Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Асіпенка



Людміла Асіпенка, 20 гадоў. Любіць мастацтва ва ўсіх яго праявах, народную музыку. У захапленьні ад творчасьці Алеся Разанава. Сьпявае ў мужчынскім хоры, бо прырода надзяліла яе прыгожым барытонам. Цяпер вучыцца на факультэце беларускай філялёгіі і культуры Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Мяняе ўжо трэці ўнівэрсытэт.

(Асіпенка: ) “Увогуле, па жыцьці я – вандроўніца. Навучалася ў многіх унівэрсытэтах – у Горадні, ва ўнівэрсытэце імя Максіма Танка, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Гэта проста зьбег абставінаў, так атрымліваецца. Магчыма, натура такая – вандроўная, падарожная. Падарожнічаць люблю, і ўсё.

Трапіла выпадкова, хаця, нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне многіх людзей да ўнівэрсітэту, я задаволеная ім, задаволеная сваёй спэцыяльнасьцю.

Увогуле, жыцьцё – у радасьць, таму што мы маладыя. Увогуле, самае лепшае ў жыцьці – гэта памяць і ўспаміны. А маладосьць – гэта такі час, калі ўсё, усё перад табой, пад нагамі валяецца, толькі ўзяць і рэалізавацца. Таму я проста шчасьлівы чалавек, я лічу! І вось што я трапіла зараз у пэдагагічны ўнівэрсытэт – гэта клясна! Я ня ведаю, магчыма, у наступным годзе будзе іншы нейкі ўнівэрсытэт. Але, зразумела, зьвязаны з культурай, з мастацтвам, з палётам думкі.

Для самаўдасканаленьня не хапае часу. Мала часу, не хапае часу проста катастрафічна. Але для гэтага ёсьць ноч. Ноччу нельга спаць. Я не разумею сваіх прыяцеляў, сяброў, якія ноччу сьпяць. Гэта ж ненармальна. Яны сьпяць 8 гадзін у суткі. Значыць, мы трэцюю частку жыцьця праводзім ў сьне. Гэта жахліва! Гэта не па-філязофску.

Усе імкнуцца да шчасьця, да ідэалу. Ідэал можна параўнаць з конусам, бо ён мае дзьве часткі неабходныя: эліпс, аснова ідэалу, увэрцюра да гармоніі, і трохкутнік, гэта начыненьне ідэалу. Імкненьне ўверх – сымбаль мастацтва, бо ў трохкутніку заўсёды знойдзецца кут і імкненьне да яго. Імкнемся да ідэалу, імкнемся да гармоніі, да самадасканаленьня!

Гармоніі, шчасьця і ідэалу можна і варта дасягнуць. Кожнаму чалавеку. Незалежна ад таго, які ён – пэсыміст ці аптыміст”.
XS
SM
MD
LG