Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫЕМСТВЫ ПАКІДАЮЦЬ ГОМЕЛЬСКУЮ СВАБОДНУЮ ЭКАНАМІЧНУЮ ЗОНУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Зараз у свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон” зарэгістравана 37 рэзыдэнтаў з 11 краінаў. Пяць — з Расеі, чатыры — з Чэхіі, тры — з Ізраілю і Ліхтэнштэйну ды некаторых іншых краінаў. Яны займаюцца перш за ўсё выпускам упаковачных матэрыялаў, плястмасавых шыбаў, клейкіх стужак, коркаў для бутэлек.

Складаную тэхніку (швейныя машыны) выпускае хіба толькі чэска-беларускае прадпрыемства “Чэбел”, а таксама сталыя гомельскія заводы –“Ратон”, “Гомелькабэль”, “Электраапаратура”, “Карал”, якія тэрытарыяльна знаходзіліся ва ўтворанай свабоднай эканамічнай зоне. Да прыкладу, адзін толькі “Гомелькабэль” дае амаль траціну ўсяго экспарту зоны.

Летась “зона” мела адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда. Іншымі словамі, у свабодную зону завезена імпартнай сыравіны, абсталяваньня, матэрыялаў на 1 мільён 81 тысячу даляраў болей, чымсьці адпраўлена прадукцыі на экспарт.

Усё гэта вымушае ўлады канстатаваць, што за чатыры гады існаваньня зоны сюды не прыйшло значных інвэстыцыяў і новых тэхналёгіяў.

Распавядае намеснік старшыні аблвыканкаму ў пытаньнях эканомікі Ўладзімер Патупчык:

(Патупчык: ) “На жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што ня толькі ў нашай свабоднай эканамічнай зоне, але і ва ўсіх астатніх зонах вялікага прарыву мы не атрымалі. Гэта праблема, над якой нам варта разам думаць — і адміністрацыі свабоднай зоны, і кіраўніцтву вобласьці ды кіраўніцтву краіны ў цэлым”.

Летась гомельскую зону пакінулі восем рэзыдэнтаў. Сем зь іх, прадпрымальнікі зь Нямеччыны, Польшчы, Літвы, наагул не распачыналі гаспадарчай дзейнасьці. Рэзыдэнты патрабуюць стабільнага падатковага, мытнага заканадаўства. І наагул – пэўных правілаў гульні. У прыватнасьці, дырэктар прадпрыемства “Чэбел” Яраслаў Бедэрка заяўляе, што пасьля ягонай скаргі ў гарадзкую інспэкцыю на неабгрунтаваныя санкцыі, падаткоўцы літаральна за ноч зьнялі з рахунку 12 мільёнаў рублёў.

У ганконгскага прадпрыемства “Айчына”, што зьбіралася стварыць у гомельскім аэрапорце адмысловы тэрмінал, у банку “Пошук” заблякавалі ажно 2 мільёны даляраў.

Вось што сказаў аб сытуацыі ў зоне намесьнік кіраўніка ейнай адміністрацыі Ўладзімер Трацякоў:

(Трацякоў: ) “Кожны год дзяржава прыдумляе новыя зборы. Падаткі ўсе стабільна вызначаныя, а вось зборы, якія плацяць рэзыдэнты, — зборы кожны год прыдумляюць новыя. Назвы іх мяняюць, адсоткі – і мы вымушаны гэтыя зборы плаціць.

Напрыклад, збор з выручкі на 2,5%. Уведзены ён у 2000 годзе – і вось зараз група нямецкіх прадпрыемстваў заявіла: “Пакуль ня скажаце, што зборы гэтыя плаціць ня будзем, датуль ня будзем укладаць інвэстыцыі”. І не таму, што для іх гэта ноша невыносная. Не! Проста яны ведаюць, калі не дамагчыся стабільнасьці, заўтра прыдумаюць што-небудзь іншае”.

XS
SM
MD
LG