Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чаго складаюцца рэйтынгі палітыкаў?


Юры Дракахруст, Прага

Паводле апошняга апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў з канца мінулага году рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зноў крыху вырас, склаўшы 41% гатовых галасаваць за яго як за прэзыдэнта краіны. Пра прычыны гэтага росту гаворыць намесьнік дырэктара інстытуту Ўладзімер Дорахаў.

(Дорахаў: ) “Гэта можна патлумачыць шэрагам чыньнікаў. Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно, фактычна, распачаў агрэсіўную перадвыбарчую кампанію. З канца мінулага году афіцыйныя мэдыі актыўна прапагандуюць сярод электарату абяцаньне свайго шэфа давесьці да выбараў сярэднямесячны заробак па краіне да ста даляраў. Са студзеня падвышаны заробак нізкааплочваемым бюджэтнікам, з сакавіка падвышаныя заробкі й тарыфныя стаўкі ўсім супрацоўнікам бюджэтнай сфэры, таксама ў сакавіку на 15% павялічаныя пэнсіі”.

Гэта быў палітоляг Уладзімер Дорахаў.

Такім чынам, грошы і раней назапашваліся, і зараз ліхаманкава зьбіраюцца ўладаю нездарма – насельніцтва чакае кароткатэрміновы, але шчодры “залаты дождж”. Але наколькі гэтыя хітрыкі здольныя кардынальна вызначыць лёс выбараў? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе кіраўнік цэнтру сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Давід Ротман.

(Ротман: ) “Існуе думка, што ў грамадзтвах, у якіх адбываецца трансфармацыя, сродкі палітычнай маніпуляцыі ўсемагутныя. Гэта не зусім так. Падобныя акцыі ажыцьцяўляюцца ва ўсіх краінах, і маюць пэўную эфэктыўнасьць нават ў краінах са сфармаванаю палітычнай культурай. Напрыклад, зьніжэньне ўрадам ці парлямэнтам падаткаў, падвышэньне заробку, зразумела, можа ў пэўнай ступені прывесьці да падвышэньня рэйтынгу палітыка – ініцыятара гэтых захадаў. Але я недарэмна сказаў – “у пэўнай ступені”. Асабліва гэтая ступень невялікая, калі такія даброты робяцца адмыслова напярэдадні выбараў. І тут няма нейкай асаблівасьці трансфармацыйных краінаў”.

Гэта быў прафэсар Давід Ротман.

Сапраўды, перадвыбарчыя падачакі – сродак усё ж абмежаванага дзеяньня, напрыклад, цяперашняму вязьню бялградзкай турмы, былому прэзыдэнту Югаславіі Мілошавічу гэта падчас леташніх выбараў ня надта дапамагло.

Як тое ня дзіўна, больш моцныя сродкі падтрыманьня і падвышэньня рэйтынгу – гэта сродкі нематэрыяльныя.

Даволі часта прычынаю росту папулярнасьці таго ці іншага палітыка робіцца “гучны” ўчынак. Варта прыгадаць, як Ельцын стаў народным кумірам пасьля свайго выступу з выкрыцьцём прывілеяў партнамэнклятуры, Пазьняк – пасьля артыкулу пра Курапаты, Лукашэнка – пасьля антыкарупцыйнага дакладу, Пуцін – пачаўшы другую чачэнскую вайну. Учынкі гэтыя паводле зьместу розныя, нават супрацьлеглыя, але кожны зь іх закранаў нейкую струну народнай душы.

Адсутнасьць учынку есць сур’ёзная праблема для палітыка. Калі шараговы выбаршчык задае яму пытаньне: “А што ты зрабіў?”, выбаршчыка часьцей за ўсё цікавіць ня колькасьць законаў, прапанаваных палітыкам у парлямэнце, ня колькасьць арганізаваных ім мітынгаў, і нават ня колькасьць школаў, пабудаваных у акрузе, а менавіта “метка” – ўчынак.

Цікава, што потым дзеяньні палітыка могуць нават супярэчыць гэтаму пачатковаму ўчынку, але цень яго ўсё роўна застаецца, учынак робіцца “візытоўкаю”: “А гэта той, які…”. Ізноў гаворыць прафэсар Ротман.

(Ротман: ) “Вынікі вымярэньня рэйтынгу ў значнай ступені абумоўленыя дзейнасьцю палітыка, яе ацэнкаю з боку рэспандэнтаў. Але пэўную ролю тут адыгрывае таксама вобраз, імідж палітыка, як ён успрымаецца грамадзкаю думкаю. Гэтыя два моманты, зразумела, не зусім незалежныя: у рэшце рэшт вобраз фармуецца праз дзейнасьць, праз учынкі. Хаця часам узьнікае сытуацыя, калі раней сфармаваны вобраз можа быць больш моцным, больш значным фактарам, чым бягучая дзейнасьць. Нейкія няўдачы палітыка тады кампэнсуюцца вобразам. Вядомы мэханізм такой кампэнсацыі – меркаваньне грамадзкай думкі: “Яму перашкаджаюць”.

Гаварыў прафэсар Ротман.

Часам кажуць, што палітычнае спаборніцтва падчас выбараў ідзе за палітычную “сярэдзіну”, за “балота” – кожны кандыдат мае кола сваіх перакананых прыхільнікаў, але перамогі ён дасягне толькі тады, калі перацягне на свой бок тых, хто вагаецца.

Гэта ў прынцыпе так, але варта зрабіць удакладненьне пра прыроду палітычнай сярэдзіны. Ільвіная доля тых, хто яе складае, ня тое, што прытрымліваюцца памяркоўных поглядаў і таму не сьпяшаюцца рабіць выбар, а проста ня маюць ніякіх палітычных меркаваньняў, і не цікавяцца палітыкай. Нейкія ўяўленьні пра палітыку ў іх, безумоўна, ёсьць, але вельмі павярхоўныя і няпэўныя. Палітычную карціну жыцьця краіны яны ўяўляюць у вельмі грубых контурах і яркіх, без паўтаноў, колерах.

Падчас мінулай кампаніі выбараў у “палату прадстаўнікоў” зборшчыкі подпісаў у падтрымку аднаго зь незалежных кандыдатаў пачулі ад аднаго менчука геніяльны адказ на прапанову паставіць свой подпіс. “Вы “Курск” патапілі, а зараз маеце нахабства подпісы зьбіраць”, – сказаў ён.

І гэта ня нейкі дзікун, а звычайны беларус, які пра палітыку прыгадвае толькі падчас звыклай працэдуры галасаваньня. Дарэчы, паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, праведзеных у Беларусі ў розныя гады, прыкладна кожны пяты з тых, хто ўдзельнічаў у галасаваньнях, рабіў свой выбар непасрэдна на выбарчым участку.

Такія людзі адрозьніваюць на палітычным полі толькі ўладу і тых, хто супраць яе. Больш тонкія адрозьненьні яны могуць адчуць, убачыўшы на тым ці іншым баку ці паміж імі надзвычай яркую асобу. Яны наогул успрымаюць палітыку пэрсаналізавана, праз людзей, праз асобаў. І таму, дарэчы, калі на адным з бакоў палітычнага поля, якія яны неяк здольныя адрозьніваць, яны бачаць мільгаценьне постацяў, то губляюць да гэтага боку ўсялякі інтарэс. Ізноў гаворыць Уладзімер Дорахаў.

(Дорахаў: ) “Больш за палову выбаршчыкаў ня хочуць паўторнага абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам краіны. 55% апытаных кажуць, што падтрымалі б таго кандыдата, праграма якога прадугледжвае кардынальныя зьмены цяперашняй палітыкі ўлады, кожныя трое з чатырох гатовыя галасаваць за кандыдата, які паставіць сілавыя структуры і праваахоўныя ворганы пад кантроль грамадзтва, нарэшце, амаль 60% сьхільныя галасаваць за таго, хто паабяцае рынкавыя рэформы замест цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу.
Але, як тое ня дзіўна, частка з гэтых людзей, якія не ўхваляюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, гатовыя тым ня менш за яго галасаваць. Прычына гэтага парадоксу палягае ў тым, што значную частку яго прыхільнікаў прыцягваюць да Лукашэнкі ня плён яго палітыкі, а яго якасьці, як асобы, ці, дакладней кажучы, створаны ім вобраз. Магчыма, пэўную ролю тут адыгрывае зараз ўжо зусім міталягічны вобраз “змагара з карупцыяй”, які дапамог Лукашэнку выйграць папярэднія выбары”.

Мяркуе Ўладзімер Дорахаў.

Значная частка людзей, калі ня большасьць, робіць свой палітычны выбар на падставе маральных ацэнак. Даволі няшмат людзей разважаюць так: мне не падабаецца гэты кандыдат, але падабаюцца ягоныя погляды, таму я буду за яго галасаваць. І гэта ня ёсьць нейкая асаблівасьць менавіта беларусаў.

У свой час у Францыі праводзілі цікавае апытаньне. На пытаньне “Ці мусіць Францыя дапамагаць бедным краінам?” неяк – станоўча ці адмоўна – адказвалі каля 90% апытаных. Але на пытаньне “Ці мусіць Францыя дапамагаць краінам, якія будуюць дэмакратыю?” колькасьць тых, хто не даваў аніякага адказу, складала каля чвэрці апытаных, асабліва шмат адмоваў ад адказу было сярод жанчынаў. Першае пытаньне можна перавесьці на мову маралі – ці трэба дапамагаць бедным, адказ на другое пытаньне патрабаваў уласна палітычнай кампэтэнцыі, якой шмат людзей проста не валодаюць.

Нават амэрыканскі досьвед паказвае, што палітычны выбар – не арытметычная калькуляцыя: палічыў, пры кім твае даходы будуць большымі, і прагаласаваў. Эканоміка ЗША была на пад’ёме ўсе гады прэзыдэнтства Клінтана і віцэ-прэзыдэнтства Гора, у тым ліку і ў апошні год прэзыдэнцкіх выбараў. А абралі ўсё ж такі Буша. Пры гэтым, паводле меркаваньняў шэрагу назіральнікаў, прыцягальнасьць
вобразу Буша ўмацоўвалася блякласьцю вобразу Гора.

Некалькі год таму ў Югаславіі жартавалі: апірышчы ўлады Мілошавіча – спэцслужбы, мэдыі, сакрэтныя фонды і апазыцыя. Гэты жарт, дарэчы, мае дакладны сацыялягічны сэнс. Ізноў гаворыць прафэсар Давід Ротман.

(Ротман) : “Рэйтынг таго ці іншага палітыка залежыць ад таго, як мяняюцца рэйтынгі іншых палітыкаў краіны. Часам моц, папулярнасьць палітыка абумоўленая слабасьцю, непапулярнасьцю яго канкурэнтаў. Але калі гэтыя канкурэнты здолеюць мабілізаваць на свой бок больш-менш шырокае кола прыхільнікаў, можа пахіснуцца і рэйтынг таго, хто здаецца адзіным і непераможным”.

Гаварыў прафэсар Ротман.

Падаецца, што пераможцам у цяперашняй перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі стане той, хто здолее паказаць сябе больш моцнаю і прывабнаю асобай, выклікаць да сябе найбольшы давер, здолее ўчынкамі прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзкай думкі.

Зразумела, для ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў сур’ёзнаю перашкодаю зьяўляецца адсутнасьць доступу да дзяржаўных мэдыяў. Але беларускае грамадзтва, індустрыялізаванае хутка і фарсіравана, захоўвае каналы камунікацыі, уласьцівыя традыцыйнай вясковай супольнасьці: чуткі, розгалас, прыслухоўваньне да меркаваньня паважаных людзей. Зьвесткі пра ўчынак, ці, кажучы птушынаю моваю паліттэхнолягаў, “інфармацыйныя нагоды”, у такім грамадзтве так ці інакш распаўсюджваюцца – было б чаму распаўсюджвацца.

Тое, што вялікая колькасьць людзей успрымае палітычнае поле ў двух колерах, робіць неабходнасьць адзінага альтэрнатыўнага кандыдата надзвычай пільнаю. На пэўным этапе перадвыбарчай кампаніі нават любы кандыдат у якасьці адзінага лепш, чым плойма добрых і яшчэ лепшых.

Шлях беларусаў у любым выпадку будзе даўгім, але менавіта зараз амбіцыі і непрафэсіяналізм палітыкаў могуць ператварыць яго ў зачараванае кола, прынамсі, на наступныя некалькі гадоў.
XS
SM
MD
LG