Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Каралёнак



Людміла Каралёнак, 23 гады. Жыве ў Смаргоні. Сябра Асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчынаў. Асьпірантка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Зараз працуе над кандыдацкай дысэртацыяй на тэму “Ангельшчына і Беларусь: эканамічныя, навукова-тэхнічныя і культурніцкія сувязі ў 1970-2003 гадох”.

(Людміла Каралёнак: ) “Новая тэма, ніхто раней не разглядаў, яна цікавая тым, што Вялікабрытанія мае багатую гісторыю сувязяў з намі, і вельмі часта людзі нават ня ведаюць, што ў нас ёсьць вельмі цікавыя сувязі. І я хачу паказаць, што яны ня толькі існуюць, а асабліва ў апошнія гады пасьпяхова разьвіваюцца. Вось чаму я выбрала менавіта гэту тэму.

Акрамя таго, што я пішу дысэртацыю, я яшчэ прадстаўляю і актыўна ўдзельнічаю ў працы Асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын, я міжнародны каардынатар гэтага аб’яднаньня. Мэта нашай арганізацыі - павышэньне статусу жанчынаў у грамадзтве. Мы праводзім шматлікія сэмінары, трэнінгі, іншыя мерапрыемствы, якія даюць інфармацыю жанчынам пра тое, як яны могуць змагацца за свае правы. У нас ёсьць вельмі вялікая праграма, якая называецца “Ля страда”, мэта якой – інфармаваць жанчынаў аб праблеме трафіку, гандлю жанчынамі за мяжу.

Я яшчэ праводжу шматлікія сэмінары для моладзі Смаргоні па грамадзянскай адукаціі, па правах члавека, таму што вельмі часта сутыкаюся, што на ўроках гісторыі ці паліталёгіі не даюць тых ведаў, якія патрэбныя кожнаму грамадзяніну. Вельмі цікава даваць такую інфармацыю. Асабліва, калі бачыш водгук у гэтых маладых людзях. Я думаю, менавіта гэтым я і буду займацца ў бліжэйшыя гады...

Мне здаецца, кожны чалавек павінен быць задаволены сваім жыцьцём. Калі ён не задаволены, яму трэба нешта рабіць, каб зьмяніць гэты стан. А вось толькі охаць і ахаць, што вельмі блага, і нічога для гэтага не рабіць – гэта пусты пэсымізм, які не прыводзіць ні да чога. Я б хацела быць аптымісткай”.
XS
SM
MD
LG