Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЕПЛАХОД З ТЭРАРЫСТАМІ НА НЁМАНЕ – ГЭТА ТОЛЬКІ ВУЧЭНЬНІ БЕЛАРУСКІХ МІЛІЦЫЯНТАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

А перад захопам цеплахода адбылася нарада з прадстаўнікамі суседніх краінаў, зь якімі падпісана пагадненьне аб барацьбе зь міжнароднымі злачыннымі групамі і—супраць гандлю людзьмі. Сама ж дзея адбывалася на левым беразе Нёмана.

Тыдзень улады рыхтавалі бераг, які выглядаў нібы парослы занядбаным лесам. Хоць гэта побач з цэнтральным мостам. Але трапіць туды было ўчора немагчыма. На супрацьлеглым беразе рабочыя піўзаводу залезьлі на аўтакар, каб убачыць акцыю, але іх адразу прагнаў міліцыянт... Я стаяў на Старым мосьце разам зь іншай публікай.

Рэальна што мы ўбачылі: маленькі аўтобус, выбухі, страляніна, закладніца-дзяўчына вызвалена за 4 сэкунды. А захоп цеплаходу, на якім былі тэрарысты, адбыўся ўдвая хутчэй – за дзьве сэкунды.

Міліцыянты тлумачаць усё спрытнасьцю спэцаддзелу “Алмаз”. Спачатку да цеплаходу падплылі вадалазы, затым на двух катэрах, якія чакалі непадалёк, –аўтаматчыкі. І адразу знутры сталі выходзіць людзі з рукамі за галавой, нібыта чакалі сыгналу за дзьвярыма. Вось уражаньні хлопца, які назіраў за акцыяй побач са мной і які служыў у войску сапёрам:

(Хлопец: ) “Такое пачуцьцё, што прафэсіяналаў такіх як у Беларусі больш няма, што там літоўцы, нашы прафэсіяналы працуюць больш крута. Ня верыцца нават... А тэрарысты можа нават і ня ведаюць, што ёсьць такая краіна ўвогуле. Ня бачыў я яшчэ ні разу тэрарыстаў у нашай краіне. Што нам? П’яніц толькі лавіць дэкрэтамі сваімі і ўсё. Якія тэрарысты, пра што гаворка? Дык хутчэй за ўсё гэта толькі прыгожы спэктакль і ўсё”.

Цеплаход стаяў ля прыстані. Так што зь берага на яго вельмі проста заскочылі аўтаматчыкі. Хлопцы, якія назіралі за падзеяй побач са мной, гаварылі, што ён, напэўна, і плаваць ужо ня можа: якім тэрарыстам патрэбна такое ламачча? Я патэлефанаваў у порт і мне сказалі, што цеплаходу “Вольга Соламава” пайшоў 51-ы год, але экскурсіі на ім вазіць зьбіраюцца і сёлета.

Міліцыя арэндавала яго на некалькі гадзінаў.

(Карэспандэнт: ) “Порту што-небудзь заплацілі за цеплаход ці не—за арэнду?”

(Супрацоўнік порту: ) “Чаму ж не? Афіцыйны ліст з управы ўнутраных справаў быў—прадставіць і аплата згодна з тарыфам”.

А тарыф — каля 80 тысячаў рублёў за гадзіну. Пры канцы дня міліцэйскае начальства сабрала журналістаў, не хаваючы сваёй задаволенасьцю вучэньнямі. Але намесьніку міністра Аляксею Шчурко задалі пытаньне: як шукаюць зьніклых палітыкаў, у тым ліку былога міністра Захаранку? І міліцыянту па сутнасьці не было чаго адказаць. Атрымліваецца, беларускія ўлады то вучаць замежнікаў дэмакратыі, то правам чалавека, то—як змагацца з тэрарыстамі, а самі дэманструюць часам сваю поўную няздатнасьць па некаторых справах.
XS
SM
MD
LG