Анархісты разгарнулі транспарант з надпісам: “Саўчанка, як пражыць на адзін заробак?” падчас выступу старшыні аблвыканкаму Уладзімера Саўчанкі.
Пазьней людзі ў цывільным накінуліся на сябраў “Маладой Грамады”, якія прыйшлі са сваімі сьцягамі. Ледзьве не закончылася бойкай. Сьцягі разгарнуць не дазволілі.
Побач трымаў транспарант дэпутат гарсавету Сяргей Антусевіч:
(Антусевіч: ) “Гэта звычайнае парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь службовымі асобамі. Асобамі ў пагонах, без пагонаў, якія прыйшлі сюды і проста перашкаджаюць нам годна сьвяткаваць Першага траўня. Гвалтам пачалі вырываць сьцягі. Афіцыйна зарэгістраваныя сьцягі”.
Сп. Антусевіч узначальвае Незалежны прафсаюз аб’яднаньня “Азот”. Правесьці прафсаюзнае шэсьце ўлады яму не далі, але афіцыйна запрасілі на мітынг. І бел-чырвона-белыя сьцягі Незалежнага прафсаюзу міліцыя не чапала.
Упершыню сёньня ў лесапарку ля Нёману праводзілася маёўка беларускамоўных сем’яў. Ініцыятар — вядомы гісторык Алесь Краўцэвіч. Ён гаворыць, што ў назву “маёўка” укладае іронію, але ня толькі. Раней рэвалюцыянэры зьбіраліся, каб абмеркаваць свае праблемы, бо ня мелі магчымасьці зрабіць гэта публічна. У падобнай сытуацыі сёньня сьведамыя беларусы.
(Краўцэвіч: ) “У сваёй краіне, на дванаццатым годзе незалежнасьці мы мусім зьбірацца дзесьці там, каб пагаварыць. Таму што ня маем іншай магчымасьці — ні ў газэтах, ні ў тэлевізіі – у гэтай краіне, у гэтым горадзе. Гэта значыцца, мы сьпіхнутыя на маргінэс”.
Вырашылі сабрацца сем’ямі. Каб дзеці расказвалі беларускія вершы, каб паслухаць “Краму” ды іншыя гурты. Каб самім развучыць народныя песьні. Праўда, дажджыстае надвор’е шмат каго спалохала. Аднак удалося нават распаліць вогнішча і падсмажыць сала і каўбаскі.