Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІДЗЕ АДКРЫТАЯ МЭМАРЫЯЛЬНАЯ ШЫЛЬДА, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ РАССТРАЛЯНЫМ У 1863 ГОДЗЕ КСЯНДЗАМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У нядзелю ў капліцы на старых каталіцкіх могілках у Лідзе асьвечаная памятная шыльда, прысьвечаная тром ксяндзам з парафій Лідзкага павету. Гэта Станіслаў Ішора, Раймунд Зямацкі і Адам Фалькоўскі. Зрабіў шыльду мясцовы самадзейны скульптар Рычард Груша. На ёй — выява паўстанцкага герба — арол, Пагоня і анёл зь мячом.

Царскія карнікі пакаралі сьвятароў за тое, што яны зачыталі вернікам маніфэст паўстанцкага ўраду. Ксёндз з Жалудка Станіслаў Ішора 8 сакавіка 1863 году зачытаў у касьцёле маніфэст. Сьвятар пайшоў у паўстанцкі аддзел Людвіга Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касьцёлу. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфэста, да чаго ён ня меў дачыненьня.

Станіслава Ішору напачатку пакаралі пяцьцю гадамі катаргі. Але асабіста Мураўёў-вешальнік замяніў пакараньне на расстрэл. Ксяндза пакаралі сьмерцю ў Лукіскай турме ў Вільні на пачатку чэрвеня 1863 году. А неўзабаве там жа расстралялі Раймунда Зямацкага — пробашча касьцёлу ў Ваверцы.

Пробашча касьцёла у вёсцы Ішчална Адама Фалькоўскага расстралялі ў Лідзе, таксама ў чэрвені. У паўстаньні ўдзельнічалі і іншыя каталіцкія сьвятары зь Лідзкага павету, якіх саслалі на катаргу.

Грошы на мэмарыяльную шыльду сабралі жыхары мястэчка Граева, што недалёка ад Беластоку. Дарэчы, Граева да вайны было райцэнтрам Беластоцкай вобласьці БССР. А Жалудок і Ішчална, дзе служылі два з расстраляных ксяндзоў, сёньня знаходзяцца у Шчучынскім раёне.
XS
SM
MD
LG