Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Сідлярэвіч



Гарадзенка Алеся Сідлярэвіч сканчае Гарадзенскі ўнівэрсытэт. Вывучае беларуска-польскае і -літоўскае памежжа, удзельнічала ў адмысловых навуковых экспэдыцыях. Ня супраць пабыць за мяжой, але не жадае мыць талеркі або працаваць там афіцыянткай. Жыць хоча толькі ў Беларусі. Будучы студэнткай, працавала ў закрытай цяпер газэце “Пагоня”. Першую нататку напісала пра аматарскі самалёт, які ўпаў у яе роднай вёсцы

(Сідлярэвіч: ) “Зараз у мяне даволі гарачая пара ў жыцьці, таму што працую над дыплёмнай. У мяне ўжо па ёй ёсьць некалькі навуковых артыкулаў у студэнцкіх зборніках, якія выходзілі ў нашым унівэрсытэце. І вось нядаўна выйшаў зборнік “Спадчына” з маім артыкулам пра беларуска-польскую мяжу ў 1944-1950 гады. Я фактычна там разглядаю фармаваньне сучаснай беларускай мяжы.

Я лічу, што гэта найвялікшы мой гонар — усё, што я напрацавала за некалькі гадоў. Я аддала ўсё ў гэты артыкул. Усё, што знайшла ў нашым архіве, свае думкі. Я вельмі за яго перажывала. Можна сказаць, калі так пафасна, што я і душу ў яго ўклала. Яго сёньня чытаюць асьпіранты, кандыдаты навук і — найлепшыя водгукі. Я гэтага нават не чакала. І таму вельмі хочацца напісаць добра дыплёмную. У дыплёмнай я ахопліваю ня толькі пытаньні мяжы, але таксама і рэпатрыяцыю насельніцтва пасьля другой сусьветнай вайны.

Так што гісторыяй мне займацца цікава, і я думаю, што буду паступаць у асьпірантуру. Мне хочацца паспрабаваць у Менск. Таму што я ўжо паварылася трохі ў нашым унівэрсытэце, збольшага ведаю выкладчыкаў. Хочацца нечага большага, хочацца іншага асяродку. Па водгуках гісторыкаў, БДУ, канечне, — гэта зусім іншы інтэлектуальны асяродак, і варта паступаць туды.

Так што такія пляны. Хутчэй за ўсё буду паступаць ў асьпірантуру. Але магчыма на завочнае, таму што ёсьць некалькі прапановаў працы ў журналістыцы. Магчыма, журналістыкай буду зарабляць на жыцьцё. Магчыма, буду спрабаваць паступіць кудысьці за мяжу, у магістратуру. І дзеля гэтага зараз працую над сваёй ангельскай мовай — з дня ў дзень. Пяць гадоў я ва ўнівэрсытэце займалася трошкі палітыкай, працавала. І зараз вельмі шкадую. Трэба было на працягу пяці гадоў займацца мовай. Ну, але вось ўзялася за галаву і спрабую зараз яе вучыць.

А раблю гэта ўсё дзеля таго, што хаця да пятага курсу ўжо давучылася, але фактычна нядаўна зразумела, што перш за ўсё варта атрымаць адукацыю. І пасьля ўжо, калі цябе пакліча Радзіма, працаваць для Радзімы і нешта рабіць. Таму з адукацыяй я змагу значна больш зрабіць для Радзімы, чым безь яе. Пакуль малады, трэба ўсё ж трошкі папрацаваць на сябе. Апошнім часам усё больш упэўніваюся: што чалавек спачатку павінен думаць пра сябе. І калі ён будзе добра думаць пра сябе, то тады іншым ня прыйдзецца думаць пра яго і вырашаць за яго нейкія праблемы. Так што зараз стараюся трошкі працаваць на сябе і дзеля сваёй будучыні. І думаю, што мая будучыня пасьля спалучыцца з будучыняй маёй Радзімы і будзе карысна і для мяне, і для маёй краіны”.
XS
SM
MD
LG