Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына



Кацярына – студэнтка другога курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Вучыцца на факультэце ангельскай мовы са спэцыялізацыяй “Беларуская мова і літаратура”. Вельмі занепакоеная стаўленьнем сваіх аднагрупнікаў да вучобы і наагул да беларушчыны. Таму расповед яе вельмі ўсхваляваны і эмацыйны.

(Кацярына: ) “На жаль, я ўбачыла такую сытуацыю, калі тыя 12 чалавек, якія вучацца побач са мною, яны... Мне не падабаецца наагул іх стаўленьне да Беларусі і да вучобы. Навошта яны прыйшлі ў гэты ўнівэрсытэт і навошта яны абралі гэтую спэцыяльнасьць. Я кажу аб беларускай мове і літаратуры (ня кажучы аб ангельскай мове).

На жаль, склалася так, што гэтая спэцыялізацыя сталася такім асяродкам, куды трапляюць людзі, якія проста баяцца здаваць цяжкі іспыт па ангельскай – аўдыраваньне. Яны пайшлі сюды толькі таму, што на паўбала быў меншы конкурс. Яны прыйшлі сюды не затым, каб атрымаць дадатковую спэцыяльнасьць – мову і літаратуру, а затым, каб праціснуцца ў гэтую ВНУ. І вось калі яны ўжо сталі студэнтамі, калі пачаліся нашыя заняткі, стала цалкам відавочна, што народ вельмі ня любіць роднай мовы і ня мае ніякага жаданьня яе вывучаць далей і рабіць гэта сваёй прафэсіяй.

На сэмінарах, на практычных занятках па мове, па гісторыі Беларусі людзі проста ня маюць жаданьня размаўляць пра гэта, у іх няма ніякага інтарэсу, яны не прымаюць удзелу ў дыскусіях, яны ўвогуле несур’ёзна ставяцца да актуальных праблемаў, перад якімі мы сёньня пастаўленыя. Народ нават ня вядае апошні твор Быкава. Пра што можна далей казаць?

Я лічу, што моладзь мае магчымасьці весьці разнастайнае, цікавае жыцьцё. Пытаньне толькі ў тым, наколькі сам малады чалавек зацікаўлены, наколькі ён мае жаданьне зьмяніць нешта ў сваім жыцьці. Калі ён імкнецца да ўдасканаленьня сябе як асобы, да ўдзелу ў нейкіх грамадзкіх падзеях, да таго, каб нешта зьмяніць у нашым грамадзтве, у нашай краіне, то ён робіць нейкія практычныя спробы гэта зьдзейсьніць. А калі такая сытуацыя, што чалавеку нічога не цікава, то ён нічога ня зробіць.

Што я б зьмяніла асабіста? Я, напэўна, не абрала б гэтую спэцыялізацыю, на якой я вучуся. Я б проста пайшла на факультэт ангельскай мовы і вучыла б літаратуру і мову самастойна, таму што мне няма з кім проста шчыльна, па-сяброўску кантактаваць, бо мае інтарэсы, мой погляд на жыцьцё не стыкоўваюцца з маімі аднагрупнікамі, і мяне гэта вельмі бянтэжыць.

Мне падабаюцца праекты, якія робяць нашыя музыканты – “Крамбамбуля”... Каб разбавіць гэтую шэрасьць нашага жыцьця, каб неяк прыўзьняць жыцьцёвы тонус, часам лепш паслухаць такія вось песенькі, чым паглядзець выпуск навінаў па БТ. Таксама захапляюся я “лазаньнем” па інтэрнеце. Вось там сапраўды можна сустрэць цікавых людзей! Гэта адзіная магчымасьць напаткаць іх выпадкова, вось тую моладзь, якая сапраўды цікавіцца беларускасьцю, якую сапраўды цікавяць сучасныя праблемы.”
XS
SM
MD
LG