Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Шатуха



Кацярына Шатуха. Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ. Літаратурныя куміры – Андрэ Маруа, Паала Каэлья, Іван Мележ. Гадзінамі можа слухаць НРМ. Кацярыне нядаўна споўнілася 18. Адразу адчула сябе дарослай. Любіць разважаць пра жыцьцё, па-філязофску асэнсоўваць рэчаіснасьць...

(Каця: ) “Мы забаўляемся адзін з адным, быццам бы жадаем даказаць і паказаць, што мы – лепшыя. Калі нараджаемся і робім першыя крокі, калі вымаўляем першыя словы, мы гуляем з пачуцьцямі нашых бацькоў. Мінае некалькі год, і цацкамі становяцца лялькі, зайчаняты... Потым мы гуляем у кнігі, потым – у пачуцьці . Але кожны дзень прымушае пачынаць новую гульню. Гэта цікава, але гэта і жорстка. Бо нездарма яшчэ Шэкспір пісаў: “Жыцьцё – тэатар, а людзі ў ім – акторы”.

...У што ж мы сёньня гуляем? Кахаеш-не кахаеш...Быць прыгожай – добра: саступаюць месца ў транспарце, прапускаюць без чаргі, радуюцца сустрэчы. Дастаткова толькі ўсьміхнуцца. Потым – першыя кветкі, першыя прызнаньні, першы пацалунак. Гэта толькі акты добра інсцэніраванага спэктаклю. Праўда, бываюць і крызысы. Напрыклад, у сяброўстве ці каханьні. Дык вось: каханьне – гэта лепшае для філёзафаў і найгоршае для сьмяротных.

Страхі. Па-мойму, яны суправаджаюць нас усё жыцьцё. У дзяцінстве – страх спаць уначы, застацца адной у кватэры, атрымаць першую ў жыцьці двойку... У юнацтве – прызнацца ў каханьні хлопчыку, які табе падабаецца, не паступіць ва ўнівэрсітэт... Але чым старэйшымі мы становімся, тым больш страхаў авалодвае намі. А раптам... Здаецца, што нашы жаданьні таксама зьяўляюцца страхамі: мы баімся атрымаць тое, што хацелі, таму што перастаем адчуваць радасьць.

Сьмерць. Яна зьяўляецца незалежна ад нас. Шмат хто спрабаваў яе прысьпешыць. Хтосьці баіцца, а хтосьці штодня ступае на лязо нажа...

Хочацца быць вечнай. Але гэта немагчыма. Бо толькі каханьне працягвае нам жыцьцё. Для кагосьці...”
XS
SM
MD
LG