Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка быць маладым дэпутатам?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Юрась Глушакоў, навуковы супрацоўнік Гомельскага абласнога краязнаўчага музэю, на выбарах у гарсавет змагаўся з прадстаўніком дырэктарскага корпусу. Калі абыходзіў выбарцаў, праводзіў сустрэчы ў працоўных калектывах, не аднойчы чуў: беспасаднаму дэпутату шмат не дабіцца... Гісторык даказваў адваротнае, бо і сапраўды думаў па-іншаму. Калі стаў дэпутатам, спачатку дасканала вывучыў рэальныя магчымасьці савету, каб не змагацца, як кажуць, зь ветракамі. Затым яшчэ раз абышоў усе двары сваёй акругі, зноў сустрэўся зь людзьмі, сумленна расказаў, што яму па сілах і ў чым ён пакуль ня можа дапамагчы. Распавядае спадар Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Шмат, шмат пытаньняў. Перш за ўсё гэта так званыя “хрушчобы” — дамы па вуліцы 3-й Авіяцыйнай, якія пабудаваны ў 1965 годзе, і з таго часу капітальна не рамантаваліся. Зьвярталіся да мяне і з больш дробнымі пытаньнямі — у прыватнасьці, наконт бруду, лужын у дварах, якія трэба зьліквідаваць, па пытаньнях лавак, дзіцячых пляцовак. Усё гэта выкарыстана для дэпутацкага запытаньня, якое я падаў у адміністрацыю Цэнтральнага раёну”.

Такі падыход выбарцы ацанілі, затое ён ня выклікаў энтузіязму ў калегаў і нават кіраўніцтва гарсавету. Здавалася б — чаму? Наадварот, па лёгіцы, такую ініцыятыву маладога дэпутата варта ўхваліць, каб пачалі варушыцца іншыя. Але... Старэйшым, як кажуць, таварышам, асабліва зь ліку дырэктараў, тое “хаджэньне ў народ” сто гадоў не патрэбнае! І без таго ведаюць: праблемаў процьма, сунесься зь імі ў райвыканкам, і пачуеш трафарэтнае: “Няма грошай, паспрабуйце лепш знайсьці іх у сябе на заводзе...” Ці патрэбна гэта дырэктару? Ну вельмі рэдка якому!

Што да рэакцыі на актыўнасьць Юрася Глушакова з боку адміністрацыі Цэнтральнага раёну, дык і яна была нэгатыўнай. Чыноўнікі абурыліся: упершыню за 20 апошніх гадоў — паслухайце: упершыню за 20 гадоў! — знайшоўся дэпутат, які дадумаўся даслаць свой запыт! Ды хто ён такі? Няўжо разумнейшы за іншых? І закончылася тым, што на працы ў музэі Юрасю выказалі незадавальненьне дэпутацкай дзейнасьцью: маўляў, ведаць нічога ня ведаем, гэтым займайся па начах ці ў адпачынак... Прыблізна тое ж, кажа спадар Глушакоў, пачуў ён і ў гарсавеце.

(Глушакоў: ) “Пасьля трох месяцаў узьніклі не зусім зразумелыя перашкоды для выкананьня маіх дэпутацкіх паўнамоцтваў. Гэта зьвязана, як мне здаецца, з састарэлым стаўленьнем прадстаўнікоў адміністрацыі да тых дэпутатаў, хто на справе жадае выконваць свае абавязкі. Старшыня гарадзкога савету зрабіў заяву ў прыватнай размове, што гэтыя дні будуць скасаваныя”.

Патлумачым: размова ідзе пра два так званыя дэпутацкія адгулы, прадугледжаныя законам, якія Юрась скарыстаў дзеля шматлікіх сустрэчаў з выбарцамі. Сьведкаў тых дыялёгаў хоць адбаўляй, аднак савецкае і музэйнае начальства нікога не жадае слухаць.

(Глушакоў: ) “Прычыны мне незразумелыя. Шмат цікавасьці праяўляецца да майго сярэдняга заробку, які хоць і павінны былі, але ня выплацілі за гэтыя дні”.

Фактычна Глушакова падазраюць у жаданьні разбагацець на дэпутацтве! Пра гэта сьмешна чуць: паслухайце, колькі на справе зарабляе гомельскі гісторык:

(Глушакоў: ) “А гэты заробак раўняецца 11 тысячам за два дні адгулу!”

Хапае прычынаў для пэўнага расчараваньня і ў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутата Магілёўскага гарсавету студэнта Кірыла Шарапкіна. Сярод ягоных калегаў няма больш ніводнага, хто б меў дачыненьне да апазыцыйных структураў. Затое, як і ў Гомелі, шмат тых, хто атрымалі дэпутацкія мандаты ня першы раз і прывыклі да пэўных правілаў. Паводле словаў Кірыла, яны, на жаль, прызвычаіліся і да парушэньняў рэглямэнту, і да лабіяваньня рашэньняў на карысьць вузкага кола кіроўных асобаў.

(Шарапкін: ) “Калі зьбіраўся быць дэпутатам, то мне падавалася — ён сапраўды здольны штосьці зрабіць. Але калі я прыйшоў, то зразумеў: мала хто з дэпутатаў, якія засядаюць у саветах, зьбіраюцца штосьці рабіць”.

Вось чаму спадар Шарапкін актыўна выступае на паседжаньнях, у СМІ, абмяркоўвае актуальныя праблемы... Як можа, спрабуе парушыць стандарты паводзінаў дэпутатаў у гарсавеце. Хоць усьведамляе: маладых, ды яшчэ з дэмакратычнай рэпутацыяй, многія наўмысна ігнаруюць, спрабуюць такім чынам падарваць іхную веру ў сябе, свае магчымасьці.

(Шарапкін: ) “Збольшага тыя ініцыятывы, якія зыходзяць ад мяне, не ўспрымаюцца ўсур’ёз. Бо гэтыя ініцыятывы, нават калі яны слушныя, зыходзяць ад апазыцыянэра. Усе дэпутаты, якія чуюць іх, лічаць: падтрымаць мяне — значыць, падтрымаць апазыцыю”.

Цікава, што гэта сталася ці не тыповай зьяваю і ў іншых саветах Беларусі. Праблема патрабуе вырашэньня, і шмат хто лічыць, што менавіта дэмакраты мусяць выбраць памяркоўную тактыку ў наладжваньні больш-менш нармалёвых стасункаў з палітычнымі апанэнтамі. Вось як разважае дэпутат ад БНФ з Пухавічаў Кастусь Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Галоўнае ня тое, хто прапануе, а тое, што прапануецца. Я ня думаю, што кіраўніцтва нашага раёну ці раённага савету будзе адмаўляцца ад усіх прапановаў толькі з тае нагоды, што яны зыходзяць ад апазыцыйнага дэпутата. Я сам санітарны лекар. Дакладней, лекар-гігіеніст. Гэтыя праблемы мне вельмі блізкія, я дастаткова глыбока ведаю іхныя карані і магу прапанаваць нейкія канкрэтныя захады іх вырашэньня”.

Выдатна разумеючы, што шмат для каго з вэртыкалі ягоная прыналежнасьць да БНФ як костка ў горле, Кастусь Шпунтоў усё ж спадзяецца знайсьці агульную мову зь ляяльна скіраванай дэпутацкай большасьцю і тымі прадстаўнікамі ўлады, якія рэальна ацэньваюць сытуацыю.

Кірыл Шарапкін таксама спрабуе ламаць палітычныя стэрэатыпы. І яго не пакідае надзея на лепшае:

(Шарапкін: ) “Я лічу, што ў нас усё ж атрымаецца разварушыць тых дэпутатаў, якія жадаюць штосьці зрабіць, і зь іх дапамогай пераўтварыць савет у дзеяздольны орган”.

Шмат у чым гэты спадзеў сілкуецца сувязямі Шарапкіна зь іншымі дэмакратычнымі дэпутатамі Беларусі, якія спрабуюць стварыць міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Новыя кантакты мацуюць досьвед, дапамагаюць уявіць агульную карціну таго, што адбываецца з “блізкаю ўладай” у краіне. Аптымізму яна не дадае, затое больш выразным стала ўсьведамленьне таго, што нават у гэтых умовах шмат чаго можна дабіцца. Вось як разважае Кірыл:

(Шарапкін: ) “Вельмі цікава ведаць досьвед іншых дэпутатаў, бо Магілёў ня самы цяжкі горад у пляне вырашэньня пытаньняў у савеце. І калі я ўбачу, як гэтыя пытаньні вырашаюцца ў іншых гарадах, я таксама здолею вырашыць іх і ў нашым горадзе, дапамагчы маім выбарцам”.

Так, шмат каго з дэмакратычных дэпутатаў зацікавіла праца Аляксея Міхалевіча з Пухавічаў, які стварае ў сваёй акрузе камітэты грамадзкага самакіраваньня. Гэта дазваляе жыхарам браць актыўны удзел у вырашэньні сваіх праблемаў. Менавіта іхная падтрымка дапамагла групе дэпутатаў ад БНФ у Пухавіцкім райсавеце дабіцца вырашэньня застарэлай праблемы забесьпячэньня жыхароў Мар’інай Горкі гарачай вадой. Шмат часу “фронтаўцы” безвынікова дамагаліся гэтага, але нешта пачало атрымлівацца, калі яны здолелі прарвацца ў “блізкую ўладу”. Гаворыць Кастусь Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Да гэтых апошніх мясцовых выбараў толькі нашая мясцовая арганізацыя Партыі БНФ Пухавіцкага раёну была першай, якая некалькі гадоў спрабавала гэтую праблему падымаць перад уладамі. І я думаю, гэта таксама паўплывала на рашэньне кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, што вось хаця б на адзін дзень, але гарачай вады дабавілі. Зараз яна падаецца з чацьвярга да нядзелі ўключна”.

(Карэспандэнт: ) “Якой была рэакцыя жыхароў гораду?”

(Шпунтоў: ) “Майму сябру суседзі сказалі: перадай “дзякуй” таму чалавеку, якога ты да нас прывёў”.

Цікава тое, што хоць улады заяўляюць, нібыта падача гарачай вады сталася ініцыятывай камунальнікаў, людзі выразна ўсьведамляюць, дзякуючы каму пытаньне ўсё ж пачало вырашацца. Бо яны ня проста назіралі за высілкамі дэпутатаў-“фронтаўцаў”, але й дапамагалі тым сваёй грамадзкай падтрымкай. У горадзе насьпяваў сацыяльны выбух, і выканкам вырашыў не чакаць горшага для сябе разьвіцьця падзеяў. Што да Шпунтова зь сябрамі, дык яны працягваюць змагацца за рэалізацыю даўно складзеных плянаў.

(Шпунтоў: ) “Яшчэ да пачатку выбараў я распаўсюдзіў сярод жыхароў сваёй выбарчай акругі анкету з просьбай адказаць на пытаньне, якія праблемы іх найбольш хвалююць. І высьветлілася, што мы не памыляліся: зь некалькіх дзясяткаў анкетаў толькі ў адной не была пазначана праблема адсутнасьці гарачай вады. На другім месцы была нясвоечасовая выплата заробкаў. На трэцім — рост злачыннасьці, і далей уцягваньне непаўнагадовых у злачыннасьць, дрэнны стан пад’ездаў у жылых дамах, нясвоечасовыя рамонты, якія робіць жыльлёва-камунальная гаспадарка і гэтак далей. Гэты матэрыял даў нам магчымасьць сканцэнтравацца і вызначыць прыярытэты, над якімі мы будзем далей працаваць”.

Хоць у Кірыла Шарапкіна аднадумцаў у гарсавеце пакуль няшмат, але і ён ужо дамогся выкананьня асобных пунктаў выбарчай праграмы. Напрыклад, у мікрараёне Казіміраўка ўдалося наладзіць асьвятленьне стадыёну, аўтобуснага прыпынку і рамонту каналізацыйных люкаў. І людзі, што жывуць там, зусім ня лічаць гэта дробязьзю, бо ведаюць, колькі часу тое не асьвятлялася, развальвалася…

Чулі казіміраўцы й пра тое, як актыўна малады дэпутат адстойваў інтарэсы Казіміраўкі пры складаньні генэральнага пляну разьвіцьця Магілёва. Неўзабаве тут пабудуюць культурны цэнтар, яшчэ адзін стадыён, кавярні, жылыя дамы. А што ў больш блізкай пэрспэктыве?

(Шарапкін: ) “Далей я зьбіраюся свае намаганьні ськіраваць на здабыцьцё грошай для рэканструкцыі нашага раёну — для таго, каб вуліцы былі адрамантаваныя, каб двары былі добраўпарадкаваныя. Усё гэта прадугледжана той праграмай, якая зараз рэалізуецца ў горадзе. Але даволі цяжка сродкі накіраваць менавіта ў той раён, які патрэбны — маецца на ўвазе, у Казіміраўку. Гэта важна для мяне, і для выбарцаў”.

Турбуюць Кірыла Шарапкіна і агульнагарадзкія праблемы. Зараз, напрыклад, ён апякуецца экалягічным праектам усталяваньня ў Магілёве біяпрыбіральняў і актыўна падтрымлівае прадпрымальніка, які хоча арганізаваць прыватны аўтобусны парк. Дэпутат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі вельмі спадзяецца, што даб’ецца свайго — і ў горадзе зьявяцца зручныя аўтобусы зь Нямеччыны. Тое бачыцца яму своеасаблівым сымбалем хай і складанага, маруднага, аднак набліжэньня беларускай прадстаўнічай улады да сапраўды цывілізаваных узораў.
XS
SM
MD
LG