Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГЛЫБОКІМ МАХЛЯР ЗАРАБЛЯЎ ГРОШЫ НА ПРЫШЧЭПКАХ АД КУРЫНАГА ГРЫПУ


Ігар Карней, Глыбокае

Некалькі дзён у ваколіцах Глыбокага, у мястэчках Празарокі, Сахнавічы, Чарневічы, “плённа” працаваў немалады ўжо мужчына, які агітаваў рабіць прышчэпкі ад вірусных ды інфэкцыйных хваробаў. Аргумэнт перакананьня, як кажуць, жалезны: у сьвеце столькі заразы, што абавязкова трэба засьцерагацца.

Здольнасьці засьцерагаць у лекара былі ўнікальныя. З аднаго і таго ж флякончыку ён запраўляў уколы ня толькі ад “чалавечага” і “курынага” грыпу, але нават ад нетыповай пнэўманіі і чумы. Панацэя ад апошняй, дарэчы, найбольш дарагая – 10 тысячаў беларускіх рублёў за прышчэпку; ад грыпу – 2 тысячы, а ўжо курынага грыпу (пра гэтую небясьпеку старыя таксама ведалі, бо па тэлевізіі пра курыны грып паведамлялі шмат) – 3 тысячы.

Не забываўся згадваць добры чалавек і пра тых, каму цяпер яшчэ цяжэй – зьбіраў ахвяраваньні на патрэбы Чырвонага Крыжа – 1,5 тысячаў рублёў. Невядома, колькі б яшчэ ён так гастраляваў, але адна гарадзкая сваячка пэнсіянэркі абурылася: “Першы раз бачу, каб прышчэпкі рабілі пасьля таго, як эпідэмія мінула”. Пакуль астатнія схамянуліся, было ўжо позна: прайдзісьвет апрацоўваў іншыя вёскі. Кажуць, ёсьць сьведка, якому “лекар” хваліўся, што за тыдзень зарабіў 300 тысячаў рублёў.

Выпадкі падману ў розных праявах – справа амаль звыклая. Але выглядае, што людзі ў бальшыні сваёй надта даверлівыя. У тых жа Прызароках стаіць шпіталь. Жыхары сваіх лекараў ведаюць кожнага ў твар; ёсьць і плянавыя візыты мэдыкаў да старых, якія ня могуць самі дайсьці ў шпіталь. Але раптам зьяўляецца “адмысловец”, які прапануе прышчэпкі ад экзатычнага курынага грыпу, ды яшчэ за грошы, і ўсе гатовыя “ратавацца”.

Як лічыць начальнік участковых Глыбоцкага раёну Аляксей Протас, псэўдалекар, пакуль яго шукаюць, можа яшчэ добра пажывіцца, бо беларусы ў прыродзе сваёй надзвычай даверлівыя. Праўда, тут жа ўдакладняе: даверлівасьць гэтая часам выбарная.Спадар Протас кажа: часам нават 80-гадовая бабулька можа запатрабаваць пасьведчаньне – маёрскім пагонам і форме ня верыць. А як прыйдзе вось такі лекар, дык, словамі міліцыянта, “адразу ж задзірае свае лахманы”, каб яе ўкалолі. Патлумачыць гэта можна: старыя ў бальшыні сваёй хворыя, самотныя, і праігнараваць таго, хто абяцае дапамагчы, не атрымліваецца.

Што да ўласна аматара прышчэпак, то затрымаць яго пакуль не ўдалося, але, як сказалі ў раённым аддзеле міліцыі Глыбокага, асоба ягоная выяўленая і нават вядомая хатняя адрэса: жыве побач з Глыбокім, але дадому, зь вядомых прычынаў, не зьяўляецца.

Вельмі цікавая яшчэ адна акалічнасьць: падазраваны – былы вэтэрынар. Працу страціў з прычыны банальнай – прападаў у запоях, а калі вяртаўся, то часьцяком жывёлу не лячыў, а калечыў. Таму ў глыбоцкіх міліцыянтаў найпершая праблема – высьветліць, чым калоў людзей той, хто прывык працаваць з буйной рагатай жывёлай? З улікам, што адвесьці маральна пацярпелых на экспэртызу ў Віцебск няма магчымасьцяў ні фінансавых, ні транспартных, усе чакаюць, калі раптам каму-небудзь стане дрэнна.

Непакоіць і тое, што выкарыстоўваў вэтэрынар, паводле апытаньня, шкляны шматразовы шпрыц, якім бабулек калолі яшчэ ў пасьляваенныя гады. Ніякай тэмпэратурнай апрацоўкі іголкі, натуральна, ён не рабіў. Дый навошта, калі яшчэ раз наведваць сваіх пацыентаў ён не зьбіраўся.
XS
SM
MD
LG