Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Куўшынава



Мянчучцы Вользе Куўшынавай 20 гадоў. Яна сяброўка Маладога Фронту. Захапляецца беларускай фольк і рок-музыкай, любіць паэзію Максіма Багдановіча і раманы Ўладзімера Караткевіча. Але кажа, што не знайшла аднадумцаў у сваёй найбольшай прыхільнасьці да раману Якуба Коласа “На ростанях”. Найгоршым злом лічыць абыякавасьць. Галоўны занятак Вольгі — вучоба ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце тэалёгіі.

(Куўшынава: ) “Чаму я пайшла на такі факультэт — таму што мне падаецца, што ў нас не хапае дзеячоў праваслаўнай царквы, якія былі бы беларускамоўныя. А праваслаўная царква й беларускі народ — яны вартыя таго, каб ім давалі беларускія пераклады Бібліі без праблемаў, каб яны мелі магчымасьць маліцца па-беларуску. Вось такая ў мяне мэта.

Малады Фронт — гэта партыя, напэўна адзіная, кіраўнік якой адкрыта прапагандуе — у найлепшым сэнсе — хрысьціянскія ідэі. Таму Малады Фронт з апазыцыйных партыяў. Чаму з апазыцыйных? Таму што грамадзтва такое. Я хачу размаўляць па-беларуску, хачу мець стасункі з гэткімі ж людзьмі. На жаль, цяпер іх можна сустрэць толькі на нейкіх сходах, альбо гэта сябры партыі.

Таксама хачу рабіць нешта для грамадзтва і для краіны. Больш за ўсё мяне бянтэжыць апатычнасьць, якая існуе ў нашым грамадзтве. Гэта самае страшнае, бо людзі ня злыя, але ў іх на вачах могуць зьбіваць людзей, і яны будуць проста праходзіць спакойна. Калі мы выходзім на акцыю й ведаем, што нас будуць разганяць, што нас будуць саджаць, мы выходзім, каб змагацца вось з гэтай апатычнасьцю, загадзя ведаючы, што ўдзельнікаў будзе няшмат.

Я хачу жыць у сваёй краіне, мець магчымасьць размаўляць па-беларуску. Як чалавек — самарэалізавацца, каб была вось гэтая гармонія паміж тым, што я хачу, і тым, што магу й раблю. На жаль, у нас атрымліваецца зараз так, што людзі нешта жадаюць, але ня робяць гэтага. Я не хачу стаць апатычнай, я не хачу памерці знутры й глядзець на сьвет, як госьць. Бо на Страшным судзе нас спытаюць: а што мы зрабілі ў гэтым жыцьці?

Я бы хацела працаваць у праваслаўнай царкве. Я бы хацела, каб былі дзеці, каб быў муж, каб была трывалая сям’я. Рэалізавацца як чалавек і як жанчына, маці, каб не забывацца на гэта, бо ў нашай краіне гэта можна.

Што бы пажадала? Калі нешта замінае й перашкаджае — змагацца з гэтым. Таму што моладзь самая прагрэсіўная. Яна мусіць зьмяняць грамадзтва — нам у гэтым грамадзтве жыць. Калі цяпер нэгатыўнае стаўленьне да свабоды і ніхто супраць гэтага не выступае, то далей будзе горш”.
XS
SM
MD
LG