Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Білей



Яўген Білей – будучы мастацтвазнаўца. Ён закончыў мастацкую вучэльню імя Глебава, а цяпер студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў. Нарадзіўся й вырас у вёсцы Антонава Верхнядзьвінскага раёну, якая месьціцца на мяжы з Латвіяй. Кажа, што бацькі звыклыя працавітыя вяскоўцы, але ягоны прадзед быў каталіцкім ксяндзом. Родныя Яўгена й цяпер жывуць ў Антонава, а сам ён бывае дома пры кожнай магчымасьці. І не толькі з настальгіі па малой радзіме. Гаворыць Яўген Білей.

(Білей: ) “Амаль кожны месяц даводзіцца езьдзіць дадому, бо нават падвышаная стыпэндыя не дае магчымасьці пражываць у горадзе. Мяне корміць і ўтрымлівае мой бацька, маці, бабуля таксама – яна ўсю пэнсію аддае на мяне. Паступіўшы ў акадэмію, я прыехаў і кажу: ты думаеш, бабуля, гэта мне пяць гадоў акадэміі далі. Не, бабуля, гэта нам далі. Са старэйшым братам мы часта спрачаемся: ён старой закалкі, вайсковец і ён ня хоча быць ізгоем у гэтай краіне, а стваральнікам гэтай краіны. Ён увесь час гэта падкрэсьлівае, і мы часта сварымся. А бацька – ён як селянін – ён больш памяркоўны й кажа, што як араў селянін зямлю, так і будзе – пры любой уладзе. Ён ня верыць нікому.

Там іншы рытм жыцьця, іншы лад. Я яшчэ застаў сапраўдныя купальлі: памятаю, як бабці зьбіраліся, сьпявалі полацкія песьні. І гэта не было для мяне як нешта экзатычнае, нейкі фольк, альбо, як моладзь сучасная ўспрымае Купальле – нібы папуасаў. Гэта было натуральна. А потым, прыехаўшы сюды, я пачуў іншыя сьпевы, і мне яны падаліся сапраўдным фальклёрам, а тыя бабкі, мне падалося, сьпявалі нешта незразумелае. Я нават не адважваўся сваім сябрам распавесьці пра тое, што я чуў. А пасьля я заўважыў, што чым бліжэй да поўначы, тым бліжэй да маіх бабулек і па-іншаму паглядзеў на гэта.

Тое ж самае адбывалася й з мовай беларускай. Там нашая мова гучыць зусім па-іншаму. Наколькі я памятаю бабцю – яна заўсёды казала: кілёмэтар, калюжына. І атрымоўваецца, што яна размаўляла на сапраўднай тарашкевіцы, якая ўжо амаль зьнікла. Памятаю, як яна распавядала пра сваю сям’ю, пра сваё жыцьцё й казала – тата. Я пытаюся – а чаму ты свайго называеш тата, а нашага бацька. А яна кажа – ой, дык мой жа й ёсьць тата, а ваш – бацька. І так яна гэта выракла, што стала зразумела, што тата – гэта нешта больш высокае.

Звычайна ў нас, калі зь вёскі – то табе сьвеціць трактар. Мяне маці, фактычна, так і рыхтавала – усё ішло да трактара. Але прыехаў дзядзька зь Менску, ён тут працаваў перакладчыкам, ён добра ведае гішпанскую мову. Ён паглядзеў на маю ляпніну й сказаў: будзеш паступаць на скульптуру. Калі я паступіў, прыехаўшы сюды, я некаторы час жыў у яго, і мы слухалі Радыё Свабода. Тады чыталі “Сьцяну” Васіля Быкава. Мой дзядзька цяпер у прыгарадах Лімы й я ня ведаю, ці чуе ён нас, але для яго гэта быў бы вялікі сюрпрыз.

Было такое жаданьне давучыцца й праехаць у школу працаваць. Але зь іншага боку – цяпер у жыцьці вельмі шмат розных магчымасьцяў і мне хацелася бы пасьля заканчэньня акадэміі паступіць у асьпірантуру. Я хачу займацца дасьледчай дзейнасьцю й зьвязаць сваё жыцьцё з навукай. Акрамя таго, у нас са старэйшым братам ёсьць такая думка распачаць сваю справу там, на радзіме. Мы хочам зарэгістраваць турыстычную арганізацыю, кшталту, сямейнага падраду й запрашаць замежнікаў, наладжваць паляваньні. У нас ёсьць прырода, ёсьць такія магчымасьці й людзі, якія будуць гэтым займацца.

Што бы я хацеў зьмяніць у сваім жыцьці? Тое, што мая дзяўчына размаўляе на расейскай мове. Я яе прымушаю, але яна ўпіраецца й ня можа размаўляць па-беларуску. Гэта, фактычна, галоўная праблема для мяне. Яшчэ адна ёсьць з прыездам да нас прэзыдэнта. Як мы ведаем, прыехаўшы да мэдыкаў, ён расфармаваў цэлы факультэт. Мы хвалюемся, ці ня стане гэта з намі.

Хочацца сказаць нашым настаўнікам, што вы нашыя лідэры, тыя, на якіх мы раўняемся. І таму ня трэба зьневажаць саміх сябе й дэфармавацца пад ўсё гэта. Такое становішча й вы вымушаныя пад гэтым ціскам яшчэ й працаваць, але, як вы нас самі вучылі, так і рабіце.

Моладзі хацелася бы сказаць, што адракацца ад свайго ня гожа. Для тых хто ня зразумеў, удакладню, што мова, культура – яна сьвятая й яна павінная быць адзінаю, беларускай і тут ня можа быць аніякіх альтэрнатываў. Па-другое – пабольш слухаць Свабоду. І калі вам лянота чытаць творы, дык хоць паслухайце”.
XS
SM
MD
LG