Сяргей Ташляковіч – сёлетні выпускнік факультэту інфарматыкі й прыкладной матэматыкі БДУ. Жыве ў горадзе Жодзіна й працуе ў камэрцыйнай інтэрнэт-кампаніі праграмістам. Лічыць добрую адукацыйную базу й высокую прафэсійную падрыхтванасьць асновай жыцьцёвай уладкаванасьці кожнага чалавека й дабрабыту дзяржавы наагул.
(Ташляковіч: ) “Мне падабаецца працаваць з кампутарамі й асабліва цікавы працэс праграмаваньня. А ў будучыні пляную працаваць не на каго-небудзь, а на сябе. Бо найбольш цікавы працэс – гэта плянаваньне сваіх праектаў і іхная рэалізацыя. Таму патрэбная самаадукацыя й мае пляны – падвышаць сваю кваліфікацыю. Калі ёсьць жаданьне знайсьці працу, то ў нашай прафэсіі гэта зрабіць вельмі лёгка. Я, да прыкладу, маю выбар паміж трыма-чатырма працамі адначасна.
Калі чалавек прафэсіянал у сваёй справе, то знайсьці працу не праблема. Але я мару зьехаць у Канаду. Канечне, лепш жыць у Беларусі. Але за мяжой вашу працу ацэньваюць належным чынам, і ў чалавека ёсьць стымул расьці й разьвівацца. У нашай жа краіне мне не падабаецца, што дзяржава не дае вялікай свабоды чалавеку ў ягоным выбары. І многія ня маюць магчымасьці пайсьці працаваць туды, куды яны жадалі бы пайсьці. З-за таго, што ў нашай краіне дрэнная эканоміка, у нас няма добрых прадпрыемстваў. Я думаю гэтую сытуацыю магчыма зьмяніць, калі прадпрыемствы будуць у людзей, якія зацікаўленыя ў іхным разьвіцьці. То бок, прадпрыемствы павінныя быць не дзяржаўнымі, а прыватнымі. Я лічу, што пэрспэктыва за прыватным бізнэсам.
Жыцьцё ў нашай краіне вельмі складанае, і таму шмат людзей часам не заўважаюць побач з сабой іншых і робяць ім дрэнна. Але кожны чалавек перш-наперш павінны паважаць сябе, і таму дрэннае стаўленьне да сябе не павінна сапсаваць ягонае жыцьцё.