Вырак маладога судзьдзі Аляксандра Хоміча ў адміністрацыйнай справе супраць спадара Карніенкі па сутнасьці дубляваў ранейшую пастанову судзьдзі Ганны Новік, адмененую касацыйнай інстанцыяй паводле скаргі грамадзкага аб’яднаньня.
І раней, і цяпер старшыню “Грамадзянскіх ініцыятываў” абвіначваюць у парушэньні дэкрэту Лукашэнкі №8. Дакладней, у выкарыстаньні кампутараў, атрыманых ад замежных фундатараў, для правядзеньня выбараў і незалежнага назіраньня.
Кампутары “Ініцыятываў” яшчэ летась незадоўга да выбараў прэзідэнта сканфіскавала ўпраўленьне КГБ. На падставе ліста ўпраўленьня падаткоўцы і склалі адміністрацыйны пратакол. Гэта адбылося пасьля таго, як “Ініцыятывы” зьвярнуліся ў гаспадарчы суд з пазовам супраць упраўленьня КГБ, што яна гвалтоўна завалодала маёмасьцю грамадзкага аб’яднаньня.
Старшыня “Ініцыятываў” Карніенка, шматлікія сьведкі ва ўсіх судовых інстанцыях даказваюць: тэхніка сканфіскаваная з грубымі парушэньнямі заканадаўчых нормаў. Яна не была нават апячатаная, не ідэнтыфікаваная ў шэрагу іншых сканфіскаваных кампутараў. За гэта, як сам прызнаўся ў судзе дазнаўца УКГБ Сьцепаненка, ён атрымаў службовае спагнаньне.
Спэцслужбы нейкім чынам знаходзілі інфармацыю пра выбары нават на няспраўных кампутарах. Апроч таго, сышлі і тэрміны адміністрацыйнага пакараньня. Аднак усё гэта ніколькі не зьбянтэжыла судзьдзю Хоміча пры вынясеньні пастановы.
Вось што мяркуе пра ўчынены судовы перасьлед аштрафаваны на мільён рублёў Віктар Карніенка:
(Карніенка: ) “Адна рэч дастаткова брыдкая. У гэтай справе бярэ ўдзел вельмі шмат маладых людзей. Яны абсалютна не адчуваюць сябе няўтульна ў мундзірах дзяржаўных службоўцаў той краіны, якую яны агульнымі намаганьнямі выставілі на пасьмешышча”.