Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОЎЦЫ НЯ ВЫКАРЫСТАЛІ СРОДКІ З САЮЗНАГА БЮДЖЭТУ НА ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ДАСЬЛЕДАВАНЬНІ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Навукова-дасьледчым інстытуце радыёбіялёгіі, дзе праводзілася падсумаваньне вынікаў, кіраўніца чарнобыльскай камісіі Парлямэнцкага сходу так званага саюзу Беларусі й Расеі Марыя Худая паведаміла, што з амаль 24 мільёнаў расейскіх рублёў летась беларускія навукоўцы скарысталі толькі 12,6 мільёна рублёў.

Паводле дэпутаткі сходу, Камітэт у справах Чарнобылю прымаў недастатковыя захады, каб рухаць навуку, укараняць найноўшыя тэхналёгіі дыягностыкі, лячэньня і рэабілітацыі насельніцтва ў забруджаных раёнах.

Прысутны дырэктар Інстытуту спадчынных хваробаў, акадэмік Генадзь Лазюк засяродзіў увагу прысутных на вострай патрэбе дасьледаваньня анамаліяў унутрыутробнага разьвіцьця дзяцей. Апошнімі гадамі ў Беларусі штогод выяўляецца 3-4 тысячы анамальных выпадкаў. Аднак цяжарнасьць перапыняецца толькі ў 600-700 жанчын штогод. Акадэмік Лазюк зазначыў:

(Лазюк: ) “Нашай задачай – стварыць такія ўмовы, каб сям’я гарантавана мела здаровае дзіця. Дзеля гэтага існуе генэтычная прафіляктыка. Кансультацыі й раньнія дасьледаваньні цяжарных жанчын тут найбольш важныя. Але ж патрэбна адпаведнае фінансаваньне. Мы гатовы гарантаваць, каб аніводнае дзіця не нарадзілася з храмасомнай хваробай. Але без фінансаваньня гэта зрабіць немагчыма”.

Намесьнік старшыні Камчарнобылю Валер Шаўчук лічыць, што грошы на навуку не скарыстаныя з дзьвюх прычынаў. Сродкі ў першую чаргу забіраліся на будаўніцтва ў Гомелі Цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. Па-другое, некаторым інстытутам было не да навукі. Зь Менску яны пераяжджалі ў Гомель:

(Шаўчук: ) “Гэта таксама наклала свой адбітак. Напрыклад, Інстытут радыёбіялёгіі, адзін з асноўных распрацоўшчыкаў чарнобыльскай тэматыкі, вымушаны быў адмовіцца ад некаторых прапанаваных тэмаў з прычыны пераезду, перадысьлякацыі”

Акадэмік Віктар Іпацьеў лічыць, што праблема палягае ў кіраўніцтве:

(Іпацьеў: ) “Прыйшла да кіраўніцтва група гультаёў, што вырасьлі на асфальце. Нават старшыня Камчарнобылю Цалка арганічна ня пераносіць навуку. Пры камітэце арганізавалі новы каардынацыйны савет. Яны выгналі зь яго акадэміка Канаплю, хаця ня мелі права. Узначалілі савет Юры Пляскачэўскі са спадаром Балатоўскім. Тэмы яны ня зацьвярджаюць, акадэмікаў як хлапчукоў выдаляюць. Я быў на тым савеце, гэта – ганьба”.
XS
SM
MD
LG