Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Зянько



Уладзімер Зянько. Жыве ў Пінску. Спабуе зарэгістраваць уласную камэрцыйную структуру, плянуе працаваць у сфэры выдавецкай дзейнасьці. Чытае гістарычную прозу беларускіх аўтараў. Як сам выказаўся, час ад часу любіць разбавіць яе раманамі-жахамі Стывэна Кінга.

(Зянько: ) “Сваім прыватным жыцьцём я цалкам задаволены. Я не задаволены тым, што робіцца сёньня ў Беларусі. Гэта палітыка ўлады: вялікія падаткі, цяжкія ўмовы для бізнэсу, шмат кантралюючых органаў, шмат розных нарматыўных актаў, якія супярэчаць адно аднаму. Асабіста для сябе я хацеў бы, каб нашыя ўлады рабілі больш у сфэры прыватнага бізнэсу. Бо менавіта дробны й сярэдні бізнэс – гэта тое, што павінна выцягнуць Беларусь з балота. Пачынаючы ад вэртыкалі і сканчваючы абалвыканкамамі – усё гэта трэба меняць, саму структуру. Не патрэбныя гэтыя вобласьці. Яны практычна залішнія структуры ў нашай, я бы не сказаў, што вялікай, дзяржаве. Узбуйніць раёны – гэта даволі рэальна. І ня трэба тады людзям з правінцыі езьдзіць ў тое ж Берасьце, як для мяне, ці для гамельчукоў – у Гомель. Усё на месцы можна будзе вырашыць цягам некалькіх гадзінаў.

У вырашэньні паўзядзённых задачаў, я мяркую, што шмат будзе залежыць ад мяне, ад маіх ініцыятываў. Менавіта ад гэтага будзе залежыць дабрабыт маёй сям’і. А гэтае сапраўды для мяне вельмі важнае.

На Беларусі можна быць шчасьлівым, і для гэтага неабавязкова мець шмат грошай ці працаваць на добрай працы. Проста трэба запраграмаваць сябе: быць шчасьлівым. І ты будзеш шчасьлівым. Нават пры сёньняшняй уладзе, я ўпэўнены, што можна быць шчасьлівым. Як гэта ні цяжка. Але гэта рэальна і магчыма. Для гэтага трэба займацца ўлюбёнай працай. І верыць. І тады ўсё будзе ў парадку.

Рэцэпт для дасягненьня посьпеху я маю: трэба працаваць. Трэба варушыцца і, безумоўна, можна дасягнуць посьпеху, нават у сёньняшніх рэаліях. Пазьбегнуць памылак – гэта больш складана. І я думаю, што гэта немагчыма. Мне падабаецца як заўсёды казаў мой дзед: “будзь сьмелым, умелым і будзе слава назаўжды”. Вось гэта мой жыцьцёвы дэвіз.

Я казаў пра свайго дзеда. Вось ён і зьяўляецца для мяне маральным аўтарытэтам. Ён у часы савецкага таталітарызму не ўцягнуўся ў савецкае балота. І хоць і жыў у вёсцы, але ў калгасе ніколі не працаваў. Ён яшчэ на пачатку 80-х мне казаў: “унук, сапраўдныя фашысты засталіся паіж намі”. І гэта пры тым, што ён ваяваў і дайшоў да Бэрліну. Я толькі зразумеў пры канцы 80-х, на пачатку 90-х, што ён меў на ўвазе”.
XS
SM
MD
LG