Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ГАСПАДАРЧЫ СУД ПРЫПЫНІЎ РАЗГЛЯД ПАЗОВУ ЖАНОЧАГА АБ`ЯДНАНЬНЯ ДА РАЙВЫКАНКАМУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Судзьдзя гаспадарчага суду Валянціна Пугачова патлумачыла, што ня можа прыняць рашэньне ў гэтым пытаньні, бо ў “Жыльлёвым кодэксе” не тлумачыцца дакладна, ці зьяўляецца разьмяшчэньне юрыдычнай адрэсы ў прыватным доме выкарыстаньнем жытла “не па прызначэньні”.

Судзьдзя вырашыла сама накіраваць запыт у камісію па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Тлумачэньні гэтай камісіі яшчэ ў сьнежні мінулага году спрабавала атрымаць старшыня жаночага аб`яднаньня “Ініцыятыва” Галіна Скараход. Аднак адказу няма і дагэтуль.

З прычыны разьмяшчэньня юрыдычных адрэсаў на прыватных кватэрах рэгіянальная ўправа юстыцыі з дапамогай судоў агульнай юрысдыкцыі зачыніла маладзёвы цэнтар “Гарт”, Рэчыцкую арганізацыю ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер праблему з адрэсай мае Сьветлагорская гарадзкая арганізацыя БНФ “Адраджэньне” ды некаторыя іншыя грамадзкія суполкі.

Тым часам па ўказаньні Гомельскага райвыканкаму кіраўнік Яромінскага сельскага Савету Ўладзімер Балдачоў арганізаваў апытаньне вясковых жыхароў пра разьмяшчэньне юрыдычнай адрэсы жаночай “Ініцыятывы” ў прыватным доме. Зроблена гэта было даволі арыгінальна. Распавядае Галіна Скараход:

(Скараход: ) “Балдачоў рабіў такое апытаньне 8 сакавіка, а не ў кастрыніку, як гэта пазначана ў паперах. Пры апытаньні ён казаў вяскоўцам, што няма карысьці ад гэтай жаночай арганізацыі. Яна канаву ня зарые, дарогу ня заасфальтуе. Маўляў, гэта арганізацыя наносіць шкоду дзяржаве. Яна ставіць на мэце збор ахвяраваньняў з жанчын, якія жывуць на тэрыторыі Яромінскага сельскага савету, і на гэтыя грошы будзе езьдзіць за мяжу”.
XS
SM
MD
LG