Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Козел



Андрэй Козел, 18 гадоў. Жыхар гораду Фаніпаль Дзяржынскага раёну. У 2001 годзе скончыў Фаніпальскую СШ №2. Моладзевы лідэр і палітык. У траўні 2002 году ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю і адразу стаў вельмі актыўным яе сябром. Старшыня Менскай абласной арганізацыі Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу. У пэрспэктыве зьбіраецца працягваць актыўную палітычную дзейнасьць дзеля дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

(Козел: ) “Мой першапачатковы прыход у палітыку вызначыла сустрэча з такім цікавым чалавекам як Алесь Карніенка. Мяне зацікавіла ягоная моц. У яго сапраўдная чалавечая моц. Звычайныя людзі размаўляюць па-расейску, звычайныя людзі супрацоўнічаюць з уладай, ніколі не канфліктуюць зь ёй.

Мы сустрэліся дзесьці ў сьнежні 2001 году. Некалькі маіх сяброў былі ў групе падтрымкі ў часе прэзыдэнцкай кампаніі. І дзякуючы ім я сустрэўся з Алесем. Затым адбыліся яшчэ цікавыя сустрэчы з кіраўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Менскай вобласьці — гэта Голасаў Пётар Іванавіч і Багдановіч Марына Мартаўна. Пасьля гэтага я ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, стаў яе сябром у Фаніпалі.

Потым, пры канцы траўня атрымалася такая рэч, што быў звычайны канцэрт, які быў разагнаны. Дзесьці трыста чалавек маладых людзей прыйшлі, каб паслухаць добрую музыку. Але іх пагналі. Пагналі як звычайных жывёлаў. А мне гэта вельмі не спадабалася. Для мяне гэта сталася тым скрыжаваньнем, на якім я паставіў “крыж” на ўсім тым, каб піва піць, алькаголь ужываць, размаўляць па-расейску. Адным словам, з таго часу кардынальна зьмянілася маё жыцьцё.

Потым я стварыў Фаніпальскую арганізацыю АГП і моладзевую арганізацыю. Спачатку гэта было 3–5 чалавек. Але на сёньняшні дзень гэта каля 25 чалавек. Гэта людзі, якія неабыякавыя да жыцьця, у якіх таксама быў складаны лёс і які яны зараз спрабуюць перайначыць. Гэта людзі, якія па-іншаму глядзяць на жыцьцё.

Пасьля гэтага адбыўся зьезд Моладзевага сацыяльна-хрысьціянскага саюзу, на якім мяне абралі старшынём Менскай абласной арганізацыі МХСС. Я адразу сутыкнуўся зь вялікімі цяжкасьцямі ў пляне разьвіцьця гэтай арганізацыі. Таму што нідзе не існавала ніякай структуры. Мне давялося ствараць на голым месцы. Зараз у Менскай вобласьці сяброў МХСС больш за 80 чалавек”.
XS
SM
MD
LG