Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выконваюць дэпутаты мясцовых саветаў свае перадвыбарчыя праграмы?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

(Карэспандэнт: ) “Ставім пытаньне рубам: ці дастаткова двух месяцаў для эфэктыўнага дэпутацкага старту? Ведаю, напрыклад, што спадар Агееў дамогся ўсталяваньня на аўтобусных прыпынках свайго мікрараёну раскладаў руху грамадзкага транспарту. Гэта я бачыў сам, калі быў у Магілёве. А што засталося па-за ўвагай?”

(Аляксандар Агееў: ) “У нас была праблема дзіцячай паліклінікі. У прынцыпе, улада падступалася да яе, і пытаньне распрацоўвалася. Мы таксама зьбіралі подпісы для таго, каб у нашым мікрараёне была адкрытая дзіцячая паліклініка ці яе філіял. І наколькі я ведаю, гэтыя подпісы адыгралі нейкую ролю ў паскарэньні гэтага працэсу. Вось цяпер яна ўжо пераехала. Гэта досыць істотна, і гэта быў першы пункт нашай праграмы. Для нашага мікрараёну гэта, безумоўна, плюс, вялікі плюс”.

(Карэспандэнт: ) “Ведаю, што з дакладнасьцю да наадварот склалася сытуацыя ў Буда-Кашалёўскім раёне. Адкрыцьцё новага шпіталю ў райцэнтры, пра што шмат трубіла ў чарнобыльскую гадавіну дзяржаўная прэса, ва многім адбылося коштам скарачэньня штату ў вялікай лякарні мястэчка Ўваравічы. Спадар Кекелеў, як ідзе вашая вайна з вэртыкальлю, ці ўдаецца аднавіць тыя забраныя ў горад стаўкі?”

(Ігар Кекелеў: ) “Выбарцы Ўваравічаў хочуць аднаўлення ў бальніцы дзіцячага аддзяленьня. Калі здарылася няшчасьце ў Гусявіцы, гэтае аддзяленьне ўзяло на сябе ўвесь цяжар выратавання атручаных няякаснай вадою. Зараз гэтае аддзяленьне ўлада зачыніла. Як бы не хапае сродкаў, як бы яно непатрэбнае.

Уваравіцкая бальніца абслугоўвае шмат дзяцей ня толькі з Уваравічаў, але і з найбліжэйшых вёсак — Гусявіцы, Чабатовічаў, Крыўску, Узы, Камунару. Бацькі хочуць, каб дзеці знаходзілі бліжэй да іх. Яны маглі б аказаць і псыхалягічную падтрымку. Мы будзем змагацца за аднаўленьне працы гэтага аддзяленьня, і ня толькі яго.

Узьнікла праблема і з інфэкцыйным аддзяленьнем. Улада жадае яго зьменшыць, а потым і наогул закрыць. Я лічу, што гэтае рашэньне памылковае, яно не спрыяе паляпшэньню жыцьця дзяцей і дарослых”.

(Карэспандэнт: ) “Чым тады прадыктаваная лёгіка вэртыкалі — сапраўды бракуе сродкаў?”

(Кекелеў: ) “Я мяркую, што гэта ня столькі сродкі, колькі псыхалягічны ўціск на людзей, на саміх лекараў. У Буда-Кашалёве будуецца велізарная бальніца. Яны хочуць усё цэнтралізаваць для сябе. Яны забыліся, што абавязаныя працаваць бліжэй да сваіх людзей”.

(Карэспандэнт: ) “А што адбываецца на ўзроўні сельсавету, якія праблемы даводзіцца вырашаць вам, спадар Кулікоўскі?”

(Раман Кулікоўскі: ) “Стаяць пытаньні і грашовыя. і тыя, якія больш тычацца вёскі. Старэе вельмі вёска — людзей мала, засталіся адны пэнсіянэры. Больш за 60% усяго насельніцтва Пяршайшчыны, а гэта 29 вёсак, 60% — пэнсіянэры. Трэба працаваць зь імі, трэба дапамагаць ім. Гэтыя людзі, можна сказаць, пакінутыя на сёньняшні дзень. Дзеці ў іх выехалі, а штодзённыя пытаньні засталіся — вада, магазіны…

Цяпер будзем з вадаправодамі працаваць у Паляшчоўцах, у Папках будзем рабіць. Такіх вялікіх прыкладаў, чым бы я мог пахваліцца, няма. Дзесьці каму дроваў, дзесьці каму з транспартам — прывезьці паліва... Часьцей прыходзяць людзі з пытаньнямі, якія патрабуюць фінансаў, каб зрабіць якуюсьці справу”.

(Карэспандэнт: ) “...А грошай найчасьцей няма, сельсавецкія бюджэты бяднейшыя за царкоўных пацукоў. І што тады — разводзіце рукамі, маўляў, прабачце, людцы добрыя, не вінаваты я?”

(Кулікоўскі: ) “Не адказваеш, але і... Калі ідзе размова, то дзесьці нешта вырашаецца як бы гаворкай”.

(Карэспандэнт: ) “Згодны, чалавечая спагада з добраю парадай не апошняя справа ў жыцьці. Аднак пагадзіцеся, спадар Кулікоўскі, гэта ўжо справа, напрыклад, сьвятара, бо ад старшыні сельвыканкаму чакаюць усё ж рэальнай дапамогі, а вы разводзіце рукамі. Ці не азначае гэта, што надышоў час нейкіх рэформаў у мясцовым, з дазволу сказаць, самакіраваньні?”

(Кулікоўскі: ) “Не, форма на сёньняшні час неблагая. На вёсцы сёньня два кіраўнікі. Гэта кіраўнік калгасу і сельвыканкаму”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, цяпер вы як бы калгасны сакратар парткаму, бо грошы і рэсурсы вядома ў каго — у старшыні гаспадаркі. А вам, спадар Кулікоўскі, застаецца як бы функцыя зьвяна мясцовай ідэалягічнай вэртыкалі, хіба гэта правільна?”

(Кулікоўскі: ) “Кіраўнік сельвыканкаму — гэта чалавек, які глядзіць за парадкам у вёсцы, глядзіць за тым, каб мы жылі ня так, як можацца, а як патрэбна жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Я ж і кажу: варыянт ідэалягічнай вэртыкалі, але хіба гэта правільна? Вы сапраўды лічыце, што мясцовым саветам рэформы не патрэбныя?”

(Кулікоўскі: ) “Яны напэўна будуць, напэўна будуць зь цягам часу, таму што ідзе скарачэньне вёсак, працаздольнага насельніцтва менш, чым пэнсіянэраў. Вёскі выміраюць, няма людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Як ацэньвае магчымасьці “блізкай улады” пасьля першых спробаў рэалізацыі наказаў выбарцаў спадар Агееў?”

(Агееў: ) “У прынцыпе, наказаў было ня так ужо і багата. Мабыць, таму, што дужа няма веры ў тое, што дэпутаты здольныя рэалізаваць шмат якія вялікія прапановы. Гэтая вера маленькая, калі яна ёсьць увогуле. Так што мы самі, нашая каманда складалі пэўную праграму і зараз спрабуем яе рэалізаваць. Яна зноў-такі досыць рэалістычная. Бо праблема самакіраваньня ў нас у наступныя гады нават і не стаіць перад вышэйшымі ўладамі рэспубліканскага роўню. Мы рэалісты, і таму спрабавалі праблемы, зьвязаныя з асьвятленьнем, рамонтам дарогаў і гэтак далей, уключыць у сыстэму нашых наказаў”.

(Карэспандэнт: ) “Можна праілюстраваць сказанае канкрэтным прыкладам?”

(Агееў: ) “Ёсьць праблемы, зь якімі сутыкнуліся падчас кампаніі. У нас ёсьць такі будынак на Крупскай, 198. У іх дах цячэ — пяты паверх залівае суцэльна. Вось цяпер у Магілёве ідзе дождж, і можна спачуваньне жыхарам Крупскай, 198 выказваць, бо ў іх цячэ. І гэта жахлівая праблема. Старшыня адміністрацыі нашага раёну, ён прыехаў туды з маёй просьбы, паглядзеў, паабяцаў — як цёплыя дні будуць, пачнецца рамонт”.

(Карэспандэнт: ) “Вас хоча дапоўніць спадар Кекелеў...”

(Кекелеў: ) “Я рыхтую дэпутацкія запыты па тых пытаньнях, якія хвалююць маіх выбарцаў, і спадзяюся, што гэтай працай мы даможамся паляпшэньня жыцьця жыхароў Уваравічаў”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Агееў, вы прафэсійны гісторык, выкладчык пэдунівэрсытэту, таму і ўвайшлі ў склад камісіі ў справах адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны Магілёва. Што робіце па гэтай лініі, так добра знаёмай вам, як выкарыстоўваеце тут дэпутацкі патэнцыял?”

(Агееў: ) “Ёсьць праблема, зьвязаная з помнікам гісторыі й культуры — Палыкавіцкай крыніцай. У раёне гэтага выдатнага помніка пачынаецца чарговы этап катэджнай забудовы. Закальцуюць, відаць, з усіх бакоў. Я ўжо выказаваў у друку пратэсты супраць і, у прынцыпе, адной з мэтаў, калі я ішоў у дэпутаты, было якраз змаганьне супраць гэтага працэсу і наданьне тэрыторыі вакол гэтай Палыкавіцкай крыніцы і храму, які цяпер там адбудоўваецца, статусу хаця б заказьніка. Ну вось гэта я хачу зрабіць і гэтым займаюся зараз”.

(Карэспандэнт: ) “Мне падаецца, вашу дэпутацкую працу ў Магілёўскім гарадзкім савеце павінна ўскладняць тое, што працуеце на ўчастку, дзе няма буйных заводаў, нейкіх адметных сацыяльна-культурных установаў — так, просты, традыцыйны для ўсёй краіны спальны мікрараён. Ці я памыляюся, спадар Агееў?”

(Агееў: ) “Праблема ў тым, што нашыя чыноўнікі ў выканаўчых камітэтах цэнтрысты. Як былі эўрацэнтрысты, масквацэнтрысты ў Савецкім Саюзе, і цяпер яны ўсю ўвагу надаюць цэнтру. Для іх гэта натуральна, напэўна, бо адказнасьць у іх найперш стаіць перад вышэйшымі саветамі, органамі, якія прыяжджаюць у цэнтар. Таму цэнтар у нас, дарэчы, у Магілёве становіцца прыгажэйшым. Дзякуючы бізнэсу, які выкупляе першыя паверхі дамоў, тут рэкляма зьяўляецца, плітку кладуць. Усё гэта добра. А ўскраіны застаюцца забытымі да гэтага часу. І праблема ў тым, што філязофія чыноўнікаў — яна, на жаль, такая. Зьмяніць яе — гэта была бы супэрзадача, але ці атрымаецца, цяжка сказаць”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж патроху, там-сям, чынавенства мяняе погляды на жыцьцё. Напрыклад, у вёсках аднавілася такая зьнішчаная за савецкім часам фігура як стараста. Яны дапамагаюць вам, спадар Кулікоўскі, або гэта звычайная фікцыя, падробка пад новыя ўмовы?”

(Кулікоўскі: ) “Ну, старасты, старасты... Цяпер я ня бачу другой формы, бо сёньня ў нас у пэўным сэнсе паперны час. Даведкі домаўладаньня, зямельныя падаткі, пераразьмеркаваньне зямлі ідзе...”

(Карэспандэнт: ) “Спадар Кекелеў, вам у рабоце з выбарцамі тыя ж старасты, хутчэй за ўсё, не дапамога. Лепш, відаць, спадзявацца на сябе?”

(Кекелеў: ) “У наступную пятніцу я зьбіраюся на сустрэчу з выбарцамі. Гэта будзе прыём выбарцаў, якія за мяне галасавалі і ў якіх ёсьць праблемы на гэты час. Я буду зь імі сустракаца, каб ня страціць сувязі, каб была карысьць людзям, якія даверылі мне справу дэпутата. Я зьбіраюся супрацоўнічаць з раённай газэтай “Авангард”, выносіць на старонкі крытычныя пажаданьні дзеля паляпшэньня жыцьця выбарцаў”.

(Карэспандэнт: ) “Аднак калі ўважліва паглядзець на дэпутацкі корпус, то можна пабачыць: што большая частка яго асаблівай актыўнасьцю не вызначаецца. Гэта — застарэлая традыцыя, або шмат хто яшчэ спачывае на ляўрах, замарудзіўся са стартам? Што думаеце, спадар Агееў?”

(Агееў: ) “У прынцыпе, мы ўсе мала ведаем, што такое мясцовая ўлада, як яна павінна быць арганізаваная, як гэта робіцца ў краінах, дзе маюць большы досьвед — у Швэцыі, напрыклад. Хаця б у нашых суседзяў. Трэба вучыцца ў іх, трэба вучыцца ў папярэднікаў. Вось гэта яшчэ ня зроблена”.
XS
SM
MD
LG