Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Швыркін



Дзяніс Швыркін (22 гады), жыве ў Гародні. У гэтым годзе скончыў Беларускі Інстытут Правазнаўства. Працуе ў бацькавай фірме, якая займаецца мабільнай сувязью. Хлопцу пашанцавала з бацькам, з якім яны разам ходзяць на вулічныя канцэрты слухаць улюбёны бацькавы рок-эн-рол. Раней дзяніс працаваў у забароненым нядаўна ўладамі аб’яднаньні “Ратуша”.

(Швыркін: ) “Дагэтуль я працаваў у грамадзкім аб’яднаньні “Ратуша”. Большую частку маёй работы складала праца ў праваабарончым цэнтры, а менавіта ў школе правоў чалавека, праваабарончай прыёмнай. Увогуле праца была зьвязаная з адносінамі паміж людзьмі. Грамадзянам, якія прыходзілі да нас з сваімі праблемамі, зь якімі самі не змаглі дацт рады, мы дапамагалі вырашыць праблему.

Але таксама, што я лічу значна лепшым, мы падказвалі ім шлях да разьвязаньня гэтай праблемы самастойна. Лічу так, бо калі за чалавека нешта робіш і ён бачыць, што атрымалася, гэта, канечне, добра. Але калі чалавеку паказаць, як гэта можна зрабіць, і калі ён гэта зрабіў самастойна, мне здаецца, што павінна быць больш радасьці ад таго, што атрымалася.

Калі я знаходжуся ў офісе і кантактую з нашым кліентамі, гэта вельмі цяжкая праца і вельмі цікавая. Але час ад часу ўзьнікаюць складанасьці. Чаму? Бо ёсьць пэўны тып людзей, якія заўсёды незадаволеныя. Пачынаць трэба з адносінаў да кліента. Калі кліент прыходзіць да вас, і ў вас ёсьць нейкая рэклямная акцыя (я лічу, што так павінна быць у любой установе), але няма павагі да кліента, то, мне здаецца, рэпутацыя установы ці краімы адразу пагаршаецца.

Цяжкае пытаньне—колькі б я хацеў зарабіць? Я хацеў бы не зарабіць, а—зарабляць. Маю на ўвазе, што мяне не цікавіць нейкая канкрэтная сума, як у героя клясычнага савецкага фільму—“Шура, колькі Вам патрэбна для поўнага шчасьця?” У мяне такой сумы няма. Ёсьць нармальныя патрэбы. Мне ня трэба рыбалка на акулу альбо яшчэ нешта, а папросту добрае жыцьцё і штосьці на пэрспэктыву, бо гэта таксама вельмі важна. Чаму? Бо сёньня праца ёсьць, заўтра яе няма. Гэта вельмі добра, калі ёсьць упэўненасць, што яна будзе ўвесь час і будзе лепшая. На жаль, цяпер я не магу быць у гэтым упэўненым, і шмат людзей ня могуць таксама.

Мне падабаецца, калі чалавек заходзіць, асабліва незнаёмы, і адразу відаць, што ён шчыры, ветлівы, адкрыты для іншых. Ён кажа тое, што думае. Мне падабаецца, калі людзі адукаваныя, хаця б папросту культурныя. Ты можаш ня мець вышэйшай адукацыі, але павінен разьбірацца ў элемэнтарных рэчах. Мне здаецца, узровень адукацыі сярод моладзі, на жаль, ніжэйшы, чым я хацеў бы бачыць. І што яшчэ горшае,– што распаўсюджана сярод моладзі, калі адукацыя культурная не адпавядае адукацыі вышэйшай. Я лічу, што чалавек з вышэйшай адукацыяй павінен быць культурным, добра сябе паводзіць, быць ветлівым і адкрытым для іншых”.
XS
SM
MD
LG