Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ АД СЬНЕГАПАДАЎ ВАЛЯЦЦА БУДЫНКІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

У райцэнты Хойнікі позна ноччу ад сьнегу абрынуўся дах 8-мі кватэрнага жылога дома №5 на вуліцы Церашковай. Дом гэты належыць Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку.

Як распавёў жыхар дому галоўны лясьнічы запаведніка Аляксандр Дзягцярык, уначы людзей з дома эвакуявалі: каго ў інтэрнат, а іншых – да сваякоў. Ніхто з жыхароў не пацярпеў. Сьцены і перакрыцьці засталіся цэлымі. Пад цяжарам сьнегу шатровы дах нахіліўся і зваліўся на процілеглы ад вуліцы бок.

Праект рэканстукцыі гэтага дому на замову Камчарнобылю рабілі менскія і гомельскія архітэктары. Хто канкрэтна, у хуткім часе стане вядома.

Апошнія двое сутак аварыйныя брыгады шпаркімі тэмпамі аднаўлялі дах. Ён, як і да рэканструкцыі, будзе не шатровым, а плоскім, засланым руберойдам.

Гаворыць старшыня Хойніцкага райвыканкаму Мікалай Садчанка:

(Садчанка: ) “Сёньня людзей засяляем назад. Рамонтныя работы заканчваем. Дах гатовы поўнасьцю.”

Абваліўся дах у тым жа Хойніцкім раёне і саўгасным двухпавярховым доме на 16 сям`яў у вёсцы Судкова, моцна заражанай радыяцыяй.

Сьведчыць жыхарка аварыйнага дому Тамара Левянкова:

(Левянкова:) “Раніцаю ў гадзін дзесяць былі дома, калі штосьці ўпала. Думалі, гром які. Сусед выйшаў, глядзіць – дах абваліўся. Упала сярэдзіна. Пагнілі кроквы, ці як яны там называюцца. Яно ўсё гнілое. Паскідвалі ўсё, яно ляжыць ля дома. Адна парахня. Ужо 34 гады дому, але яго ніхто ніколі ня рамантаваў.”

У Судкове, праўда, у асобным доме, жыве і старшыня райвыканкаму Мікалай Садчанка. Да таго, як узначаліць раённую вэртыкаль, ён працаваў тут дырэктарам саўгасу. Аднак суседзтва ніякім чынам ня паўплывала на стан дома, дзе абваліўся дах.

(Левянкова: ) “Мы за камунальныя паслугі, каналізацыю, ваду, адмовіліся плаціць. Не працавала каналізацыя. Вадаправодныя трубы ў кватэрах поўнасьцю гнілыя, перабінтаваныя. Напор дадуць большы, трубы рвуцца, суседзі затапліваюць. Я на першым паверсе жыву, дык з другога паверху мяне заліваюць. Вада цячэ іржавая. Чайнікі, каструлі – іржавыя. Мы за гэта ня хочам плаціць і за ваду, яны пускаюць нам брудную ваду.”

Рамонт аварыйнага даху ў Судкове яшчэ ня скончылі. Сюды з раённым кіраўніком наведаўся старшыня аблвыкамкаму Аляксандр Якабсон. Мясцовыя жыхары патрабуюць разам з аднаўленьнем даху адрамантаваць вадаправодныя трубы і абавязкова падвесьці прыродны газ. Дом, у якім апроч дарослых жывуць і 20 дзяцей, сем гадоў таму адключылі ад цэнтральнага ацяпленьня. Людзі вымушаны былі і на першым, і на другім паверсе ўзвесьці грубкі і цяпер ацяпляюць сваё жытло радыёактыўнымі дровамі. Ня ў прыклад старшыні райвыканкаму спадару Садчанку.

(Левянкова:) “Садчанка тут у Судкове ў добраўпарадкаваным, газыфікаваным доме жыве.”
XS
SM
MD
LG