Марыя Крываногава, 23 гады. Нарадзілася ў, Гомелі але па разьмеркаваньні працуе рэдактарам аддзелу сельскай гаспадаркі ў газэце “Ленінскі сцяг” Хойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Марыць вярнуцца жыць і працаваць ў родны горад.
(Крываногава: ) “Я не магу адназначна сказаць, задаволеная я сваім жыцьцём ці не. З аднаго боку, мне ўжо надакучыў змрочны шэры горад, у якім я вымушаная жыць і працаваць. Гэта Хойнікі. Я трапіла сюды, паводле разьмеркаваньня. Хойнікі знаходзяцца ня так далёка ад Чарнобылю. У Хойніках вялікае радыяцыйнае забруджаньне. Мне падаецца, што хайнічане ня ведаюць усіх наступстваў катастрофы на ЧАЭС. І я сапраўды турбуюся за сваё здароўе. Я баюся, што маё працяглае знаходжаньне на забруджанай тэрыторыі можа ў будучыні паўплываць на здароўе маіх дзяцей.
Аднак я не пра што не шкадую, бо тут я атрымала важныя ўрокі — больш цаніць сяброўства й узаемадапамогу.
Наогул я стаю на скрыжаваньні жыцьцёвых дарогаў і адчуваю, што трэба зрабіць нейкі важкі крок. Мне бы хацелася зьмяніць месца працы. Я бы хацела працаваць у такім месцы, дзе б была ўпэўненая, што мае веды й уменьні карысныя людзям.
На маю думку, шчасьлівай у Беларусі можна быць. Усё залежыць ад унутранага стану чалавека. Самае істотнае, каб кожны з нас знайшоў нейкую кропку апоры ў самім сабе. І калі ён будзе жыць у згодзе з сабою, можа быць шчасьлівым у любой краіне. Каб можна было палепшыць эканамічнае становішча ў нашай краіне, дык, мяркую, што шчасьлівых людзей было б болей.
Каб быць пасьпяховым, трэба дакладна вызначыць, што для цябе галоўнае й да чаго ты хочаш імкнуцца. Пасьля, вядома, трэба шмат працаваць. Абавязкова трэба ісьці ў гэты сьвет з дабром. Бо, калі ты ідзеш у гэты сьвет з дабром, лягчэй крочыць па жыцьці.
Кожны чалавек баіцца чагосьці ў жыцьці. Аднак, мне падаецца, ніхто не жадае ў гэтым прызнавацца. Я баюся застацца адна. Мне не хацелася б пражыць аднастайнае шэрае жыцьцё бязь зьменаў.
Перад намі ўвесь час паўстаюць нейкія праблемы. Я імкнуся разабрацца ў іх самастойна й знайсьці выйсьце. Вельмі не люблю зьвяртацца да кагосьці да дапамогай.
Маральнага аўтарытэту ў мяне няма. Можа, таму, што няма ідэальных людзей. Аднак дзесяць запаведзяў Новага Запавету гучаць даволі аўтарытэтна”.