Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Козыр



17-гадовая Дар’я Козыр нарадзілася ў Менску, але цяпер разам з бацькамі жыве ў вёсцы Смалявічы Менскага раёну. Вучыцца ў каледжы, дзе паглыблена вывучаюцца замежныя мовы. Яна кажа, што жыцьцё ў вёсцы моцна розьніцца ад жыцьця ў сталіцы й гэта адзін з найадмоўных складнікаў, які пазбаўляе ініцыятывы цяперашнюю моладзь. Гаворыць Даша Козыр.
______________________________________

(Козыр: ) “Гляджу на жыцьцё і, ведаеце, з кожным днём не адчуваеш шчасьця ад гэтага. У вёсцы, дзе мы жывем, такое больш местачковае жыцьцё. У Менску ў мяне шмат сяброў, мы раней жылі ў Менску. У іх іншае жыцьцё, чым ў вёсцы. Памяняць? Памяняць гэта вельмі цяжка, бо няма такой надзеі, што гэта будзе мяняцца да лепшага. Дзяўчаты, мая роўня, разумныя, на выдатна вучацца ў школе. Але, яны кажуць, што ў ВНУ мы не паступім, бо ў нас няма грошай, сувязяў і гэтак далей. Ніхто зь іх ня верыць, што гэта ўсё можна зрабіць самастойна. І таму кажуць, што нам трэба мужа, ці хлопца, які меў бы грошы, выйсьці замуж і пляваць на сваё жыцьцё, на тое, кім я хачу быць.

У вёсцы моладзі ўвогуле няма чаго рабіць: школа, хата, агарод – і ўсё. І няма надзеі, што нешта будзе інакш. І так глядзіш на людзей – яны ўжо нічога ня хочуць. Хочуць толькі пражыць, каб іх ніхто не трывожыў, не чапаў і гэта – самае дрэннае, з таго, што ёсьць. І таму, каб зьмяняць нешта паміж вёскай і горадам – трэба зацікаўліваць моладзь нечым і над гэтым трэба думаць.

Яшчэ ня ведаю, кім я хачу быць. Хачу быць, напэўна, псыхолягам. Мне вельмі цяжка яшчэ вырашыць. У нас чым адрозьніваецца ад Захаду – закончыў школу й адразу трэба вырашыць, кім хочаш быць. Сястра мая жыве ў Амэрыцы й кажа, што ў іх так не вырашаюць. Дзеці яшчэ вучацца ў школе, але ўжо атрымоўваюць шмат інфармацыі, арыентаванай на нейкія прафэсіі й яны лепш ведаюць, кім хочуць быць. Я пажадала бы моладзі, каб не гублялі надзею, каб імкнуліся нешта зьмяніць, зрабіць нешта добрае й ня толькі для сябе, але й для сяброў, для людзей наагул”.
XS
SM
MD
LG