінай школе ў Мачулішчах усе прадметы выкладаюцца на расейскай мове, а я хачу займацца на сваёй роднай дзяржаўнай беларускай мове ў нашай Беларусі. З-за ліквідацыі нашага ліцэю мы павінныя бегаць па Менску, шукаць нейкія новыя памяшканьні, займацца ў такіх умовах, у якіх, да прыкладу, немагчыма сканцэнтравацца. Але ж мы ліцэісты, нам патрэбна вучыцца. І, нягледзячы ні на што, мы працягваем нашую вучобу менавіта там, дзе мы хочам. Я лічу, што тыя, хто навучаецца зараз у ліцэі, іх бацькі ставяцца да гэтага з разуменьнем, бо такога больш нідзе няма. І насамрэч гэта несправядліва, за гэта трэба змагацца, што мы й робім. Пасьля сканчэньня ж мне трэба падцьвердзіць, што я была сапраўднай ліцэісткай, то бок – паступіць у ВНУ, на тое ж бясплатнае навучаньне. І гэта будзе доказам, што веды, набытыя ў ліцэі, шмат адрозьніваюцца ад ведаў, атрыманых у звычайнай школе ці нават гімназіі. Паступаць я зьбіраюся не ў Беларусі, а дзе-небудзь за мяжой. І гэта будзе яшчэ адным выпрабаваньнем, якое я хачу прайсьці, каб адчуць што для мяне былі гады навучаньня ў ліцэі. Буду жыць у Беларусі, бо ехаць за мяжу вучыцца, падвышаць кваліфікацыю, памнажаць веды добра, каб вярнуцца на бацькаўшчыну, на сваю радзіму – паднімаць, узьнімаць Беларусь на ўзровень тых жа самых эўрапейскіх высокаразьвітых дзяржаваў. Лічу, што кожны беларус марыць убачыць Беларусь незалежнай, вольнай, каб не было сорамна за нейкія падзеі, што тут адбываюцца. Да прыкладу – тое ж самае закрыцьцё нашага ліцэю. Хачу пажадаць, каб маладыя людзі не сустрэліся з такой праблемай, зь якой сустрэліся мы. Каб яны падумалі аб заняпадзе нашай беларускай мовы й што з гэтым проста трэба змагацца”.
XS
SM
MD
LG