Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАСНАВАЛЬНІК “НОВОЙ ГАЗЕТЫ СМОРГОНИ” ПАДАЎ У СУД НА КІРАЎНІЦТВА РАЁНУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Спадар Улан патлумачыў мне, што старшыня Смаргонскага райсавету Мікалай Шыш стварыў перашкоды для выкананьня журналісткай Алінай Суравец сваіх рэдакцыйных абавязкаў. Больш за тое, улады ўжылі прымус. Яе выдалілі з апошняй сэсіі з дапамогай міліцыі. За ўсё гэта існуе крымінальная адказнасьць, гаворыць заснавальнік выданьня дэпутат райсавету Ўлан.

Ён таксама падаў скаргу на спадара Шыша і старшыню райвыканкаму Станіслава Юргеля за паклёп на газэту. Рамуальд Улан гаворыць, што яны неаднаразова публічна называлі “Новую газету Сморгони” “незаконнай”, “незарэгістраванай”, ня маючай права на распаўсюд у межах раёну. Заснавальнік лічыць, што тым самым ствараецца адмоўны імідж выданьня, і гэта шкодзіць нармальнай рэалізацыі газэты сярод чытачоў.

Аліна Суравец таксама напісала заяву ў раённую пракуратуру. Яна просіць абвесьціць пратэст на рашэньне райсавету выдаліць яе з сэсіі. А абласны савет дэпутатаў журналістка просіць увогуле скасаваць гэтае рашэньне. Праз райгазэту на сэсію запрасілі прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Аліна кіруе суполкай Беларускай асацыяцыі журналістаў.

(Суравец: ) “Я прыйшла на сэсію як кіраўнік грамадзкай арганізацыі і як прадстаўніца “Новой газеты Сморгони”. Мне сказалі, што ў мяне няма пэрсанальнага запрашэньня і быццам бы на гэтай падставе выставілі з залі”.

Аліна Суравец гаворыць, што афіцыйным службам сёньня забаронена даваць інфармацыю для “Новой газеты Сморгони”, і што чыноўнікі пабойваюцца зь ёю размаўляць. Інцыдэнт на сэсіі — сыгнал для іх, што яна ў выканкаме пэрсона нон-грата, — гаворыць журналістка.

Пацікавіцца рэакцыяй чыноўнікаў у мяне не атрымалася. Старшыня Смаргонскага райсавету ўзяў адпачынак. А кіраўнік выканкаму быў заняты на “рэспубліканскай сэлектарнай нарадзе”, патлумачылі мне ў прыёмным пакоі.

Нагадаем, што заснавальніка і выдаўца “Новой газеты Сморгони” Рамуальда Ўлана ўзімку пазбавілі права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Гэтага дамогся праз абласны гаспадарчы суд Смаргонскі райвыканкам. Новага выдаўца газэты аштрафавалі. Выданьне некаторы час не выходзіла. Тады выдаваць газэту вырашыла абласная арганізацыя ТБМ, бо Р.Улан — сябар Таварыства. Рэдактарам газэты сёньня зьяўляецца Станіслаў Суднік, які жыве ў Лідзе.
XS
SM
MD
LG