Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЯ ГАЛОЎНАЯ ПАДЗЕЯ 2003 ГОДУ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Галоўнай падзеяй 2003 году многія магілёўцы лічаць зьмяненьні ў выглядзе свайго гораду. Сёлета ў часе падрыхтоўкі да сэсіі парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі ў абласным цэнтры прыбраліся, пафарбавалі і асьвятлілі будынкі, зрабілі пешаходную вуліцу і ўпрыгожылі горад.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, самае галоўнае, што наш горад Магілёў зьмяніўся да такой ступені, што атрымалася “маленькая Швайцарыя”. Вельмі добра, прыгажосьць выратуе сьвет!”

Разам з гэтым, людзі мяркуюць, што на ўпарадкаваньне Магілёва выдаткавана шмат грошай, якія былі бы вельмі патрэбныя ў сацыяльнай сфэры. І ў зьвязку з гэтым магілёўцы згадвалі іншае вялікае (на гэты раз адмоўнае) уражаньне гэтага году:

(Спадарыня: ) “Як я разумею, наш прэзыдэнт вельмі шмат грошай выдаткаваў на сваю прэзыдэнцкую кампанію. Падвысіў заробкі. Заробак вырас на 50%, а доля валавога прадукту ўсяго на 5%. І гэтыя дыспрапорцыі цяпер на нас адбіваюцца”.

Людзі гавораць, што сёлета ім не хапала заробкаў на дастойны ўзровень жыцьця:

(Спадар: ) “Складанасьці зьвязаныя з тым, што ўяўляе сабой заработная плата, якой пастаянна не хапае, з падвышэньнем кватэрнай платы. Дай Божа, каб была праца і можна было зарабіць”.

Адной з галоўных падзеяў адыходнага году магілёўцы называюць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Адметнай рысай гэтай палітычнай кампаніі мая суразмоўніца лічыць актыўны ўдзел пэнсіянэраў:

(Спадарыня: ) “Моладзь у нас, можна сказаць, безадказная, яна не задумваецца пра будучыню, а вось трэба глядзець на нашых пэнсіянэраў, рабіць высновы і браць зь іх прыклад”.

Людзі сталага ўзросту мяркуюць, што самай значнай для іх падзеяй году стала падвышэньне пэнсіяў. Старыя пераконваюць, што жыцьцё ў Беларусі мяняецца да лепшага:

(Спадарыня: ) “Усё ў крамах ёсьць: што хочаш, пойдзеш і набудзеш”.

(Карэспандэнтка: ) “У параўнаньні з савецкімі часамі…”

(Спадарыня: ) “…Вы ведаеце, нашмат лепей. Адчуваеш сябе свабодна, настрой добры”.

З усіх міжнародных падзеяў 2003 году жыхары Магілёва называюць галоўнай вайну ў Іраку:

(Спадар: ) “Вайна ў Іраку, канечне, гэта вельмі страшная справа. Ня дай Божа!

Магілёўцы лічаць для сябе галоўнымі і тыя падзеі, якія адбыліся ў сем’ях: нараджэньне дзіцяці, шлюб, выхад на пэнсію, атрыманьне добрай працы і гэтак далей. Людзі хочуць, каб 2004 год прынёс ім здароўе і грошы, таму добрую сустрэчу Новага году яны таксама ўважаюць за галоўную падзею.

(Спадарыня: ) “Новы год вось прыходзіць — самае асноўнае. Сустракаць трэба і праводзіць — і стары, і новы. Каб усё дрэннае пакінуць, каб сустрэць новы год з посьпехамі, каб у дзяцей было ў парадку, і дома”.
XS
SM
MD
LG