Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вяскоўцы свае агароды засяваюць


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Пачатак веснавых работаў для мяне заўсёды галаўны боль. Не таму, што трэба ехаць за 200 кілямэтраў, каб дапамагчы маці справіцца з агародам — я люблю гэтую працу. Але з кожным годам яна робіцца ўсё цяжэйшай. Праблема нумар адзін — конь. Калгас фактычна разваліўся, а зь ім спусьцела і стайня. На вёску з сотняй двароў сямёра Орлікаў ды Каштанаў, за якімі людзі літаральна палююць, дамаўляюцца ці не зь зімы, хто за кім будзе ў чарзе. Бедныя конікі працуюць безь перапынку, ледзве ногі цягаюць.

Тое самае і ў гомельскіх сваякоў. Да таго ж, у адрозьненьне ад ранейшых калгасных жывёлін, прызнаюць ня кожнага, хто ўзяў іх у лейцы, а толькі гаспадара. І калі трапляе жывёліна з норавам, то дзень на агародзе ператвараецца ў суцэльную катаргу. Крычыш “но”! — а конь ні зь месца, ты яго пужкай — а ён скок убок, нібы шалёны... Ну дзе тая баразна будзе аднолькава глыбокай ды роўнай?!..

(Мужчына: ) “Ну пра што ты, Сашка, кажаш? Без Гнядка, як без вады — і ні туды, і ні сюды. Не работа, а марока!”

Гэтак павольна кажа мой вясковы сябар Уладзя. І такая бяда зь цяглавай сілай сталася, лічы, паўсюль. Пра даўняе вяскоўцы кажуць са шкадаваньнем ня толькі на маёй Магілёўшчыне. Вось як разважае спадарыня Алена Гудко з-пад Стоўпцаў:

(Алена: ) “Ну — конь свой! А як конь ёсьць, дык што болей трэба? Усё, парадак! Усё зробіш: і ўзарэш, і пасееш, і пажнеш, і пакосіш... Усё сеялі — грэчку сеялі, авёс сеялі, бульбу садзілі, селядэру сеялі, канюшыну... Селядэра — гэта трава, трава для коней...”

Новае стагодзьдзе, на жаль, дрэнна ўжываецца з Орлікамі, Каштанамі ды Гнядкамі. І справа тут ня толькі ў тэхнічным прагрэсе. Найперш — у спэцыфіцы чыноўніцкага мысьленьня. Што, напрыклад, прыдумалі ўлады? Увялі падатак на коней, замест таго, каб казаць “дзякуй” ды заахвочваць тых гаспадароў, што рупяцца пра іх.

Лепей бы прыкінулі, за якія шышы купіць вясковец каня? Чым корміць яго? У каго замаўляе збрую, колы, дугі — такіх майстроў на вёсцы сустрэнеш рэдка: старыя памёрлі, а моладзь болей да тэхнікі цягнецца. Менскі трактарны завод спэцыяльна для іх выпускае матаблёкі, толькі ж кошты кусаюцца!

Але ёсьць і такія гаспадары, якім па кішэні і конь, і той самы трактарок. Вясковыя традыцыі й рэаліі вымушаюць іх дапамагаць бяднейшым зямлякам. Аднак калі раней гэта рабілі за “дзякуй”, за адпрацоўку даўжка асабістай дапамогаю на пасяўной, то зараз усё часьцей разьлічваюцца грашыма. Колькі? Як дзе. Гаворыць Мікалай Магданаў зь вёскі Калініна на Гомельшчыне:

(Магданаў: ) “Сотка — дзьве з паловай тысячы”.

Атрымліваецца больш за даляр, як бутэлька чарнілаў сярэдняй, з дазволу сказаць, якасьці. Ці ня шмат?

(Магданаў: ) “Канечне многа. Калі мне 25 сотак пасадзіць, вось і лічыце. Мне пэнсіі ня хопіць”.

Такім чынам — дзьве скрыні віна за звычайны гарод. Дзённую працу каня стыхійны сялянскі рынак Гомельшчыны ацаніў на 30 даляраў. Гэта рэальнасьць, якая зусім слушна, рынкава, улічвае адметнасьць часу — сяўбу. А калгасная дзяржава за дзень пасяўной плаціць людзям у сярэднім даляр, або па пляшцы віна. Адчуваеце розьніцу на карысьць жывёліны?

Замест адказу магу пачуць сустрэчнае пытаньне: чаму так упарта прымяраеш вясковыя ўзаемаадносіны менавіта да алькаголю? Ды таму што найчасьцей менавіта ён усё ж зьяўляецца пакуль галоўным сродкам разьліку сярод зьбяднелага насельніцтва. Стакан, пляшка, скрыня — тут ужо як пашанцуе...

Вось што кажа мой сябра Уладзя:

(Уладзя: ) “А ведаеш, хто на вёсцы другі за канём? Мужык! Нас мала, таму й пашам, нібыта коні. Ну і п’ем, як коні...”

Гэтага сялянскага філёзафа дапаўняе спадар Магданаў, які так бачыць свой стымул у цяжкой працы на сяўбе:

(Магданаў: ) “Бутэльку, Соня, дай. Вып’ю ды й адпачываць пайду. А назаўтра ўжо не прашу ў яе. А працую. Устанеш раніцаю, пойдзеш пакапаеш гадзіну, пакурыш — і зноў пайшоў”.

Дзядзька забыўся завяршыць думку наступнымі лагічнымі для сябе словамі: “...і зноў выпіў!” Гарэлка стала ўжо ня штучным спадарожнікам пасяўной, а ейным арганічным атрыбутам. Непазьбежным злом. З-за яго летась я хоць і хварэў, але мусіў ехаць у вёску. Доктар-сусед кажа: “Дурота, лепш перадай маці грошы, паездка даражэй табе абыдзецца!” Яму, гараджаніну, не зразумець: грошы там аўтаматычна абарочваюцца ў гарэлку, а яна — у сварку сьпітых мужчын, у сямейныя бойкі.

Увесну ды восень ляманту на вячэрніх вуліцах як ніколі, бо шмат працы і, адпаведна, выпіўкі мора. У такой сытуацыі адзінокім, асабліва жанчынам, ды старым немаведама што рабіць: без паддачы, як зараз кажуць, рэдкія на вёсцы мужыкі працаваць не пагаджаюцца, а іхныя жонкі пасьля апастылеўшых сварак з п’янтосамі поедам ядуць тых, хто наліваў. Таму і ежджу да маці, аберагаючы яе ад гэткіх дзікіх стрэсаў.

З усіх бакоў сяўба сталася вялізнаю праблемай: ні коней, каб араць, ні людзей, каб дапамагаць адсявацца... Але ж хоць плач, а сеяць трэба. Спрадвечная сялянская павага да зямлі тут ні пры чым. Бо праз гароды тыя вёска жыве. Больш дакладна — выжывае. Хоць неяк, аднак выкараскваецца. Распавядае пэнсіянэр зь вёскі Залаты Рог Веткаўскага раёну Рыгор Розумаў:

(Розумаў: ) “Беларусу бяз сотак выжыць немагчыма. Пакуль жыў-здароў, пакуль ножкі па зямлі ходзяць, пакуль ручкі яшчэ лапатку трымаць могуць, значыць, трэба працаваць, трэба ўраджай якісьці рыхтаваць. Трэба і дзетак падымаць, і ўнукаў, і самому пражыць”.

(Карэспандэнт: ) “А каб ня соткі — тады што?”

(Розумаў: ) “Ну, тады заказвай труну і лажыся”.

Хто ня ведае, што агарод патрабуе адмысловага досьведу? Аднак калі пытаесься ў сялянаў пра агракультуру, яны моцна зьдзіўляюцца. Вось што кажа мой вясковы знаёмец Уладзя:

(Уладзя: ) “Якая, блін, агратэхніка? Якія там азот з каліем? Наскрабеш вазоў 15 гною і ўсё, слава Богу!”

Тая ж сытуацыя і з насеньнем. Як няма элітнага і вышэйшых рэпрадукцыяў насеньня на калгасным двары, дык не пабачыш яго і на агародах. Таму й кажа Ўладзя:

(Уладзя: ) “З сартавога насеньня палюем толькі за бульбай. Што ў калгасе скрадзеш, што ў крутога суседа пазычыш”.

Як вынік, сяляне ў чаканьні ўраджаю спадзяюцца хіба толькі на надвор’е ды Боскую дапамогу.

Тым, хто працуе на ўласных агародах, што свае харчы нібыта і больш смачныя, і больш чыстыя — у сэнсе ўсялякіх шкодных нітратаў і хімікатаў. Баба Валя, напрыклад, агітуе за ўласную бульбу.

(Валя: ) “У мяне свая, і я ўжо ведаю, якую сею. А ў калгасе хто яе ведае, якая яна там? Я ведаю, што мая смачная. Яна такая жоўценькая, разварыстая”.

Смачная — гэта хучэй за ўсё сапраўды так, але калі казаць “чыстая” ў сэнсе хімікатаў, параўноўчваючы бульбу бабы Валі з калгаснай, дык гэта вельмі нават сумнеўна. Пётар Сальнікаў зь вёскі Міхееўка Круглянскага раёну настойвае, што такія вось параўнаньні на карысьць прадукцыі з прысядзібных участкаў можна было рабіць яшчэ гадоў дзесяць таму, калі нормы ўгнаеньняў у калгасах ды саўгасах часта перавышаліся. Цяпер жа мінэральных тукаў ды й арганікі не хапае, а таму і калгасная бульба, лічы, заўважна “пачысьцела”.

Мой знаёмца зь Міністэрства сельскай гаспадаркі купляе на менскім Камароўскім рынку толькі калгаснае: і гародніну, і бульбачку. Бо харчы з сотак дастаткова часта зашкальваюць на розную дрэнь: у каго зь сялянаў ёсьць магчымасьць, бязь меры ўбухваюць у агароды тую ж аміячку з каравяком — не стае ведаў. Паслухаем Пятра Сальнікава:

(Сальнікаў: ) “Наадварот, на сваім падворку нехта можа, так бы мовіць, “перасаліць”, а ў гаспадарцы зараз “не перасоляць”.

Аднак далёка ня ўсе падзяляюць такую думку. Сярод яе праціўнікаў адзін з самых вядомых беларускіх фэрмэраў Міхал Шруб. Ён лічыць: сялян можна навучыць працаваць на зямлі так, як патрабуюць таго сёньняшнія ўмовы. Менавіта таму чатыры гады назад Шруб прапанаваў у абмен на калгасную зямлю бясплатна апрацоўваць тутэйшым агароды, прысядзібныя ўчасткі. Людзі на справе пабачылі: соткі могуць ня толькі карміць, але й апранаць, абуваць...

(Шруб: ) “За 10 гадоў існаваньня мы паказалі, што сельская гаспадарка можа быць бізнэсам. Можа, гэта і гучна сказана, але мы самі сябе кормім і ня просім грошай. Я ўпэўнены, што ўся сельская гаспадарка можа быць бізнэсам, а ня спосабам выманьваньня грошай”.

І спадару Шрубу паверылі: летась усе калгасьнікі з тутэйшай гаспадаркі “Шлях да камунізму” разам зь зямлёй папрасіліся да фэрмэра... Сёлетняй вясной клопатаў з агародамі ў іх практычна няма: соткі апрацоўваюцца цэнтралізавана, тэхнікай, з навукова вывераным унясеньнем угнаеньняў, з разумным абнаўленьнем гатункаў.

Шруб, дарэчы, не адкрываў Амэрыкі — у суседніх Украіне і Літве, дзе калгасы разваліліся, прыватныя гаспадаркі жывуць дзякуючы падмозе розных каапэратываў, якія нарадзіліся ў тамтэйшых вёсках, структуры аграсэрвісу ў цэлым. Там ён фармуецца з арыентацыяй на заходнія, амэрыканскія ўзоры: замаўляй тое ж насеньне, той жа трактар, плаці — і ўсё табе зробяць. Быццам проста, аднак жа ў Беларусі такога амаль няма.

Сярод тлумачэньняў ёсьць і відавочнае: насьпелыя на вёсцы рэформы ўсяляк тармазяцца. Найперш таму, што яны вызваляюць індывідуальную гаспадарчую энэргію, а гэта не пасуе да эканамічнай палітыкі дзяржавы, не адпавядае інтарэсам мясцовай вэртыкалі. Нездарма такі шалёны націск тутэйшай улады вытрымалі апошнім часам землякі спадара Шруба, калі вырашылі адмовіцца ад шляху ў камунізм. Вось што кажа сам фэрмэр:

(Шруб: ) “Мы бачым: нам перашкаджаюць пэўныя сілы, якія не разумеюць, што насамрэч ёсьць прагрэсіўным, ці разумеюць, але наўмысна супраціўляюцца”.

Акцябарскі раён Гомельскай вобласьці таксама лічыцца сельскагаспадарчым. Да нядаўняга часу з калгасамі ды саўгасамі тут пасьпяхова канкуравалі 16 фэрмэраў. Але іхная колькасьць скарацілася ў чатыры разы. Пэнсіянэр Генадзь Кабернік заўсёды лічыў, што сапраўдным гаспадаром можа быць толькі ўласьнік. А таму пры першай магчымасьці ўзяў некалькі дзясяткаў гектараў зямлі.

(Кабернік: ) “Цана зерня была 90 даляраў. Прайшло некалькі гадоў, і ўсё гэта паменялася. Цана зерня ўпала да 40 даляраў, паліва й угнаеньні падаражэлі. Паважаны старшыня ўраду кажа: мы паменшылі сельскагаспадарчыя падаткі, замест пяці зараз два. Але агульнай сумай цяпер 13%. Практычна выжыць немагчыма, таму вырашыў адмовіцца”.

Гэты прыклад яскрава адлюстроўвае, чаму нават ня фэрмэры, а звычайныя вяскоўцы так рэдка карыстаюцца законным правам мець у асабістым карыстаньні ўчасткі да аднаго гектара, ды яшчэ тры браць у арэнду. Пры сёньняшнім стаўленьні ўладаў гэта не пад сілу нават многім ініцыятыўным людзям, ня кажучы ўжо пра тых, у кім калгасны лад сфармаваў псыхалёгію выканаўцаў.

Як вынік, за два апошнія гады колькасьць асабістых участкаў зьменшылася больш чым на сорак тысяч: жаданьня працаваць на зямлі ў беларусаў усё меней. У канцы 1990-х падвор’яў было каля паўтара мільёну, цяпер — 1,3 мільёну. Слова — хутаранцы з-пад Стоўпцаў Алёне Гудко:

(Алёна: ) “Вы ведаеце што, мая мама сорак год таму памерла. Дык яна казала мне некалі, калі тры сям’і ў хаце жылі, а я сёньня адна, дык яна й кажа: дачушка мая, прыйдзе час, што будзе дзе жыць, але ня будзе каму, зямлю будуць даваць — бяры, але ня будуць хацець браць! Ну — ня праўда сёньня? Бяры, даюць, рабі — ня хочуць, не бяруць... Не бяруць! А даўней судзіліся, за адну разорку судзіліся! За сьценачку судзіліся, за зямельку! Што рабілася? А сёньня што, га? Во ляжаць, і там, і там, і там, і няма гаспадара, усё!”

Згодны з бабуляй: ёсьць такая праблема. Але за мінулыя выходныя, хай і праз пляшку, нават не адну, праз спаленыя нэрвовыя клеткі, намазоленыя далоні й сарваны голас, я ўсё ж дапамог сваякам з большага адсеяцца. Не адсталі й суседзі, знаёмцы. Ужо ў лазьні, пад такі прыемны пасьля працы венік, філёзаф Уладзя нетаропка сказаў мне: “За табой, сябра, даўжок — ну, дапамог жа я табе коніка без чаргі дастаць?” — “Ага...” —“А ты мне за тое прывязі наступным тыднем мех бульбы з дасьледчага інстытуту ў Самахвалавічах, называецца “Жукоўскі раньні”. Я вычытаў, што дужа файна родзіць: мех пасадзіш — дзесяць зьбярэш!” І дадаў: “Разумееш, вырашыў узяць гектар зямлі... Ну, дастанеш?”

Атрымліваецца, бабуля Алёна, калі ёсьць праблемы, дык знойдуцца і тыя, хто стане іх вырашаць — такая ў жыцьця дыялектыка…
XS
SM
MD
LG