Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ “КАНЦЭРТ ПАРОЖНІХ РОНДЛЯЎ” НЕ АДБЫЎСЯ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Акцыю “За лепшае жыцьцё!” ў Магілёве меркавалася пачаць з рынкаў, дзе гандлююць прыватныя прадпрымальнікі. Яны плянавалі правесьці аднадзённы папераджальны страйк. Аднак сёньня страйкаваць вырашылася прыкладна чвэрць гандляроў, астатнія працавалі.

А 15-й гадзіне ўдзельнікі акцыі сабраліся ля будынка Магілёўскага гарвыканкаму для “Канцэрту пустых рондляў”. Прыйшло больш за 30 чалавек — прадстаўнікі руху “Зубр”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, грамадзкай арганізацыі “Прыватная ўласнасьць”, прадпрымальнікі і студэнты.

У сытуацыю ўмяшаліся супрацоўнікі міліцыі. Яны настойліва тлумачылі ўдзельнікам акцыі, што тыя ня маюць дазволу ўладаў на правядзеньне “Канцэрту парожніх рондляў” і заклікалі не парушаць закон. Да таго ж, паводле міліцыянтаў, грукаць у рондлі ў любым месцы гораду забаронена Адміністрацыйным кодэксам.

У выніку канцэрт так і не адбыўся, а арганізатары акцыі абмежаваліся падпісаньнем усімі ўдзельнікамі ліста да кіраўнікоў вобласьці і гораду Магілёва. “Сёньня перад намі адная праблема — жабрацтва, — гаворыцца ў лісьце пратэсту. — Мы супраць пагаршэньня жыцьця і бяспраўя”.

Магіляўчане, якія бралі ўдзел у акцыі “За лепшае жыцьцё!”, запатрабавалі ад уладаў падвышэньня заробкаў, пэнсіяў і стыпэндыяў, памяншэньня коштаў на камунальныя паслугі, бясплатнага мэдыцынскага абслугоўваньня, зьніжэньня ўзроўню беспрацоўя і стварэньня ўмоваў для разьвіцьця прадпрымальніцтва.
XS
SM
MD
LG