Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стандарты заможнасьці па-беларуску


Аляксандар Уліцёнак

“Усё як ва ўсіх”, — звыкла адказваюць беларусы, калі ў іх пытаюцца пра жыцьцё. У гэтым абагульненьні нібыта й няма ніякай ацэнкі. Аднак большасьць мае на ўвазе, што ў іхным лёсе час не найлепшы. Больш жорсткай і дакладнай формулы пазьбягаюць, бо сапраўды ня бачаць базы для параўнаньня. Як у горшы, так і ў лепшы бок — зноўку ўсё неяк зраўнялася, нібыта пры савецкай уладзе. У гэтай перадачы мы ўсё ж паспрабуем канкрэтызаваць узровень жыцьцёвых стандартаў тых трох пятых жыхароў Беларусі, якія жывуць па-за межамі сталіцы й абласных гарадоў. Вось некаторыя меркаваньні герояў перадачы:

(Валожынскі вясковец: ) “У нас усе аднолькавыя. Ні бедных, ні багатых у нас няма”.

(Петрыкавец Андрэй Яўтуховіч: ) “Свой кампутар для большасьці — гэта рэч незразумелая ўвогуле. І адзнака, як гавораць у нас, раскошніцтва”.

(Георгі Сінельнікаў з Гарадзеншчыны: ) “Такія каміны каштуюць ад трохсот даляраў да пяці тысяч. А шэсьць сотак газону будуць каштаваць тры тысячы”.

(Узьдзенскі фэрмэр Васіль Голубеў: ) “Вось ты мусіш зь імі сесьці, па стакану самагонкі выпіць — тады ты будзеш добры”.

Aцэньваць сярэднюю заможнасьць па краіне — усё роўна, што вылічваць сярэднюю тэмпэратуру ў больніцы: бессэнсоўна, бо ў кожнай палаце яна свая. Таму возьмем адну толькі, з дазволу сказаць, “палату” — Гомельшчыну. Тут сярэднямесячны заробак на вытворчасьці склаў за мінулы год 190 тысяч рублёў, толькі на дзесяць даляраў адсталі бюджэтнікі. Затое зусім бедныя ў параўнаньні зь імі калгасьнікі, якім налічвалі ўдвая меней, усяго 90 тысяч.

Аднак і тыя мізэрныя заробкі з пачаткам новага году пачалі падніжацца — на вёсцы, напрыклад, з 45 да 40 даляраў. Між іншым, у шэрагу раёнаў краіны, напрыклад у Вялейскім,, пра такія грошы толькі мараць. Як жа ставяцца да гэтага людзі? Просьценькае пытаньне пра дастатковы памер заробку ці пэнсіі літаральна заганяла іх у тупік. Не згаворваючыся, яны адказвалі прыблізна так, як малапісьменная жанчына з Буда-Кашалёўскага раёну:

(Жанчына: ) “Ой, я ня ведаю, я не магу сказаць, я вясковы чалавек”.

Яшчэ адно меркаваньне:

(Жанчына: ) “Ня ведаю, мой галубок. Наша пэнсія малая. Мы не жывем, а толькі выжываем. Каб раскошна жыць, патрэбныя грошы. Мы ўсё жыцьцё пражылі й такіх грошай ня бачылі. І ня ведаем, што такое мільёны. У нас — капейкі”.

Зрэшты, давялося пачуць і меркаваньні пра тое, якім бачыцца гіпатэтычны заробак, каб жыць больш-менш прыстойна:

(Маладая жанчына: ) “Мінімум 300 тысяч трэба на чалавека. А ў мяне ў сям’і атрымліваецца 42 тысячы. Якія грошы, такія й патрэбы”.

Другая кабета:

(Кабета: ) “Хаця б 500 тысяч. Гэта мінімум. А на 120 тысяч што я магу? Вады з крана папіць і хлеба з сольлю купіць — вось і ўсё!”

Такім чынам, самыя сьмелыя мары вяскоўцаў укладваюцца на 100–300 даляраў. Паслухаем гамельчука настаўніка Канстанціна Сахацкага:

(Канстанцін Сахацкі: ) “Беларус увогуле ня бачыў добрага жыцьця, такога, якое б магло пайсьці яму на карысьць. Ён і ня лічыць, што можа выехаць кудысьці за мяжу. Таму ў яго й такія патрабаваньні”.

Тут пэўная супярэчнасьць думак, бо ў любой глухой вёсцы сёньня маюць магчымасьць, напрыклад, праз тэлевізар даведацца, што такое шыкоўнае жыцьцё. Ды што тэлекарцінкі, калі дзеці з самых аддаленых куточкаў Гомельшчыны ужо 15 гадоў вандруюць па замежжы — такім чынам цывілізаваны сьвет спрабуе дапамагчы ім пазбавіцца магчымых наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Іншыя з малых за гэты час лепей даведаліся пра Эўропу, чым вядучыя ўсіх расейска-беларускіх тэлеканалаў, якія працягваюць справу лідэра “Клюбу падарожнікаў” спадара Сянкевіча.

Але веды тутэйшых нейкім дзіўным чынам адасабляюцца ад рэальных умоваў, пабачанае і ўведанае праз пэўны час крышталізуюцца ў просьценькай формуле: там адно, а тут іншае... Сказваецца і тое, што сёньня ў краіне вельмі мала людзей больш-менш дасканала ведаюць замежныя мовы. Амаль па Кіплінгу, памятаеце — захад ёсьць захад, усход ёсьць усход, і ім ніколі не сысьціся... Так, багатыя і бедныя могуць аднолькава глядзець на сьвет, аднак бачаць яны кожны сваё.

Вось камэнтар былога міністра працы Беларусі, а зараз аднаго з кіраўнікоў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандра Саснова:

(Сасноў: ) “Сёньня 44% насельніцтва лічаць, што іх матэрыяльная становішча за апошні год пагоршылася. Толькі кожны дзясяты мяркуе наадварот. Больш за 41% насельніцтва хоча зьехаць на сталае месца жыхарства ў іншую краіну. Напрыклад, у Нямеччыну — 15%, у Злучаныя Штаты — 9,5%, у Расею — 5,7 і ў Польшчу — 5,6%. А калі паглядзець, хто хацеў бы зьехаць, дык сярод студэнцтва такіх больш за 70%”.

Мара пра Нямеччыну як пра клясычны ўзор дабрабыту жыве ў беларусаў з савецкага часу, больш дакладна — з 1945 году, тады сотні тысяч іх пабылі на берагах Эльбы ды Шпрэе. А зараз, калі ФРН стала для краіны эканамічным партнэрам нумар два пасьля ўсходняй суседкі, тое даўняе бытавое клішэ толькі ўзмацнілася. Усё зразумела і са Злучанымі Штатамі, асабліва ў зьвязе сацыялягічнае статыстыкі з памкненьнямі студэнцтва — маладыя найперш хочуць на радзіму самага “хуткага”, тэхналягічнага мільярдэра сьвету Біла Гейтса, каб хоць у мінікопіі паўтарыць ягоны неверагодны рывок да багацьця і славы праз уласныя здольнасьці.

Выбар жа Расеі й Польшчы тлумачыцца найперш здаровым крытычным рэалізмам беларусаў — яны бачаць, чаго можна дабіцца ў амаль аднолькавых умовах, і таму не без падставаў разьлічваюць лёгка ўвайсьці ў тое больш заможнае, чым дома, жыцьцё. Нагадаю: у Беларусі першасная вілка заробкаў сярэняй клясы насельніцтва складае 100–300 даляраў. А ў суседніх Пскове, Смаленску, Чарнігаве ўжо 200–500 даляраў.

Як сказаў сацыёляг Аляксандар Сасноў, амаль палова беларусаў марыць зьехаць за мяжу. Бо расьце доля тых, хто “бедны, але не пражывае ў крайняй нястачы”. У такіх умовах прыкладна траціна грамадзтва. І большая частка іх зусім ня ў вёсках, а ў невялікіх гарадах кшталту палескага Петрыкава. А што тут зьяўляецца крытэрам добрага жыцьця, нейкім сымбалем посьпеху — машына, дом, кампутар? Вось развагі сталага петрыкаўца Андрэя Яўтуховіча:

(Яўтуховіч: ) “Свой кампутар для большасьці — гэта рэч незразумелая ўвогуле. І адзнака, як гавораць у нас, раскошніцтва: “Раскошнік — у цябе яшчэ й кампутар!” Баюся, трэба пачынаць з прыбіральні, з узроўню ўнітаза, якога ў большасьці людзей няма. І яны ня ведаюць, што гэта такое”.

Затое да ўласных аўтамабіляў у Петрыкаве ставяцца куды больш спакойна, чым гадоў 20 таму.

(Яўтуховіч: ) “Так, гэта ўжо не праблема. Мала таго, зараз да аўтамабіля ставяцца так — ня проста аўтамабіль, а добры аўтамабіль. Замежны. Якасны. Па ўсіх канторах, па нейкіх там прыватных прадпрымальніках “мэрсэдэс-200” — гэта... ніякіх пытаньняў. Я нават бачыў, на “мэрсэдэсе” цягнулі прычэп з гноем. Во гэта было...”

Беларуская эканоміка, так бы мовіць, коламі “прырастае” куды больш актыўна, чым кампутарамі. Сёньня ў краіне 1,6 мільёна легкавікоў, зь якіх усяго каля 700 тысяч нерасейскай вытворчасьці. Машыны маюць у кожнай чацьвертай сям’і зь сярэднім узроўнем даходаў. І яшчэ красамоўны факт: 80% беларусаў езьдзяць на машынах, якім больш за 10 гадоў. Між тым у Чэхіі, дзе колькасьць насельніцтва роўная зь Беларусьсю, штогоду рэгіструюць 200 тысяч новых аўто. У РБ — толькі 3 тысячы…

Аднак вернемся да нашага суразмоўцы зь Петрыкава. Вось што кажа Андрэй Яўтуховіч пра папулярнасьць у гарадку такой дзяжурнай прыкметы цывілізацыі, як мабільныя тэлефоны:

(Яўтуховіч: ) “Ёсьць, сустракаюцца. Але гэта яшчэ не распаўсюджана. І гэтую паслугу разумеюць галоўным чынам тыя, каго мы называем “дзелавымі”. Затое зьявілася спадарожнікавае тэлебачаньне, даволі многа. Прычым іхныя ўладальнікі часьцей за ўсё глядзяць расейскія каналы”.

Зразумела, найперш цікавяць кіно ды забаўляльныя праграмы. Пра магчымасьць навучаць хоць бы дзяцей з дапамогаю такіх тэлевізараў ангельскай або нямецкай, францускай мовам амаль ніхто й ня думае. Між тым, у Расеі 60% апытаных сацыёлягамі грамадзянаў гатовыя ўжо сёньня ўкладваць да траціны сямейнага бюджэту якраз у адукацыю дзяцей. У Беларусі для гэтага пакуль няма магчымасьцяў.

Спэцыялісты тлумачаць сытуацыю меншай заможнасьцю беларусаў — яшчэ Канфуцый лічыў: спачатку абагачаюцца, а потым ужо і навучаюцца. Адукацыяй найчасьцей цэмэнтуецца ўжо дасягнуты жыцьцёвы посьпех бацькоў, яны нібыта падвышаюць сацыяльны статус сям’і.

Але ў Петрыкаве пра гэта думаюць пакуль адзінкі. Невыпадкова той жа Інтэрнэт у разуменьні тутэйшых найперш зьвязаны зь нейкімі інтэлектуальнымі высілкамі, і таму ён ня стаў папулярным. Хоць паводле назіраньняў спадара Яўтуховіча, школьнікі інтуітыўна цягнуцца да сеціва, кампутараў увогуле. Аднак, як правіла, гэта не стасуецца з поглядамі бацькоў: “Ай, табе абы забавы нейкія! Давай лепей купім касьцюм, ды й на мапэд амаль хопіць...” Заўважны паўсюль на сьвеце канфлікт пакаленьняў, тут, у глыбінцы, набывае дастаткова своеасаблівыя формы непаразуменьня.

Парадаксальна, аднак гэта тычыцца й такога, здавалася б, разумнага жаданьня старэйшых петрыкоўцаў, як вучоба дзяцей у ВНУ. А паколькі конкурсы на прэстыжныя спэцыяльнасьці завоблачныя, дык раяць паступаць хоць куды, абы атрымаць дыплём.

У вобласьці найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца гомельскія ўнівэрсытэт, былы чыгуначны інстытут, мэдычны, каапэратыўны. У рэйтынгу спэцыяльнасьцяў лідыруюць юрысты, эканамісты, бугальтэры, банкіры... Нярэдка выбар маладых вызначае адсутнасьць у глыбінцы пэрспэктываў самарэалізацыі. А як ня ведаюць адказу на пытаньне “куды падзецца”, дык і выбіраюць у якасьці найменшага, так бы мовіць, “зла” далейшую неасэнсаваную, неўсьвядомленую вучобу.

Гэткай неразборлівай сацыяльнай модай на адукацыю вельмі выгадна скарысталіся дзялкі ад вышэйшай школы, якія паадкрывалі безьліч платных факультэтаў, інстытутаў, акадэміяў, унівэрсытэтаў... Іхная слабая матэрыяльная, кадравая база, пакладзеная на састарэлую мадэль адукацыі, актыўна спрыяе папаўненьню арміі беспрацоўных з коркамі ВНУ. А грошы на вучобу пайшлі немалыя: год навучаньня ва ўнівэрсытэце і каапэратыўным інстытуце каштуе ад 600 да 800 даляраў. Дарэчы, колькасьць бюджэтнікаў і так званых “платнікаў” у Гомелі амаль аднолькавы.

Аксіёма: здароўе, пра якое ішла размова, не захаваць бяз добрага сталаваньня й адпачынку. Дык што трапляе сёньня на беларускі стол? Апошнімі днямі на бабруйскім рынку нешматлюдна — альбо на гандлі адбіваецца пост, які пачаўся ў праваслаўных хрысьціянаў, альбо вялікія запазычанасьці заробкаў. І нават рэдкія пакупнікі не сьпяшаюцца даставаць грошы.

(Пакупнік: ) “Фінансавы бок у нас храмае. Калі б было іначай, тады калі ласка — на рынку, бачыце, усяго хапае. Багацьце! Набывайце, што хочаце. Але, на жаль, кішэня парожняя”.

Наведнікі рынку лічаць, што заможныя людзі больш ядуць садавіны й гародніны, рыбы. Увогуле карысныя харчы зь нізкім утрыманьнем халестэрыну, іншых шкодных складнікаў. У прынцыпе, такое мэню можа дазволіць сабе любы, аднак, жартуюць людзі, толькі аднойчы — у дзень заробку.

(Спадар: ) “Пытаньне рытарычнае: якія харчы я б ужываў, каб меў дастаткова грошай? Колькі б дазваляў страўнік, столькі б і еў!”

(Спадарыня: ) “Набывала бы экалягічна чыстыя харчы і глядзела не на грошы, а на самую высокую якасьць”.

Вядомы ў вобласьці бізнэсовец Сяргей Цюцюнік арыентаваўся сем гадоў таму выключна на заможных землякоў, але зараз мусіць прызнацца ў памылковасьці сваёй тактыкі — такіх няшмат. Але яго суцяшае іншае: нават адносна бедныя людзі арыентуюцца зараз ня столькі на кошты, колькі на якасьць тавараў. А спадар Цюцюнік заўсёды высока цаніў якасныя прадукты.

(Цюцюнік: ) “Калі прывозяць расейскія мікаянаўскія каўбасы са стоадсоткавым утрыманьнем мяса, яны разыходзяцца хутка, а з напаўняльнікамі дык часам вяртаем пастаўшчыку. Хаця кошты ў іх розныя. І нават калі зь мясакамбінату паступае каўбаса трэцяга гатунку, то баімся, што не рэалізуем яе. Усё ж на якасьць апошнім часам зьвяртаюць увагу”.

А што тычыцца агульнага харчовага стандарту заможнасьці, дык паводле назіраньняў Сяргея Цюцюніка, ён утрымлівае магчымасьць набыцьця дарагой рыбы — фарэлі, сёмгі, палтуса ці асётра, далей — ікры, сыроў, вырабаў зь мяса без дадаткаў і садавіны-гародніны штодзень.

Гэта меркаваньне зацікаўленага гандляра харчамі. А вось што зафіксавалі сацыёлягі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Слова Аляксандру Саснову:

(Сасноў: ) “Сёньня можна сказаць, што сытуацыя з харчаваньнем беларусаў значна пагоршылася. Гэта відаць са зьвестак, якія мы маем з нацыянальных апытаньняў насельніцтва. За мінулы год стала больш тых, хто лічыць, што ня можа нармалёва харчавацца за кошт асабістых даходаў. Больш і тых, хто ня можа набываць новыя адзеньне ці абутак. І сёньня стала больш тых, хто ня здольны набыць нешта значнае, напрыклад, машыну або кватэру. Год таму ня мелі дастатковых сродкаў на харчаваньне 11% насельніцтва, зараз такіх — 14. Год таму амаль 27% ня мелі сродкаў на набыцьцё адзеньня й абутку, сёньня такіх амаль што 30%. Раней 81% не маглі рабіць больш вялікія пакупкі, а сёньня такіх амаль 86%”.

Зазначым, што па афіцыйнай статыстыцы каля чатырох пятых сем’яў у краіне зарабляюць менш за 100 даляраў на чалавека. Калі ўлічыць, што доля расходаў грамадзян Беларусі на харчаваньне па розных падліках складае ад 50 да 60%, то зразумела, што на адпачынак грошай амаль не застаецца. Калі ня мець магчымасьці дадатковага заробку, як гэта найчасьцей і бывае ў рэгіёнах, дык пра экзатычныя падарожжы застаецца марыць.

Ала Мысьлявец жыве ў вёсцы Пяршаі Валожынскага раёну. Працуе культарганізатарам у мясцовым цэнтры рэабілітацыі насельніцтва. Гэта чарнобыльская зона, таму насельніцтву неабходна шмат клапаціцца пра здароўе і, зразумела, адпачынак. Хоць па мясцовых мерках сям’я Мысьляўцоў зарабляе нядрэнна, аднак на паўнавартасны водпуск нават не разьлічваюць.

(Мысьлявец: ) “У асноўным мы нікуды не выяжджаем. Калі толькі на рэчку ці на возера, якія паблізу вёскі. І сродкаў асабліва няма, грошай не хапае. Нават дзяцей не атрымліваецца ўлетку куды-небудзь адправіць на аздараўленьне”.

Тое ж казалі іншыя жыхары Пяршаяў. Гавораць мэханізатар Аляксандар Канановіч і пэнсіянэрка Марыя Пратасевіч-Русовіч:

(Канановіч: ) “Адпачываем мы дома. Бо самім трэба нарыхтоўваць дровы. Дома работы многа, таму адпачынак праходзіць тут”.

(Пратасевіч-Русовіч: ) “Цяпер, меўшы пэнсію, чалавек можа зьезьдзіць у Менск. А на далёкае падарожжа сабраць грошай немагчыма. Хіба ўсё прадаць”.

На думку вяскоўцаў, добра адпачыць сёньня мажліва толькі багатаму чалавеку. Зноў пытаюся, хто ў іхным уяўленьні заможны? І ці ёсьць такія тут, у Пяршаях?

(Спадар: ) “Некалі чалавек лічыўся заможным, калі ў яго быў ровар. Казалі: ровар маеш — файна жывеш! А цяпер машына. Гэта ўжо добра жыве чалавек”.

(Другі спадар: ) “О, я такіх людзей ня бачыў у калгасе. У нас усе аднолькавыя. Ні бедных, ні багатых у нас няма”.

(Трэці спадар: ) “Самы бедны той, хто нідзе не працуе, п’е гарэлку і не глядзіць ні сябе, ні сваіх дзяцей. У нашай вёсцы, на жаль, шмат гультаёў, п’яніц. Чэсна жыць нават на вёсцы цяжка”.

Але ж тры пятыя беларусаў жывуць ня толькі ў вёсках тыпу Пяршаёў і зарабляюць не заўсёды столькі, як тут. У аўтобусах, цягніках і самалётах, якія дастаўляюць беларускіх турыстаў у далёкае і блізкае замежжа хапае і прадстаўнікоў рэгіёнаў. Пра іхныя маршруты распавядае ўладальнік газеты “Турызм й адпачынак” Сяргей Плыткевіч:

(Плыткевіч: ) “Толькі што скончылася зіма. Зразумела, выбіралі самыя таньныя курорты, бо багатых людзей у нас ня так многа. І таньнейшыя, і бліжэйшыя. Гэта Польшча, Славаччына, Чэхія. Яшчэ Эгіпэт. Прычым многія абіралі вылет ня зь Менску, а з Масквы, бо таньней. Што будзе летам, вясной? Калі, напрыклад, раней многія езьдзілі ў Гішпанію або Турцыю, дык зараз выбіраюць Баўгарыю альбо Крым.

Я думаю, частка беларусаў зможа дазволіць сабе адпачынак, таму што вельмі напружаная праца. Асабліва ў тых, хто працуе ў прыватных фірмах, хто ўзначальвае... Вельмі цяжка зарабляюцца гэтыя грошы, і таму людзі, зразумела, хочуць неяк аднавіць здароўе. Але ж большая частка беларусаў адпачыць усё ж ня зможа”.

Вось такі пэсымістычны прагноз...

Адрозьненьні ў меркаваньнях пра характарыстыкі заможнасьці па-беларуску ёсьць, аднак агульная тэндэнцыя праглядваецца даволі выразна. Каб пачаць жыць, як кажуць, “па-людзку”, на пачатку трэба адмовіцца ад п’янства, якое апошнім часам становіцца агульнанацыянальнай праблемай. Гэта сытуацыя вельмі турбуе ўзьдзенскага фэрмэра Васіля Голубева:

(Голубеў: ) “Людзі вельмі зайздросныя ў нас. Калі ты зь імі не сядзіш на лаўцы, ня п’еш гарэлкі і ня плачасься пра тое, як кепска жыць, то за сьпінай чаго хочаш пачуеш. Вось ты мусіш зь ім сесьці, па стакану самагонкі выпіць — тады ты будзеш добры. А калі ты жывеш ня так, калі ў цябе дзеці не галодныя, калі ты па начах ня сьпіш, а працуеш, дык гэта іх не турбуе. Народ дайшоў да ручкі!”

Сам Васіль Голубеў 10 гадоў таму зьехаў зь Менску, дзе працаваў інжынэрам-радыётэхнікам, у Саракоўшчыну.

(Голубеў: ) “Цяжкавата: нікога ня ведаў, з пустымі кішэнямі... Распачаў будоўлю, без усялякіх пазыкаў. Першыя пару гадоў у калгасе працаваў, а потым толькі на сябе... Старшыня калгасу ці дырэктар саўгасу — ён не гаспадар. Калі карова захварэе, то каб яе выбракаваць, здаць на мясакамбінат, трэба ехаць у Менск. А за два тыдні карова здохне. А калі здохне, то заатэхнік ці вэтлекар вінаватыя. Калгасьнік не гаспадар. Ён скрадзе мех мукі, прадасьць і гэтым жыве. А мне красьці ня трэба”.

Спадар Голубеў стаў заможным, калі кінуў калгас, узяў 4 гектары зямлі, завёў курыную фэрму, дабудаваў дом... Ён разьлічвае толькі на сябе, уласную эканамічную самастойнасьць, таму шмат працуе. Мае аўтамабіль, мабільны тэлефон, іншыя даброты. Гэты чалавек плянуе сваю будучыню, а побач жывуць тыя, хто зьвязвае заўтра выключна са спажывецкім спадзевам, што Лукашэнка нарэшце возьмецца за калгасы ды паставіць іх на ногі. Пакуль тое ня здарылася — жлукцяць гарэлку й касавурацца на заможнасьць працавітага суседа. Бедным патрэбная не дэмакратыя, а абяцаньні хлеба й відовішчаў.

Дэмакратыя найперш неабходна такім, як Васіль Голубеў. Кажучы мовай палітолягаў, тым, хто прэтэндуе на права лічыць сябе прадстаўніком сярэдняй клясы, які складае ў разьвітых краінах каля 60% насельніцтва. Там гэта асноўны падаткаплатнік і галоўны выбарац, самы дарагі капітал, нацыянальнае багацьце.

Кажуць, што калі сёньня адабраць у японцаў усё набытае, дык празь нейкае пяцігодзьдзе краіна, нібы той Фэнікс, зноў адновіцца. Бо застаўся галоўны яе капітал — японская сярэдняя кляса. Сказанае — ня проста рыторыка. Ужо сёньня сродкі, неабходныя для падрыхтоўкі сучаснага прафэсіянала на Захадзе куды большыя, чым затраты на стварэньне рабочага месца для яго. Сучасная сусьветная эканоміка стала апошнім часам якасна новай.

А на постсавецкай прасторы па-ранейшаму ў глыбіні душы вераць, што “за бугром” добра жывуць толькі эксплюататары-імпэрыялісты. Таму тут, у Беларусі, нібыта неабходна любой цаной захаваць дзяржаўную матэрыяльна-тэхнічную базу і, маўляў, неўзабаве ўсе, як і раней, зажывуць добра. Гэта інэрцыя мінулага, калі сьвята верылі: вырабім шмат трактароў — пабачым нарэшце каўбасу на прылаўках.

Менскі трактарны вунь як працаваў, а каўбаса так і засталася дэфіцытам. Дык мо прыйшоў час зразумець, што справа ў іншым — у трактарысьце? У матывацыі яго працы, ягоным статусе ўласьніка. Вы пакладзіце сёньняшняму калгаснаму мэханізатару хоць тысячадаляравы заробак — вечарам ён усе роўна пагоніць на сваім МТЗ у суседнюю вёску за самагонам. Бо не гаспадар. Не прафэсіянал. Ня носьбіт маралі сучаснай сярэдняй клясы.

І вельмі добра, што людзей, падобных на Васіля Голубева, пакрысе становіцца больш. Асабліва ў заходніх рэгіёнах. Хутчэй і часьцей выбіваюцца ў людзі тыя, хто ня проста шмат працуюць, а знайшлі нейкія адметныя нішы. Георгі Сінельнікаў з Гарадзеншчыны хіба ці ня першым у Беларусі замест бульбы зрабіў на сваім участку сапраўдны газон. Зараз ён прафэсійна займаецца азеляненьнем, выконвае іншыя работы па добраўпарадкаваньню двароў. Сваім незвычайным бізнэсам задаволены — патрэба ў адмысловых спэцыялістах нарастае.

(Сінельнікаў: ) “Шмат якія людзі зьвяртаюцца па дапамогу да архітэктара. І ягоная праца робіцца больш каштоўнай. Дамы будуюць сёньня прасторныя. Мне даводзілася бываць у дамах, у якіх па 16 пакояў. Заўсёды задаваў пытаньне: навошта гэтак многа? Тлумачэньні такія: разглядалі будаўніцтва такога дому як укладаньне грошай”.

На погляд спадара Сінельнікава прыватнае будаўніцтва актывізавалася ў апошнія два гады. Названыя ім лічбы не стасуюцца з афіцыйнай статыстыкай, якая ня ўлічвае пабочныя, схаваныя ад розных праверак даходы. Паказваць сёньня рэальныя заробкі небясьпечна, таму вельмі многія на справе жывуць куды лепей, чым па папяровай справаздачнасьці. Георгі Сінельнікаў упэўнены: у Беларусі пачала фармавацца сярэдняя кляса, разьбітая найперш па прыкметах заможнасьці на тры групы — ніжэйшую, сярэднюю і вышэйшую. Але пра гэта крыху пазьней. Пакуль жа яму слова:

(Сінельнікаў: ) “Такіх людзей, якія могуць пабудаваць свае прыватныя дамы, і дамы даволі дыхтоўныя, дзесьці ад пяці да дзесяці адсоткаў. Намячаецца тэндэнцыя: колькасьць такіх людзей расьце. Сам факт пабудовы дому падштурхоўвае да заробку грошай. Багатых дамоў даволі многа. Робяць і выдатныя дарагія каміны. Дарэчы, сучасныя каміны моцна эканомяць газ, электрычнасьць. Такія каміны каштуюць ад 300 даляраў да 5 тысяч... Робяць вадаёмы сярод газонаў, дзе могуць вясьціся розныя дэкаратыўныя рыбы. Я павінен сказаць, што сёньня ўжо сотні людзей, якія пабудавалі дамы, імкнуцца да гэтага”.

Дарэчы, на адзін квадратны мэтар сучаснага азеляненьня патрабуецца прыблізна 5 даляраў. А 6 сотак газону абыдуцца 3 тысячы.

Атрымліваецца, працэс сацыяльнага падзелу грамадзтва набірае моц. І найперш, як сьведчаць сацыёлягі й пра што кажуць дасьледчыкі, ідзе фармаваньне сярэдняй клясы. Партрэт яго пакуль размыты, ён вельмі далёкі ад таго, каб скласьці траціну грамадзтва й болей, як гэта зафіксавана ў цывілізаваных дэмакратычных краінах сьвету. Аднак ён ужо існуе ў рамках наступных матэрыяльна-маёмасных прыкметаў заможнасьці. “Вілка” ніжняга “сярэдняга” беларуса — 100–150 даляраў даходу на кожнага члена сям’і, “прамежкавага” або “сярэдняга” — 250–300 даляраў, і, нарэшце, “вышэйшага” сярэдняга беларуса — 400–500 “умоўных адзінак”.

На думку кіраўніка лябараторыі сацыялягічных дасьледаваньняў “Новак” Андрэя Вардамацкага, бяда прадстаўнікоў айчыннай сярэдняй клясы толькі ў тым, што яны жывуць у краіне, якая проста не дазваляе ім рэалізаваць свой прафэсіяналізм, адукаванасьць, камэрцыйныя здольнасьці. Але пры першых прыкметах эканамічнай лібэралізацыі, палітычнага курсу дзяржавы гэтыя людзі хутка разбагацеюць і пацягнуць за сабой тых, хто зараз толькі на далёкіх подступах да заможнасьці. Іх, на жаль, пакуль большасьць.
XS
SM
MD
LG