Больш за дзесяць гадоў фронтаўцы арэндавалі кватэру у доме 27 на вуліцы Ленінскай. Цяпер ім прыйдзецца шукаць іншае месца, хоць дамова аб арэндзе дома дзейнічае да канца году. У такой жа сытуацыі апынуліся сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды прадстаўнікі недзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў. Чыноўнікі тлумачаць, што стары дарэвалюцыйны дом мусіць стаць на капітальны рамонт, і патрабуюць за скасаваньне дамовы па 40 тысяч рублёў зь кожнай арганізацыі. Партыйцы пагаджаюцца, што дом 27 на вуліцы Ленінскай сапраўды стары, але не разумеюць, чаму пра высяленьне не папярэдзілі своечасова, за месяц, і чаму з такіх жа старых дамоў на вуліцы Ленінскай абралі менавіта той, у якім месьцяцца офісы дэмакратычных палітычных партый.
Старшыні магілёўскіх арганізацый АГП і БНФ Уладзімер Шанцаў і Рыгор Костусеў ужо хадзілі ў гарвыканкам, але адказу на свае пытаньні так і не атрымалі . Не задаволілі іх і прапановы ўладаў. Распавядае Рыгор Костусеў:
(Костусеў: ) “Тое, што самае горшае засталося з памяшканьняў, прапануюць нам. Як кажуць, на табе божа, што нам нягожа. Таму наведваньне намі гарвыканкаму, спробы перамоваў, размоваў пакуль вынікаў не прынесьлі.Спадзяемся, што ўлады зьвернуць увагу на гэтую сытуацыю, што пытаньне неяк вырашыцца. Але спадзяваньні невялікія”.
Апазыцыянэрам прапануюць дамы на ўскрайку гораду, да якіх немагчыма падвесьці тэлефон.
Пакуль што арганізацыі працягваюць працаваць на старым адрасе: вул. Леніская, 27. Аднак іх ужо папярэдзілі, што на працягу гэтага тыдня яны абавязкова мусяць выселіцца з памяшканьняў, альбо іх выселяць прымусова.