Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Лунёва



Сёньняшняя ўдзельніца перадачы – 20-ці гадовая Наста Лунёва. Яна зь сям’і спартоўцаў, сама ў 14 гадоў стала чэмпіёнкай Беларусі ў лёгкай атлетыцы. Галоўнае захапленьне Насты – беларускі фальклёр. Наста вучыцца на 3-м курсе Ўнівэрсытэту культуры, спэцыяльнасьць – рэжысура фальклёрнага тэатру.

(Лунёва: ) “Я бачу на сёньняшні дзень, сярод маіх аднагодкаў востра ставіцца пытаньне аб фінансавай незалежнасьці, атрыманьні выдатнай адукацыі, аб працы, якая б садзейнічала творчаму раскрыцьцю. І таму моладзь вымушаная зьяжджаць за мяжу. Такім чынам, я губляю і сваіх сяброў.

Колькі гадоў я займалася ў фальклёрным музычным ансамблі, таму мела магчымасьць пабачыць шмат краін. І зрабіла такую выснову, што ўсё ж такі жыць, працаваць, займацца творчасьцю я хацела бы ў Беларусі.

У нашай краіне мала вывучаецца фальклёрны тэатар. Я лічу, што мне пашчасьціла, калі падчас паступленьня быў набор на спэцыялізацыю “рэжысура фальклёрнага тэатру”. У мэтах у мяне – стварыць фальклёрны тэатар і займацца гэтым усё сваё жыцьцё.

Разам з вучобай я працую ў этнашколе. Дзеткі з 1-й да 9-й клясы вывучаюць мастацтва вуснага слова, тэатральны фальклёр, валодаюць музычнымі інструмэнтамі, добра сьпяваюць.

Для кожнага чалавека ў любым узросьце вельмі важна мець захапленьні. Я маю такое захапленьне. Зь пяці год я навучылася граць на цымбалах, навучылася граць на дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне. А ў мэтах у мяне, канечне, авалодаць лірай.

Я адчуваю сябе шчасьлівай, таму што я займаюся сваёй улюбёнай справай”.
XS
SM
MD
LG