Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ТОЛЬКІ ПЯТАЯ ЧАСТКА ШКОЛЬНІКАЎ ВУЧАЦЦА ПА-БЕЛАРУСКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёлета ў рэгіёне школу зь беларускім навучаньнем заканчваюць на 3 тысячы дзяцей меней, чым у папярэднім навучальным годзе, калі міністэрскай праграмы пашырэньня ўжытку беларускай мовы ў сыстэме адукацыі яшчэ не было.

Абласное ўпраўленьне адукацыі наагул ня ставіць за мэту павелічэньне колькасьці школьнікаў, што набываюць веды на роднай мове. Распавядае намесьніца начальніка ўпраўленьня Лідзія Кацегава:

(Кацегава: ) “Мы такой задачы ня ставім на той падставе, што мы нашу палітыку будуем, зыходзячы з патрэбаў бацькоў, сям’і. Калі бацькі патрабуюць ад нас пашырыць колькасьць клясаў і дзяцей зь беларускім навучаньнем, тады — калі ласка”.

Паводле ейных словаў, пашырэньне ўвагі да беларускай мовы ўпраўленьне адукацыі зьвязвае з абсталяваньнем у школах музэяў, правядзеньнем алімпіядаў, напісаньнем па-беларуску візуальнай інфармацыі.

Наагул чыноўнікі спрабуюць за агульнай статыстыкай схаваць сапраўдны стан з навучаньнем школьнікаў на роднай мове. У афіцыйных паперах фігуруюць такія лічбы: у рэгіёне 387 школаў (альбо 55%) маюць беларускую мову навучаньня. Пры гэтым асабліва не афішуецца, што ўсе згаданыя школы — сельскія, малалікія.

Насамрэч у рэгіёне з 227 тысяч школьнікаў толькі 44 тысячы (пятая частка) навучаюцца па-беларуску. У такіх буйных гарадах як Мазыр, Рэчыца, Жлобін няма ня толькі школаў, але нават і асобных клясаў з выкладаньнем усіх прадметаў на роднай мове.

Летась зьліквідавалі беларускамоўную гімназію ў Сьветлагорску.

У абласным цэнтры засталася адзіная гімназія на 600 чалавек з роднай мовай навучаньня. Яе дырэктарка Тацяна Цыганок перад кожным навучальным годам вытрымлівае немалы ціск — рознага кшталту адміністратары спрабуюць перавесьці навучаньне першаклясьнікаў на расейскую мову. А іх усяго ў гімназіі 40. Гэтулькі будзе і ў верасьні, што складзе, як і цяпер, менш як 1% ад агульнай колькасьці гарадзкіх першаклясьнікаў. Для параўнаньня: у 1994 годзе ў школах абласнога цэнтру на роднай мове навучалася 76% тых, хто прыйшоў у першую клясу.

Цяпер бацькі адкрыта заяўляюць, што пасьля школы ніводная навучальная ўстанова ня дасьць магчымасьці іхным дзецям працягваць адукацыю па-беларуску.
XS
SM
MD
LG