Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як супаставіць з Божай любоўю і міласэрнасьцю стыхійныя катаклізмы?


Кастусь Бандарук, Прага

(Бандарук: ) “Лета 2002 году ў многіх краінах запомніцца як адзін з найгоршых пэрыядаў за апошнія дзесяцігодзьдзі і нават стагодзьдзі. У Чэхіі і Празе страты ў выніку паводкі неверагодныя. Для чалавека, далёкага ад рэлігіі, вытлумачэньне простае: катаклізм, як і заўсёды, разбурыў аднолькава і без разбору як гаражы, масты, гэтак і храмы. Аднак перад вернікам, які бачыць зьнішчаны храм, узьнікаюць больш глыбінныя пытаньні. Чаму гэтак адбываецца? Чаму Бог без разбору на ўсіх і ўсё пасылае, ці дапускае такія катаклізмы? Ці не пярэчыць гэта Божай Любові і міласэрнасьці? Чаму Бог не абароніць тых, хто любіць Яго, і тыя месцы, дзе Яго ўслаўляюць? У часе сёлетняй паводкі пацярпелі таксама храмы і могільнікі. Дарэчы, падобныя выпадкі бывалі не раз. У 1999 годзе магутная бура зьнішчыла слаўную катэдру Нотр-Дам, гістарычны кляштар на гары Сэнт-Мішэль і капліцу Сэнт-Шапэль. Што думаюць пра гэта мае сёньняшнія суразмоўцы? Найперш думка каталіцкага тэоляга а. прафэсара Яцэка Салія:”

(Салій: ) “Калі бачым розныя беды: землятрусы, паводкі, то я настойліва раіў бы не сьпяшацца з асуджэньнем Бога. Божы плян ў дачыненьні да нас заўсёды застанецца таямніцай. Трэба больш увагі прысьвячаць таму, каб прадухіляць катаклізмы, якія можна прадухіліць, а калі ўжо гэта немагчымае, то намагацца зьменшыць іх нэгатыўныя вынікі. З пункту погляду Царквы, вельмі важная адпаведная рэакцыя на непазьбежнае зло. Сьвяты Аўгустын пісаў, што “цярпліва, па божаму пераносіць зло – гэта нават важней за добрыя ўчынкі. Бо калі чынім шмат дабра, то і карыстаемся плёнам гэтага дабра. Калі, аднак, цярпліва пераносім зло, гэта ўжо нейкая форма дасьпяваньня да вечнасьці. Па мойму, усё гэта таямніцы, якіх мы поўнасьцю ў гэтым жыцьці не зразумеем. Затое ў будучым жыцьці напэўна будзем усхваляць Бога за тое, што Ён і справядлівы, і міласэрны”.

(Бандарук: ) “А. Яцэк Салій – аўтар шэрагу працаў, у тым ліку пра хрысьціянскае стаўленьне да экалёгіі.

З тым жа пытаньнем: як вернік павінен ставіцца да розных катаклізмаў, няшчасьцяў і пакутаў, я зьвярнуўся таксама да прапаведніка Царквы эвангельскіх Хрысьціянаў Юрася Сьмірнова. Вось што ён адказаў:”

(Сьмірноў: ) “Вернік – таму ён і вернік, бо ён добра ведае, што ўсё стварэньне божае пакутуе з-за граху чалавечага, і выключэньняў тут няма. У Новым Запавеце ёсьць месца, дзе прама сказана: “Усё – тут ужытае грэцкае слова “панта” – пакутуе і чакае збаўленьня”. Ёсьць таксама цікавае месца ў Пасланьні да Каласянаў, калі апостал Павал кажа: “ Бо заўгодна было Богу-Айцу, каб у Ім, у Хрысьце, жыла ўся паўната, і каб празь Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір празь Яго, крывёю Крыжа Ягонага, і зямное, і нябеснае”.

Усё пакутуе, і жывёла, і экалёгія, нежывое стварэньне, і пакутуе, зразумела, чалавек. Мне вельмі падабаецца адказ а. Аляксандра Меня на пытаньне: “Куды глядзіць Бог, калі на зямлі адбываецца Асьвенцым?” Ён адказаў: “Туды і глядзіць”. Бог папярэджваў, што гэтае будзе. Хрыстос у 24 разьдзеле Эвангельля паводле Мацьвея таксама папярэджваў, што будуць землятрусы, войны, паводкі, што ўсё гэта будзе, бо такі гэты сьвет; створаны Богам, але папсаваны грахом. Такім чынам, вернік павінен ставіцца да гэтага як рэаліст. Гэтае было, ёсьць і будзе, пакуль Хрыстос не замірыць з Богам праз Крыж усё жывое і нежывое”.

(Бандарук: ) “Паслухаем яшчэ меркаваньне праваслаўнай верніцы Галіны Каржанеўскай”.

(Каржанеўская: ) “На жаль, прырода для нас бывае ня толькі лагоднай, ласкавай маці, але яна паказвае і характар мачыхі. Так было й будзе. Чалавек у прынцыпе сам добра пастараўся, “ папрацаваў” дзеля таго, каб парушыць балянс у прыродзе, каб небясьпечнымі для яго зрабіліся на толькі горы, мора, акіяны, але і звычайная зямная суша. Тэхнагенныя дзеяньні, ядзерныя выпрабаваньні, касмічныя палёты – гэта, зразумела, зьмяняе клімат і шмат што зрушвае. І ў той час, калі ў Расеі засуха і гараць лясы, заходняя Эўропа ператварылася ў нейкае рысавае поле, залітае вадою. Пра гэта нельга ня думаць”.

(Бандарук: ) “Лічыць Галіна Каржанеўская. Дарэчы, пра тое, што сам чалавек парушыў гармонію у прыродзе, абшырна гаворыцца ў “Асновах Сацыяльнай РПЦ”. Паводле дакумэнту, справа ў тым, што чалавек дрэнна скарыстоўвае сваё права “ панаваць над зямлёю”. З карыстальніка ён ператварыўся ў гаспадара і эксплюататара. Манах-палатын Марк Вітброд нагадвае, што моднае зараз слова “ экалёгія” паходзіць ад грэцкіх слоў “ікос” – дом і “логос” – навука, слова. Людзі зьдзіўляюцца, адкуль гэтулькі анамаліяў у прыродзе, але пасьлядоўна зьнішчаюць свой агульны дом. Яны ня ўлічваюць адвечныя правы натуры, будуюць штучныя рэчышчы, перамяшчаюць азёры, выпальваюць і выкарчоўваюць лясы пад жытло і прамысловыя аб'екты. Умяшаньне чалавека ў прыроду дапушчальнае і санкцыяванае Богам, але яно можа набываць самыя недапушчальныя формы. Земляробства можа ператварыцца ў бяздумнае спусташэньне глебы, гаспадараньне рэсурсамі зямлі і акіянам – у эгаістычную эксплюатацыю. Жывёлагадоўля можа стаць прадукцыяй, лячэньне – рамантаваньнем. Такім чынам, тое, што было дадзенае чалавеку для ягонага дабра, сталася, як гэта адбываецца ў выпадку дынаміту, пагрозай і прыладай злачынства. Бог праз Адкрыцьцё і сваіх прарокаў перасьцерагаў чалавека перад грахом напышлівасьці і прадказваў землятрусы, агонь зь неба, ураганы і патопы. Катаклізмы прыходзілі на людзей вінаватых і невінаватых не па волі Божай, але зь віны чалавека. За правіны аднаго чалавека або групы людзей мусілі плаціць цэлыя пакаленьні. Толькі ці гэта справядліва?”

(Салій: ) “Сьвяты Аўгустын кажа, што калі справядлівых людзей спасьцігае нейкае зло, а грэшнікі ў той час бясьпечныя, то ня думайце, што няма сэнсу служыць Богу. Магчыма, грэшнікі ўжо цяпер атрымліваюць узнагароду за нейкае дабро, якое, магчыма ў іх ёсьць, але Бог рыхтуе ім вечнае пакараньне. Калі, аднак, пабожны чалавек пакутуе, магчыма, гэта нейкая форма пакаяньня. Я асабіста жыву побач з касьцёлам, які ў час Варшаўскага Паўстаньня быў ушчэнт разбураны. Пад яго руінамі тады загінулі каля 2 тысячаў чалавек. У храме быў паўстанчы шпіталь. Апрача таго, у ім хаваліся таксама многія людзі, якія спадзяваліся, што Бог абароніць свой храм. Але храм абваліўся. І што з гэтага вынікае? Нічога, акрамя таго, што чалавек заўсёды павінен давяраць Богу, бо асноўны сэнс нашага існаваньня – вечнае жыцьцё, а ня толькі тое, што нас сустракае тут, на зямлі”.

(Бандарук: ) “У сувязі са зьнішчэньнем храму, пра што гаварыў а. Салій, хачу дадаць, што на сваёй інтэрнэт-старонцы вядомы праваслаўны тэоляг а. Андрэй Кураеў нагадаў падзею чатырохгадовай даўніны. Магутны ўраган сарваў крыжы з купалоў некалькіх праваслаўных храмаў у Маскве, у тым ліку ў старажытным Навадзевічым манастыры і з храму Сьвятога Яна Хрысьціцеля, дзе а. Кураеў служыць, але пакінуў некранутым казіно непадалёку ад храму. Пасьля гэтага ў прэсе зьявіліся здагадкі, што, магчыма, гэта божае пакараньне за прапаганду разбэшчанасьці, праводжаную ў грамадзтве. Аднак а. Кураеў не пагадзіўся з такім тлумачэньнем. Ён нагадаў, што катаклізм пашкодзіў менавіта храмы, а не разьнёс, напрыклад, сэкс-шоп, або склад прэзэрватываў. Прафэсар адзначыў, што гэтую бяду скарысталі ў сваіх прапагандысцкіх мэтах сэктанты. Маўляў, сам Бог разбурае фальшывыя ідалы няправільнай рэлігіі. Ва ўрагане яны ўбачылі саюзьніка ў сваёй барацьбе з Царквою. Аднак, паводле а. Кураева, гэта вельмі пакручастая тэорыя. Ён нагадаў, што ў біблійныя часы ўраган разьбіў ушчэнт карабель, на якім плыў апостал Павал (Дзеі 27), але ці ж гэта значыць, што Богу не падабалася вучэньне Паўла? На думку а. Кураева, хутчэй за ўсё гэткім чынам Бог перасьцерагае нас, што неаднойчы мы больш думаем пра пазалоту купалоў і пышнасьць храмаў, але мала рупімся пра сваю душу, што не званамі трэба прыцягаць людзей да Хрыста, але жывой верай і асабістай сьвятасьцю. Спадар Смірноў, Вашая думка на гэты конт?”

(Сьмірноў: ) “Нядаўна я чытаў у адной з газэтаў такі вось загаловак: “Царква бачыць дрэнны знак у тым, што зваліўся крыж з храму ў Пецярбургу”. Вось а. Кураеў ня бачыць ў гэтым дрэннага знаку. Царква ў забабоны ня верыць. Царква бачыць добры знак менавіта ў тым, што нашыя будынкі, нашыя целы парахнеюць, гінуць. Самая трагічная, можна сказаць, кніга Бібліі – Адкрыцьцё – канчаецца самымі аптымістычнымі словамі “Ёй, гряді, Госпадзе Ісусе”. Таму я думаю, што любыя пакуты, якімі б балючымі яны не былі, Царква і вернікі павінны ўспрымаць аптымістычна. Хрыстос пакутаваў і нам загадаў пакутаваць, бо толькі гэткім шляхам мы ўвойдзем у Царства Нябеснае.

Зноў жа, думаю, мы вернікі, людзі божыя любой канфэсіі, калі мы хрысьціяне, то мы рэалісты. Хрыстос сказаў, што храм божы паўсюды, і апостал Павал дадаў: “храм божы – гэта вы”. Так што для Бога няма месцаў, у якіх Яго няма. Сказана нават: “у пекла пайду, і там Ты”. Бог паўсюды, і таму Ён не пашкадаваў дарагога Яму ерузалімскага храму, не пашкадаваў храму Цела Хрыстовага. Ён не шкадуе і тых месцаў, у якіх зьбіраюцца тыя, якія любяць Яго. Няма ў грэшным сьвеце нічога недатыкальнага. Мы, вернікі, павінны памятаць словы Гёба, які казаў: “Хіба ж будзем прымаць ад Бога толькі добрае, а благога – не”. Як сказана ў Новым Запавеце, “усё верніку на дабро”. І трагедыі, якія зразумела, ня ёсьць радасьцю, усё ж мы павінны прымаць ад Бога, нават не разумеючы, дзеля чаго, у кожным канкрэтным выпадку, яны нам пасланыя”.

(Бандарук: ) “Шмат хто задаецца пытаньнем: а чаму катаклізмы і няшчасьці спасьцігаюць цалкам нявінных істотаў, дзяцей, жывёлаў. У часе нядаўняй паводкі чэскае грамадзтва моцна хвалявалася за лёс слана, якога чамусьці прыйшлося застрэліць. Ці гэта не пярэчыць паняцьцю Божай Любові і Міласэрнасьці? Вашае меркаваньне, спадар Сьмірноў”.

(Сьмірноў: ) “Канечне ж, не. Гэта пацьвярджае божую любоў і міласэрнасьць. Усе трагедыі, землятрусы і войны Бог дапусьціў менавіта з-за сваёй любові. Бог усур’ёз ставіцца да сьвету, да нас усіх, бо жыцьцё ўсур’ёз, сьмерць усур’ёз, і вера – гэта ня жарты, бо вера – гэта шлях да сапраўднага жыцьця. Бог ведае, што такое пакуты, Хрыстос ведае, што такое Крыж, што такое сьмерць, і таму Ён плача гледзячы на пакуты сьвету. Але тыя, хто паверыць – Ён ведае аб гэтым дакладна – пяройдуць ад сьмерці праз Крыж у жыцьцё, і там Ён прымірыць ўсё зямное і нябеснае”.

(Банадарук: ) “Дзякуй Юрасю Сьмірнову, і ўжо на заканчэньне адказ на гэтае ж пытаньне Галіны Каржанеўскай”.

(Каржанеўская: ) “Я ня думаю, што пярэчыць. Бог ня жорсткі, Ён усялюбны. Бывае, што паводка нішчыць ўсё нажытае дабро, спрычыняе вялікі псыхалягічны стрэс, а бывае і ціхі катаклізм, калі ілам пакрываецца чалавечая душа. А Бог бачыць нашыя душы. Ён бачыць і нашыя ўчынкі і матывы. Беды не заўсёды на шкоду людзям. Зразумела, і пакінутых жывёлаў шкада. Але, усё такі, я лічу, што пакуты толькі на карысьць душы. Вось такая мая думка. На заканчэньне я хачу прачытаць свой верш, які выказвае мае думкі і пачуцьці на гэтую тэму:

“Пакуль грахі ня выгараць да тла,
Палаць агню і звыкла пахнуць серы,
Што чалавек бяз людзкасьці і веры,
Бязь зерня колас, лямпа безь сьвятла.
Задуманы няблага празь вякі,
Расчараваў Тварца неверагодна,
Гатовы павярнуць куды заўгодна
І ўзяць падачку з бруднае рукі.
Да прорвы ідучы за крокам крок,
Грашыць самазабыўна і заўзята,
Не адчуваючы, што пячэ ў пяты.
Ён для сябе самога не прарок,
А ўжо для іншых – што тут гаварыць,
Шкадуй, ці бойся – ён і не прыкмеціць,
Прадасьць каханьне, вырадка прывесіць,
І ад сівухі да суду згарыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG