Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадак дня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.


Юры Дракахруст, Прага

Тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў няўхільна набліжаецца. Ужо збольшага вызначылася кола магчымых прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду ў дзяржаве. Але пакуль невядомы адказ на дзіўнае, на першы погляд, але даволі важнае пытаньне – пра што будуць выбары, якім будзе іх парадак дня? Інакш кажучы, вакол якіх праблемаў будуць віраваць перадвыбарчыя дэбаты, якія накірункі разьвіцьця краіны будуць увасабляць сабою кандыдаты?

Ужо зараз можна прагназаваць зьяўленьне нечаканасьцяў. Нават такое строгае ў пытаньнях нацыянальнай сьвядомасьці выданьне, як газэта “Наша ніва”, заўважыла, што ў апошніх прамовах Аляксандра Лукашэнкі тэма аб’яднаньня з Расеяй гучыць неяк квола і зусім не зьяўляецца цэнтральнаю. Якія ж тэмы стануць галоўнымі падчас перадвыбарчай кампаніі?

На пытаньне, якія праблемы найбольш хвалююць менчукоў, адказвае намесьнік дырэктара Менскага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў прафэсар Анатоль Рубанаў.

(Рубанаў: ) “Хвалююць іх перш за ўсё высокія цэны і нізкія заробкі, гэта тое, што хвалюе зараз абсалютную большасьць людзей і ў Беларусі, і (як я мяркую) на ўсёй постсавецкай прасторы. Занепакоенасьць гэтымі дзвюма прабламамі істотна пераважае ўсё астатняе. Высокія цэны і нізкія заробкі хвалююць ад 60% да 70% апытаных. Беспрацоў’е хвалюе 11% менчукоў, своечасовая выплата заробкаў – каля 10%. Што тычыцца праблемы захаваньня правоў чалавека, то гэта непакоіць ад 20% да 30% менчукоў. Калі казаць пра пэўныя сацыяльныя групы, то правы чалавека ў большай ступені хвалююць нашую моладзь і прадпрымальнікаў. 35-37% жыхароў сталіцы адзначаюць, што іх непакоіць карупцыя, але падаецца , што зараз для грамадзкай сьвядомасьці гэтая праблема часткова страціла актуальнасьць”.

Гаварыў сацыёляг Анатоль Рубанаў.

Такім чынам нават для жыхароў сталіцы, па вызначэньні найбольш палітызаваных, эканамічныя праблемы паводле свайго значэньня пераважаюць усе астатнія. Аднак ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані на Ўкраіне за апошнія 10 гадоў самі па сабе эканамічныя праблемы не былі вузлавымі тэмамі перадвыбарчых спрэчак. Тое, што жыцьцё – ня мёд, усе разумеюць і прызнаюць, гэта – слабое месца ўладнага кандыдата, які напярэдадні выбараў спрабуе абрынуць на выбаршчыкаў вал падачак, які спыняецца адразу ж пасьля выбараў. Але ні ў воднай з трох краінаў падчас выбараў не было канкурэнцыі праграмаў эканамічных пераўтварэньняў, эканамічных поглядаў. Пра тэматыку трох прэзыдэнцкіх кампаніяў на Ўкраіне нагадвае супрацоўнік кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Аляксей Талпыга.

(Талпыга: ) “Размова ішла пра выбар заходняй ці ўсходняй арыентацыі, арыентавацца нам на Эўропу ці на Расею, эканамічныя пытаньні былі хутчэй “дымавай заслонай”. Людзі вызначаліся на эмацыйным узроўні: мы будзем сябраваць з Захадам ці з Расеяй. Эканамічныя прапановы падчас выбараў зьвязваліся з вызначэньнем паводле гэтага галоўнага пытаньня: ці неабходна нам разьвіваць эканамічныя стасункі з Расеяй, ці наадворот – быць падалей ад Расеі і сябраваць з Захадам. На Ўкраіне тое ж самае, што і ў Беларусі. Паводле сацыялягічных апытаньняў, людзей найбольш хвалюе цяжкое матэрыяльнае становішча, заробак, рост злачыннасьці. Але падчас выбараў гэтыя пытаньні не зьяўляюцца галоўнымі. Ніхто ж з кандыдатаў не выступае за тое, каб павялічыць злачыннасьць ці зьменшыць заробак. Усе кандыдаты па гэтых пытаньнях гавораць прыкладна адное і тое ж, асабліва падчас выбараў. А вось арыентацыя на Ўсход ці на Захад – у гэтых пытаньнях кандыдаты адрозьніваюцца, так прынамсі мяркуюць выбаршчыкі”.

Гаварыў украінскі палітоляг Аляксей Талпыга.

Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША кароткія, на ўзроўні лёзунгу, улёткі ў падтрымку кандыдатаў гучалі так: “Буш – менш ураду”. Менш ураду, значыць, менш падаткаў, больш эканамічнай свабоды, але і менш клопату дзяржавы пра тых, хто жыве кепска.
Камусьці гэта падабалася, камусьці не, але падзяляла амэрыканскіх выбаршчыкаў менавіта стаўленьне да дзьвюх альтэрнатыўных эканамічных стратэгіяў, якія ўвасаблялі Буш і Гор.

А пра што, прыгадаем, вяліся дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Лукашэнкам і Кебічам у 1994 годзе? Лукашэнка абяцаў: “Запушчу заводы”. “Як?” – пытаў Кебіч. “Я ведаю як,” – адказваў “народны кандыдат”. Здавалася, што адказ на гэтае пытаньне толькі Вячаслава Кебіча і цікавіў. Але нельга сказаць, што тагачасная перадвыбарчая кампанія была проста конкурсам прыгажосьці. Ня будзе ім і прэзыдэнцкая кампанія сёлета.

Праблемнае поле выбараў ня ёсьць нешта, што аўтаматычна вызначана колам праблемаў, якія насамрэч ёсьць прадметам першачарговага грамадзкага клопату. “Парадак дня” выбараў можна фармаваць: для гэтага існуюць і грубыя, і больш вытанчаныя мэтады. У якасьці прыкладу грубых мэтадаў можна прыгадаць парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў 1995 годзе, якія былі спалучаныя з рэфэрэндумам пра мову і інтэграцыю з Расеяй. І самыя выбары ператварыліся ў рэфэрэндум, пры гэтым грамадзкая думка атаясаміла апазыцыю з адмоўнымі адказамі на пытаньні рэфэрэндуму. Вынікі гэтага канструяваньня вядомыя – усе дэпутаты, абраныя 14 траўня 1995 году, належалі да кампартыі, аграрнай партыі ці да “партыі ўлады”.

Што цікава: увосень, падчас паўторных выбараў, калі фактар рэфэрэндуму адсутнічаў, перавагі левых ужо наагул не было – усе дэпутаты ад дэмакратычных партыяў былі абраныя менавіта падчас давыбараў.

Куды больш вытанчанай была стратэгія канструяваньня праблемнага поля падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі у 1996 годзе. Пры дапамозе мэдыяў і сродкаў палітычнай рэклямы выбары таксама былі ператвораныя ў рэфэрэндум пра вяртаньне камунізму. Паводле розных пунктаў гледжаньня Зюганаў быў нічым ня горшы за Ельцына, ды і вынікі ельцынаўскіх эканамічных рэформаў, мякка кажучы, далёка ня ўсім прынесьлі задавальненьне. Але калі Зюганаў – гэта вяртаньне ў Гулаг, а Ельцын – гарантыя ад гэтага вяртаньня, то тут ужо большасьць расейцаў, пры ўсіх іх прымхах і забабонах, прагаласавала за тое, каб у Гулаг не вяртацца. Потым, дарэчы, расейскі досьвед канструяваньня праблемнага поля выбараў быў скарыстаны на прэзыдэнцкіх выбарах на Ўкраіне: у другі тур выйшлі прэзыдэнт Кучма і камуніст Сіманенка са зразумелым вынікам.

Свой прагноз наконт таго, якім будзе праблемнае поле прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прапануе кіраўнік навукова-адукацыйнага Цэнтру “Логас” з Берасьця Анатоль Лысюк.

(Лысюк: ) “На сёньняшні дзень відавочна, што праблемную тэматыку, праблемнае перадвыбарчае поле інтэнсіўна прапаноўвае і фармуе толькі цяперашні прэзыдэнт. Апазыцыя прапанавала па сутнасьці толькі дзьве тэмы – праблему псыхічнага захворваньня прэзыдэнта і праблему дрэнных стасункаў з цывілізаваным сьветам. На тых выбарах, якія адбудуцца ў верасьні, менавіта Лукашенка будзе фармаваць тэматыку перадвыбарчых дэбатаў. Я мяркую, што галоўным яго прыёмам будзе актуалізацыя інстынкту страху, пачуцьця страху. Паўсюль ворагі: Захад, Амэрыка, Польшча, унутраныя ворагі, у першую чаргу дэмакраты, але, як гэта не парадаксальна, гэта будуць пэўныя групы і асобы ў дзяржаўным апараце.

Апазыцыі, улічваючы камунікацыйныя магчымасьці Лукашэнкі, у цэлым давядзецца гуляць ў створанай ім сымбалічнай і тэматычнай прасторы. Але мяркую, што нічога страшнага ў гэтым няма.
Возьмем, прыкладам, праблему страху. Але абмеркаваньне гэтай праблемы можа адбывацца зусім на іншым падмурку – гэта адказнасьць за тую атмасфэру страху, што пануе ў нашай дзяржаве. Другое – эканамічныя праблемы, вастрыня якіх відавочная для ўсіх. Але ж яны маюць сваёй крыніцай пэўную палітыку пэўнай асобы, якая мусіць несьці адказнасьць. Ці рэлігійныя праблемы. З боку дзяржавы будзе апэляцыя да праваслаўных сьвятароў. Але з боку апазыцыі магчымая і павінная быць апэляцыя да Бога”.

Гаварыў палітоляг Анатоль Лысюк.

Прапаноўваць свае тэмы – ці не адзіны шлях для апазыцыі. Тут варта заўважыць, што праблемнае поле выбараў можа быць і не аднамерным. “На Захад ці на Ўсход?” – паводле гэтага падзелу вызначаліся і кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі ў 1994 годзе. Але калі б гэта было адзінае вымярэньне кампаніі, інтэгратар Лукашэнка відавочна саступіў бы інтэгратару Кебічу. Але Лукашэнка здолеў стварыць яшчэ адно вымярэньне – ён, “народны мсьціўца”, супраць усіх астатніх кандыдатаў ад “збанкрутаванай, карумпаванай эліты”. Памятаеце яго перадвыбарчы слоган: “Я ня з левымі і ня з правымі, я – з народам”? Менавіта гэтая дадатковая праблемная “вось” і забясьпечыла перамогу Лукашэнку.

Існуе меркаваньне, што на выбарах, асабліва на прэзыдэнцкіх, найбольшыя шанцы маюць кандыдаты, што стаяць на памяркоўных пазыцыях, маўляў, народ не галасуе за радыкалаў. Часткова гэта сапраўды так, хаця ў нашых умовах гэта не заўсёды справядліва – галасуючы сэрцам, нашыя людзі могуць аддаць перавагу кандыдатам гранічна радыкальным. Але з пэўнага пункту гледжаньня гэта ня мае месца нідзе. Людзі галасуюць, выбіраюць паміж акрэсьленымі, пэўнымі пазыцыямі. Калі кандыдат, прыкладам, кажа: “Я не такі празаходнік, як мой канкурэнт Янка, але і не такі прарасеец, як кандыдат анты-Янка”, то людзі будуць рабіць выбар паміж Янкам і анты-Янкам. А наш памяркоўны, палавіністы кандыдат праваліцца паміж дзвюма зразумелымі пазыцыямі. Абіраюць ня проста памяркоўных, а пэўных у сваёй памяркоўнасьці.

Якія тэмы могуць выйсьці падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі на першы плян? Свае меркаваньні на гэты конт прапануе супрацоўнік міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сьвятлана Навумава.

(Навумава: ) “Усе сюжэты будуць рухацца ў прасторы паміж такімі паняцьцямі, як стабільнасьць і перамены. Прычым і пра стабільнасьць, і пра перамены будуць казаць абодва бакі. Перадвыбарчыя спрэчкі будуць тычыцца, у асноўным, унутранай палітыкі, нашых унутраных справаў і турботаў.

Што тычыцца зьнешнепалітычных арыентацыяў, то яны на гэтых выбарах будуць адыгрываць меншую ролю, чым гэта было раней, нават у параўнаньні з 1994 годам, калі сюжэт аб’яднаньня з Расеяй быў ці не цэнтральным у перадвыбарчых праграмах шмат каго з кандыдатаў. Наш цяперашні электарат – гэта ня той электарат, што быў у 1994 годзе. Эканамічнае і палітычнае пасталеньне нашага выбаршчыка ўсё ж такі адбываецца. Але паўнавартастных дыскусіяў на эканамічныя тэмы ня будзе. Падаецца нават, што яны непатрэбныя ні ўладзе, ні апазыцыі. Сур’ёзны эканамічны праект уладзе проста непатрэбны, яна будзе казаць пра свае посьпехі, але і апазыцыя яго таксама не прадаставіць, бо, на мой погляд, сёньня сур’езных эканамічных распрацовак, якія былі б прыстасаваныя да ўспрыняцьця насельніцтвам, у апазыцыі няма.

Дыскусія будзе весьціся вакол узроўня жыцьця. Апазыцыйныя палітыкі сёньня сьвята вераць, што адбылося катастрафічнае падзеньне ўзроўню жыцьця, і людзі настолькі змучаныя эканамічнай сытуацыяй, што ня могуць падтрымліваць уладу паводле вызначэньня. Мне падаецца, што гэта ілюзія. Мы можам гаварыць пра сыстэматычнае зьніжэньне ўзроўню жыцьця, але гэта менавіта павольнае зьніжэньне. Для нейкіх колаў адбылася і пэўная стабілізацыя. І вось гэтае павольнае спаўзаньне на больш нізкія ўзроўні не дае эмацыйнага ўсплёску. Таму стаўку на гэта наўрад ці можна рабіць”.

Гэта была палітоляг Сьвятлана Навумава.

Існуе мноства чыньнікаў, якія сьведчаць пра тое, што прэзыдэнцкія выбары ня будуць свабоднымі. Але выбары – гэта такі мэханізм, які прымушае палітыкаў ператрасаць свой ідэйны “гардэроб”, шукаць новыя ідэі ці “перашываць” ранейшыя, каб спадабацца выбаршчыкам. І зьява гэтая – карысная незалежна ад выніку выбараў. Новыя ідэі, новы погляд на сытуацыю – гэта тое, што ў любым выпадку спатрэбіцца на доўгім беларускім шляху.
XS
SM
MD
LG