Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІНАЕ БЕЛАРУСКАМОЎНАЕ ВЫДАНЬНЕ Ў МАГІЛЁВЕ – ГАЗЭТА ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Газэта для магілёўскіх школьнікаў “Звон” выдаецца зь ініцыятывы мясцовых моладзевых грамадзкіх арганізацыяў “Новая зямля” і “Гісторыка”. У склад рэдакцыі ўваходзяць старшаклясьнікі з гарадзкіх школаў, ліцэяў і гімназіяў.

Першы нумар газэты для школьнікаў распаўсюджваецца ў навучальных установах Магілёва. У газэце 8 старонак, матэрыялы пішуць падлеткі. Пішуць пра ўсё, што ім цікава: музыка, спорт, кампутарныя гульні, здароўе, навіны інтэрнэту, а таксама нацыянальная гісторыя і культура, родная мова.

Паводле кіраўніка суполкі “Новая зямля” Андруся Кавалёва, рэдакцыя “Звону” вырашыла выдаваць газэту толькі на беларускай мове.

(Кавалёў: ) “Бо ёсьць людзі, якія хочуць на ёй размаўляць, а падацца ім няма куды. Тым больш, што мова ўвогуле адсунутая ў бок. Таму і выдаем па-беларуску”.

Раней у Магілёўскай вобласьці было некалькі беларускамоўных незалежных выданьняў, аднак яны спынілі сваё існаваньне.

Дзяржаўныя газэты карыстаюцца беларускай мовай зрэдку: пераважна ў асобных артыкулах на краязнаўчыя альбо фальклёрныя тэмы. На мясцовым дзяржаўным радыё і тэлебачаньні нават выпускі навінаў перашлі на дзьвюхмоўе, дзе доля роднай мовы імкліва скарачаецца. Гаворыць кіраўнічка Магілёўскага абласнога аддзяленьня ТБМ Натальля Лебядзева.

(Лебядзева: ) “Мы сапраўды не маем мажлівасьці ні паслухаць беларускамоўнае радыё, ні паглядзець тэлебачаньне. Натуральна, што гэта ня робіць ні гонару, ні годнасьці нашай дзяржаве і нашаму кіраўніку ўлады, ды напэўна, і звычайным грамадзянам”.

Між тым, зараз канкурэнцыю дзяржаўнаму расейскамоўнаму тэлебачаньню ў абласным цэнтры стварае недзяржаўны тэлеканал “Магілёў-2”, дзе зь нядаўняга часу штодзённыя навіны і праграма пра спорт ідуць толькі па-беларуску. А вось з газэтаў на ўвесь рэгіён ёсьць толькі дзьве беларускамоўныя, і абедзьве – для дзяцей і падлеткаў. Гэта дзіцячае выданьне “Несьцерка” ў Горках, і новая газэта “Звон” у Магілёве.
XS
SM
MD
LG