Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУ ПАТРЭБНЫ І КАМУ НАЛЕЖЫЦЬ АЎГУСТОЎСКІ КАНАЛ?


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сто польскіх турыстаў на байдарках спачатку прайшлі памежны і мытны кантроль на КПП “Кужынец” на канале і працягнулі свой сплаў. Гэта было ў суботу. У нядзелю адбыліся спаборніцтвы па водным слаламе. Удзельнікі закончылі свой шлях па Аўгустоўскім канале ў Нямнове—гэта на выйсьці ў Нёман. Сёньня а 9-й раніцы яны павінны прайсьці памежны кантроль каля вёскі Прывалка. І сплаў закончыцца ў другой палове дня ў Друскеніках.

Трэба сказаць, што пабудова каналу стала ў пэўным сэнсе казусам. Паслухаем, што гаворыць на гэты конт гарадзенскі гісторык архітэктуры Ігар Трусаў:

(Трусаў: ) “Рэч у тым, што Ўсходняя Прусія, яна паставіла сур’ёзныя вельмі мытныя перашкоды для вывазу збожжа з тэрыторыі Расеі. І гэтыя бар’еры трэба было нейк абыйсьці. Таму што мытныя зборы рабілі невыгодным гандаль зернем. І для гэтага быў пабудаваны Аўгустоўскі канал”.

Канал зьвязаў Нёман зь Віслай, а праз яе—з Балтыйскім морам. Але калі яго пабудавалі—у 1839 годзе, Усходняя Прусія скасавала завышаныя мытныя зборы. Карацей, хацелі, як найлепш, але атрымалася наадварот. У тым жа годзе з гарадзенскай прыстані па Нёмане вывезьлі ў Кёнігсбэрг зерня на паўмільёны рублёў”.

Царскія ўлады Расейскай імпэрыі спрабавалі вазіць лес паўз Аўгустоўскі канал, але гэта аказалася нявыгадна. Потым вазілі будаўнічыя матэрыялы, калі будавалі крэпасьць Модлін перад Першай сусьветнай вайной, але таксама аказалася нявыгадна. Чыгункай было таньней.

Падчас Першай усясьветнай вайны канал быў часткова пашкоджаны. Палякі яго ў 1920-30-я гады аднавілі. А пасьля апошняй вайны яго перарэзала мяжа, і беларуская частка хутка была разбурана. У чым прычына? Паслухаем зноўку спэцыяліста—Ігара Трусава:

(Трусаў: ) “Вось гэтыя 22 кілямэтры каналу выкарыстоўваць у прынцыпе не было ніякага сэнсу. Канал дагэтуль не стаіць ні ў кога на балянсе. Гэта значыцца, ён нічыйны, пакуль. Зараз будзе рэстаўрацыя каналу, калі зробяць нармальна—прыгожа, паводле мэтодыкі, увесь канал уключаць у сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Гэта азначае турызм, гэта азначае, што нейкія грошыкі будуць ісьці на падтрыманьне ўсяго каналу—з польскага і з нашага боку ў поўным парадку”.

Застаецца дадаць, што паводле ўказу, аднавіць 22 кілямэтры каналу павінны за два гады. Тэрмін, на думку адмыслоўцаў, ня вельмі рэальны, але ўказы трэба выконваць.
XS
SM
MD
LG