Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯСКОВЫЯ ПЭНСІЯНЭРЫ АБУРАНЫЯ, ШТО ІХ ПАКІНУЛІ САМ-НАСАМ З ПРАБЛЕМАМІ ПАСЯЎНОЙ


Марыя Ўсьціновіч, Шклоўскі раён

У вёсцы Зароўцы, што на тэрыторыі Рыжкавіцкага сельскага савету, больш за сотню двароў, жывуць там у асноўным пэнсіянэры. Зараз яны заклапочаныя сяўбой на сваіх участках і моцна абураюцца тым, што калгас “Праўда” не дапамагае ім апрацаваць зямлю і не дае для гэтага коней.

(Бабуля: ) “Ня ведаю, як апрацаваць. 47 гадоў стажу адпрацавала. Коней у калгасе няма ніякіх. Трактарам во зямлю паднялі, за трактар заплаціцлі 20 тысяч, а цяпер трэба запахаць, дык няма чым”.

Пэнсіянэры зьвярталіся да кіраўніцтва калгасу, аднак просьбы старых там ня ўважылі.

(Мужык: ) “Хадзілі, тэлефанавалі. А яны гавораць: “Нам-та што? Вы вашую праблему вырашайце самі”.

(Бабуля: ) “Мы адзін год хадзілі камбайну прасіць, дык нам старшыня сказаў: “Гультаі, чаго вы тут ходзіце?” Адпрацавалі век у калгасе — і гультаямі называў”.

Старшыня калгасу “Праўда” Мікалай Ярмачэнка лічыць, што сялянам трэба пазбаўляцца ад звычкі жыць бясплатна і прызвычайвацца да новых дачыненьняў.

Жыхарцы Зароўцаў Яўгеніі Лявонцеўне 75 гадоў, разам з сынам яна апрацоўвае 50 сотак — каб пракарміцца і зарабіць капейчыну. Яе штомесячная пэнсія складае 90 тысяч рублёў. Каб наймаць каня прыватным чынам, трэба заплаціць гаспадару 2,5 тысячы рублёў за сотку, карацей — аддаць усю сваю пэнсію.

(Бабуля: ) “Ой, дзетка, мы ня ведаем, як далей жыць. Нешта пасьля вайны так ажылася дзяржава хутка, з малога да вялікага пайшлі працаваць. А цяпер так працуюць, каб скрасьці ды потым выпіць. І ўсё, больш нічога ў іх няма”.

Пэнсіянэры з Зароўцаў абвінавачваюць калгаснае кіраўніцтва ў тым, што яны пазбавіліся ад коней.

(Мужык: ) “Тэлефоны былі адключылі за няўплату. Трэба заплаціць за тэлефоны, яны коней здаюць — і ўсё”.

(Бабуля: ) “Яны паразбазарылі ўвесь калгас, яны парэзалі коней і кароў. Усіх парэзалі”.

(Бабуля: ) “Усіх коней збылі. І цяпер гэтых людзей — хоць ты іх патапі”.

Зароўскім пэнсіянэрам вельмі крыўдна, што ім ня хочуць дапамагчы і дэпутаты мясцовых саветаў, за якіх яны зусім нядаўна галасавалі.

(Мужык: ) “Вы ведаеце, гэта, напэўна, як аб сьценку гарох. Нуль. Вось калі галасавалі, бегалі — толькі прагаласуйце за нас, мы вам усё зробім, а цяпер… Няма калі, я да вас не паеду, мне вашыя праблемы не патрэбныя. У мяне сваіх праблемаў хапае, а вы як хочаце”.

У Шклоўскай управе сельскай гаспадаркі карэспандэнта “Свабоды” запэўнілі, што ні адзін прысядзібны ўчастак у вёсцы не застанецца неапрацаваным ды незасеяным. Праблемы, падобныя на тыя, якія ёсьць у Зароўцах, узьнікаюць часьцей за ўсё ў тых сельскіх гаспадарках, дзе справы ідуць ня вельмі добра. Аднак такіх калгасаў і саўгасаў сёньня большасьць.

(Бабуля: ) “А мне так падаецца, трэба зямлю засеяць, праўда? Трэба, бо гэта ж сорамна будзе! Як гэта зямлю, ды не засеяць? Трэба зямлю засеяць, ну што яна будзе пуставаць?”

XS
SM
MD
LG