Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГЛУСКУ АДЗНАЧЫЛІ 90-ГОДЗЬДЗЕ ЗЬ ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ ПІСЬМЕНЬНІКА СЯРГЕЯ ГРАХОЎСКАГА


Марыя Усьціновіч, Глуск

На бульвар, які нядаўна названы імём Грахоўскага, сёньня прыйшло шмат людзей. Перад уваходам у гарадзкі парк была адкрытая мэмарыяльная дошка “выдатнаму беларускаму паэту і празаіку, ганароваму грамадзяніну горада Глуска, зь якім зьвязанае ўсё яго жыцьцё”. Сяргей Грахоўскі памёр летась, ён не дажыў году да свайго 90-гадовага юбілею.

У глускім кінатэатры “Арэон” прайшла вечарына, прысьвечаная памяці пісьменьніка. На ёй выступілі сваякі Грахоўскага, а таксама пісьменьніца Вольга Іпатава і літаратуразнаўца Лідзія Савік, якія распавялі пра ягонае жыцьцё і творчасьць.

Вядома, што Сяргей Грахоўскі быў абвінавачаны савецкімі ўладамі ў нацыяналізме і дваццаць гадоў правёў у сталінскіх лягерах і ссылцы.

Музэй памяці пісьменьніка цяпер ствараецца ў школе № 1 раённага цэнтру, дзе ён вучыўся. Улады Глуска абвесьцілі ў часе сёньняшніх урачыстасьцяў, што гэтай школе афіцыйна нададзенае імя Сяргея Грахоўскага.
XS
SM
MD
LG