Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯЗДОМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ – “САНІТАРНАЕ СЬМЕЦЬЦЕ”, А ІХ КОЛЬКАСЬЦЬ ВЫМЯРАЮЦЬ ЛІЧБАЙ РАССТРАЛЯНЫХ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Будаўніцтва прытулку для бяздомных жывёлаў вялося з 2000 году, тады Віцебск быў першым у Беларусі горадам, дзе пачалі будаваць такі аб’ект. Але сёньня на працяг будаўніцтва няма сродкаў, бо тых грошай, якія складаюць так званы “сабачы падатак” — адмысловы камунальны падатак, які сплачваюць уладальнікі хатніх жывёлаў,— яўна недастаткова.

Іншых крыніцаў фінансаваньня ў гарадзкім бюджэце няма, таму гарсавет абмяркоўвае магчымасьць “перапрафіляваньня” гэтага аб’екту, а калі казаць прасьцей, то перадачу яго гарадзкой вэтэрынарнай станцыі. Тая цяпер месьціцца ў досыць нязручных умовах, але можа зарабіць грошы на завяршэньне будаўніцтва, бо аказвае платныя паслугі.

Грамадзкае аб’яднаньне “Сябры жывёлаў” гатовае ўкласьці ў будаўніцтва свае грошы: паводле старшыні Натальлі Сьпірыдонавай, ім удалося сабраць 30 мільёнаў рублёў прыватных ахвяраваньняў. Але яны не сьпяшаюцца ўкласьці іх у будаўніцтва, бо ані мэр Віцебску, ані старшыня гарсавету — ніхто ня хоча даць гарантыі, што гэты аб’ект застанецца прытулкам і ня будзе перададзены іншаму гаспадару.

Тое, што прытулак для бадзяжных жывёлаў гораду неабходны, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Сябры жывёлаў” Натальля Сьпірыдонава тлумачыць дзьвюма прычынамі. Па-першае, у ім можна было б стэрылізаваць бадзяжных катоў ды сабак, такім чынам рэгулюючы іхную колькасьць. Цяпер у Віцебску іх проста зьнішчаюць, прычым самым барбарскім мэтадам — адстрэлам.

(Сьпірыдонава: ) “Гэта нонсэнс, але бадзяжнымі жывёламі ў нас займаецца прадпрыемства зьбіраньня ды ўтылізацыі сьмецьця! Чаму не Міністэрства экалёгіі, а гэтая адмысловая аўтабаза? Пры чым тут камунальная служба, якое яна ўвогуле мае дачыненьне да бяздомных жывёлаў? Яны ў нас праходзяць па ўсіх зводках як “санітарнае сьмецьце”, колькасьць якога вымяраецца лічбай расстраляных жывёлаў! Я палічыла, колькі грошай траціцца на забойства, і колькі грошай мог бы зэканоміць гораду гэта прытулак!”

Забойства аднаго бадзяжнага сабакі каштуе гораду 25 тысячаў рублёў. Да таго ж, як падкрэсьлівае Натальля Сьпірыдонава, адстрэлы вядуцца пераважна ўдзень, і заўсёды ёсьць пагроза таго, што сьмяротны дроцік, якім страляюць далёка ня снайпэры, а звычайныя супрацоўнікі камунальнае службы, можа трапіць у чалавека.

Стэрылізацыя каштуе на дзесяць тысячаў меней. Прычым гэтыя стэрылізаваныя жывёлы змаглі б вольна жыць у горадзе, прыносячы карысьць — яны змагаліся б з распаўсюднікамі шаленства: мышамі ды пацукамі. Гэта ёсьць другім аргумэнтам на карысьць прытулку, бо колькасьць выпадкаў шаленства на Віцебшчыне год ад году расьце. Пабудаваўшы прытулак, можна было б змагацца з гэтай навалаю натуральным шляхам і таксама зэканоміць бюджэтныя грошы.

Старшыня гарсавету Віктар Грыцкевіч кажа, што дэпутаты яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня наконт далейшага будаўніцтва прытулку. Таму Натальля Сьпірыдонава абвясьціла, што сябры ейнага аб’яднаньня гатовыя пайсьці на скрайнія меры. 26 траўня, у той дзень, калі на сэсіі гарсавету будзе абмяркоўвацца пытаньне, ці будаваць яго далей, ці перадаць незавершанае будаўніцтва вэтстанцыі, яны гатовыя распачаць галадоўку проста ў цэнтры Віцебску, на пляцы Волі, і будуць галадаць, пакуль рашэньне ня будзе прынятае на іхную карысьць.
XS
SM
MD
LG