Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЬ ВІЦЕБШЧЫНЫ БАРОНІЦЬ ВІЦЕБСКІЯ “КУРАПАТЫ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Паміж вёскамі Паляі ды Вароны ўздоўж дарогі зь Віцебску на Смаленск знаходзіцца адно з пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на Віцебшчыне. Яно вядомае навакольным жыхарам пад тутэйшай назвай “Расстрэльнае месца”. Догляд за гэтым пахаваньнем стаўся традыцыяй віцебскага незарэгістраванага моладзевага аб’яднаньня “Сёмая грань”.

Ужо трэці год запар “семігранцы” прыбіраюць тут сьмецьце ды ўскладаюць кветкі да вялікага драўлянага крыжа, усталяванага на гэтым месцы. Дарэчы, хто і калі ўсталяваў яго тут, дакладна не вядома.

Паводле словаў кіраўніцы аб’яднаньня “Сёмая грань” Вольгі Карач, каля дзесяці год таму ўзбоч дарогі аднойчы зьявіўся просты драўляны крыж з умацаваным на ім вянком з калючага дроту. Але нехта зруйнаваў гэты саматужны помнік… Летась яго замяніў новы драўляны крыж, а на прымацаванай шыльдзе быў зроблены надпіс “Ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў”.

Апошняя вандроўка сяброў “Сёмае грані” на гэтае памятнае месца адбылася літаральна некалькі дзён таму, 9-га сакавіка. Паводле іхных назіраньняў, нехта яшчэ наведаўся да крыжа апошнім часам, і ў выніку з крыжа зьнікла памятная шыльда.

Усхвалявала “семігранцаў” і яшчэ адна акалічнасьць: уздоўж дарогі ды вакол крыжа вядзецца высечка лесу. Вельмі падобна, што тут таксама плянуецца пашырэньне аўтатрасы, і ў гэткім выпадку “семігранцы” вырашылі бараніць гэтае памятнае месца паводле прыкладу абаронцаў менскіх Курапатаў.
XS
SM
MD
LG