Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІЯ ГАБРЭІ ДАМАГАЮЦЦА ШАНАВАНЬНЯ ПАМЯЦІ ПАМЕРЛЫХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Прадстаўнікі берасьцейскага цэнтру Галакосту тлумачаць свае дзеяньні тым, што зараз прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў ва ўсім сьвеце ўзрушаныя падзеямі ў Гародні, дзе на месцы пахаваньняў габрэяў ідзе будоўля новага стадыёну. Дык вось берасьцейскія габрэі хочуць нагадаць, што гэта ўжо ня першы выпадак у Беларусі, і пра гэта сьведчыць прыклад іншага спартовага збудаваньня – стадыёну “Лякаматыў”.

Дакладна вядома, што будаўніцтва гэтага стадыёну пачыналася амаль 50 гадоў таму на тэрыторыі, дзе знаходзіліся габрэйскія могілкі. У Берасьці яшчэ засталіся сьведкі тых падзеяў, якія ўзгадваюць, што зьнішчаць могілкі пачалі яшчэ да атрыманьня афіцыйнага дазволу на будоўлю стадыёну. Кіраўнік берасьцейскага цэнтру Галакосту Аркадзь Бляхер нават прыводзіць наступны факт: некаторыя вуліцы ў горадзе дагэтуль пакрытыя гранітнымі плітамі, што былі завезеныя з могілак. Пры будаўніцтве самога стадыёну “Лякаматыў” у некаторых канструкцыях таксама выкарыстоўвалі былыя помнікі. Вось і вырашылі берасьцейскія габрэі нагадаць пра гэта зараз, каб урэшце вырашыць пытаньне пра ўсталяваньне мэмарыялу на месцы зьнішчаных могілак.

З усіх чыноўнікоў больш-менш дакладны адказ прагучаў з вуснаў старшыні Берасьцейскага гарадзкога савету дэпутатаў Надзеі Яшчук. Яна заявіла, што будзе спрыяць вырашэньню гэтага пытаньня. Але ж, зразумела, больш істотна, як адрэагуюць на гэтую прапанову ў гарвыканкаме. Пакуль адказу адтуль няма. Застаецца нявызначаным лёс і яшчэ адной прапановы – аб усталяваньні памятнай дошкі на будынку, у якім 90 гадоў таму нарадзіўся Мэнахім Бэгін – прэм’ер-міністр Ізраілю і ляўрэат Нобелеўскай прэміі. Зараз у гэтым будынку месьціцца наркалягічны дыспансэр. Дарэчы, і сам юбілей Бэгіна мясцовыя ўлады быццам бы не заўважылі.

Хто ж будзе фінансаваць гэтае будаўніцтва, калі дазвол на ўсталяваньне мэмарыялу будзе атрыманы?

Зразумела, што прадстаўнікі цэнтру Галакосту ды іншых габрэйскіх арганізацыяў Берасьця спадзяюцца, што гарадзкія ўлады таксама возьмуць на сябе выдаткі па аднаўленьню памяці на тэрыторыі зруйнаваных могілак. Гэта было б натуральна і з гістарычнага пункту гледжаньня: напачатку другой сусьветнай вайны габрэйскае насельніцтва складала больш за палову ўсіх жыхароў Берасьця. Калі ж улады не пажадаюць фінансаваць гэтую будоўлю, у цяперашніх нашчадкаў загіблых застаецца іншы варыянт: зьвярнуцца па дапамогу да ўрадавых і грамадзкіх арганізацыяў Ізраілю. Дарэчы, магчымы праэкт мэмарыялу ўжо падрыхтаваны берасьцейскімі архітэктарамі.
XS
SM
MD
LG