Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛАЦКАЕ “ШКЛОВАЛАКНО” ПАТРАБУЕ ПАДВЫСІЦЬ ЗАРОБКІ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Выступіць з такім патрабаваньнем работнікаў акцыянэрнага таварыства прымусіла апошняя падвышка тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. “Апроч таго, — гаворыцца ў звароце, — нізкая пакупніцкая здольнасьць работнікаў не дазваляе большай частцы працоўнага калектыву набыць акцыі і, такім чынам, узяць удзел у прыватызацыі прадпрыемства”.

Вось што сказаў з гэтай нагоды старшыня Свабоднага прафсаюзу “Шкловалакна” Віктар Стукаў:

(Стукаў: ) “Мы патрабуем аднаго: каб цэны і камунальныя тарыфы ў краіне павышаліся разам з павелічэньнем заробкаў. У зьвязку з тым на савеце нашага прафсаюзу было прынятае рашэньне распачаць збор подпісаў пад зваротам да прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” спадара Бамбізы з патрабаваньнем павелічэньня заробку на 50%, тым больш, што грошы дзеля гэтага ёсьць. Сёньня пачаўся збор подпісаў у цэхах і зьменах. Людзі актыўна падпісваюцца. Пры гэтым многія наракаюць на тое, што, працуючы на рэнтабэльным прадпрыемстве, ня могуць зьвесьці канцы з канцамі. Спадзяемся, што кіраўніцтва канцэрну і ўраду прыслухаюцца да нашых патрабаваньняў”.

Між тым сярэдні заробак на прадпрыемстве склаў за мінулы месяц 308 тысяч рублёў, і гэта з улікам разавай прэміі 30 тысячаў кожнай жанчыне-работніцы да сьвята 8 Сакавіка. Праца тут ня толькі цяжкая, але й шкодная: людзям даводзіцца дыхаць шкляным пылам. Са словаў Віктара Стукава, Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Полацак-Шкловалакно” працуе з высокай рэнтабэльнасьцю, пастаўляючы прадукцыю ў Расею, ЗША, Японію, Нямеччыну, Галяндыю ды іншыя краіны, і магло б, з унутраных рэсурсаў, падвысіць заробкі работнікам, аднак заганная практыка ўраду стрымліваньня заработнай платы не дазваляе гэтага зрабіць.
XS
SM
MD
LG