Сёньняшняе жалобнае шэсьце віцебскія прадстаўнікі апазыцыйных партыяў праводзілі, прынцыпова не пытаючыся дазволу ва ўладаў. І на ўсім шляху ад ратушы да плошчы Леніна калёну апазыцыянэраў праводзілі міліцыянты, запатрабаваўшы, каб сьцягі ды транспаранты ўдзельнікаў шэсьця былі згорнутыя.
Разгарнуць іх давялося толькі на месцы дазволенага мітынгу, у сквэры каля плошчы Леніна. Гэтая акцыя была падрыхтаваная прадстаўнікамі АГП, БНФ “Адраджэньне”ды БСДП “Народная грамада”, а наведалі яе больш за сотню віцяблянаў. Дарэчы, шмат хто зь іх абураўся, што менавіта сёньня, у жалобны для ўсёй Беларусі дзень, віцебскія ўлады наладзілі штогадовы вясновы кірмаш, з шашлыкамі на пляцы Волі ды разьліванай гарэлкай.
Адразу пасьля мітынгу распачалася яшчэ адна сёньняшняя апазыцыйная акцыя – пікет сяброў КХП БНФ, які прайшоў пад лёзунгам “Расея ды Чарнобыль – гэта сьмерць для беларускага народу”.
Пікет сяброў КХП БНФ, прысьвечаны 17–м угодкам Чарнобыльскай трагедыі, прайшоў сёньня і ў Воршы. Да “фронтаўцаў” далучыліся і прадстаўнікі “Народнае Грамады”. А таксама на гэтую імпрэзу зьявіліся колькі супрацоўнікаў Аршанскага гарвыканкаму ды тутэйшае міліцыі. Міліцыянты запатрабавалі ад пікетоўцаў згарнуць плякат са словамі “Ўсім дыктатарам –сабачая сьмерць”, а супраць пляката “Саюз з Расеяй – гэта акупацыйны Чарнобыль” пярэчыць ня сталі.